Па ўсёй краіне працягваюцца масавыя звальненні людзей, апазіцыйна настроеных да дзейнага палітычнага рэжыму. З Віцебскага тэатра, на сцэне якога быў паказаны падазроны з ідэалагічнага гледзішча спектакль, вымушаны былі сысці дырэктар і трое акцёраў. З «Гомсельмашам» не па сваёй волі развіталіся нямала чалавек. Кажуць, перад адміністрацыяй Нацыянальнага гістарычнага музея пастаўлена нечуваная раней задача – звольніць усіх супрацоўнікаў, якія як быццам не падзяляюць дзяржаўную палітыку. Колькасць жа ўсіх пазбаўленых працы па палітычных матывах настаўнікаў, медыкаў, навукоўцаў, рабочых, журналістаў дзяржаўных СМІ ды іншых спецыялістаў пайшла ўжо калі не на тысячы, то на сотні дакладна.

Дасведчаныя людзі сцвярджаюць, што засакрэчаныя спісы на звальненне кіраўнікам устаноў прыходзяць з КДБ. Там нібыта створаны спецыяльныя структуры па выяўленні нядобранадзейных. Падліваюць масла ў агонь і высокапастаўленыя ідэолагі, для якіх гэтыя выяўленні сталі сёння першачарговай задачай. Так, новаспечаная начальніца Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінгарвыканкама Вольга Чамаданава публічна агучыла недвухсэнсоўную ўстаноўку: «Мы не можем допустить на наши предприятия людей, не уважающих нашего президента и существующую символику».

Што ж, у кожнай Палашкі свае замашкі, але ў дадзеным выпадку «замашкі», на жаль, абарочваюцца канкрэтнымі (і незаконнымі) звальненнямі. І такой бяды, што, да прыкладу, у мазаўскі цэх заўтра прыйдуць работнікі, якія блытаюць поршань з рашпілем, а кампрэсію з кампрэсам. Затое – «паважаюць». Павага тая, відаць, будзе вымярацца нейкім спецпрыборам на прахадной…

Што да розных спісаў, то адзін з іх мне нядаўна трапіўся на вочы. Не ў хакераўскім тэлеграм-канале, што перахоплівае перапіску спецслужбаў, а на старонках «СБ». Спіс складзены Андрэем Мукавозчыкам, які за сваю прапагандысцкую дзейнасць ужо трапіў пад санкцыі Еўрасаюза. Ён вялікі, на дзве паласы, з кароткімі здзеклівымі характарыстыкамі 54 асоб (пераважна супрацоўнікаў дзяржаўных музеяў). З агучваннем імёнаў-прозвішчаў і пасад. З патрабаваннем (так!) да кіраўніцтва, не марудзячы, звольніць названых.

За што? О, тут варта пералічыць «злачынствы» музейшчыкаў, наадкапаныя аўтарам у сацыяльных сетках. Гэта ж не паленаваўся пагрэбціся ў розных «фэйсбуках» і «аднакласніках», прасеяць праз сваю ідэалагічна цнатлівую сятчатку тысячы лайкаў, смайлікаў ды іншага эмацыйнага драбноцця!

Вось дырэктар аднаго з музеяў на сваёй старонцы паставіў «свечку» па забітым пратэстоўцы. Ну, такі народны звычай. А для Мукавозчыка свечка тая – гвалт і каравул. Сам ён, відаць, калі забілі Аляксандра Тарайкоўскага, скакаў ад радасці.

Вось супрацоўніца другога музея выйшла на музейны ганак з плакацікам «Я супраць гвалту». І Мукавозчык (атрымліваецца, ён любіць, каб яго гвалцілі), адсцябаўшы жанчыну розгамі свайго хамавіта-цынічнага сарказму, раіць ёй выходзіць лепш «на панель или сразу на кладбище»… Над гэтай парадай мне міжволі ўспомніўся кантужаны на вайне вахцёр нашага студэнцкага інтэрната, які ў прыпадку шчырасці сам пра сябе гаварыў так: сем вінцікаў на фронце, адзін у рамонце. Кантузіць, як выглядае, можа і на інфармацыйнай вайне.

А вось яшчэ адна супрацоўніца музея захацела, бачыце, «людзьмі звацца» – жаданне, на думку Мукавозчыка, несумяшчальнае з працай у дзяржустанове. Як і выраз «пахне чабор», які неабачліва перапосціла на сваёй старонцы другая маладзіца, каляжанка першай. Янка Купала з Петрусём Броўкам на тым свеце ў трунах пераварочваюцца, дачуўшыся, у якім выкрывальніцкім кантэксце цытуе іх Мукавозчык на старонках дзяржаўнай газеты.

Ці разумее ён, што напісаў данос? Менавіта данос, а не журналісцкае расследаванне ці інфармаванне. Інфармаванне – гэта калі хтосьці парушыў закон, а сведка паведаміў куды трэба. З названых Мукавозчыкам людзей ніхто ніякіх законаў і нават патрабаванняў працоўнага кантракту не парушыў, усе іх «злачынствы» (пералічаныя мной і ім падобныя) узніклі ў асобна ўзятай галаве гора-журналіста (паводле адукацыі ён фізік). Які з нумара ў нумар усё выкрывае і выкрывае, усё называе і называе «ворагаў улады», якія перашкаджаюць яму жыць у гэтай краіне. А паколькі выкрыванне-называнне адбываецца на старонках газеты, з якой пачынаецца раніца ўсіх беларускіх чыноўнікаў, то вынікі прадугледзець нескладана.

«Какое количество штатных единиц в ближайшее время обещает стать вакантными! Не может не стать», – злараднічае Мукавозчык і зноў пайменна называе гэтак ненавісных яму «скорбящих не той скорбью», «пахнечабористых» и «бэчебэшных». Асабліва не любіць ён супрацоўнікаў розных музеяў – «обузу для бюджета». А супрацоўнікі тыя – святыя людзі! – за капейкі з года ў год цягнуць воз айчыннай культуры, у якім то кола адваліцца, то збуцвелая аглобля зламаецца, то шворан на калдобіне выскачыць.

«Некуда идти!» – лямантуе Мукавозчык, сабраўшыся з сямейнікамі на выхадныя ў музей. Бо паўсюль, маўляў, акапаліся замаскіраваныя апазіцыянеры. І сапраўды, лепш яму не хадзіць па музеях. Бо даносчыкаў не любяць асабліва там. Паколькі добра ведаюць пра іх ганебную ролю ў гісторыі.

«Цар вавілонскі Навухаданосар заўсёды чакаў на вуха даносаў», – пісаў адзін паэт, які перажыў сталінскую эпоху, калі даносы таксама заахвочваліся ўладай. Напісаў з надзеяй, што жанр гэты сыдзе нарэшце ў нябыт.

Не сышоў, гэта надзіва жывучы жанр. У сённяшняй Беларусі ён зноў запатрабаваны і распаўсюджваецца па краіне з хуткасцю пандэміі.

Нашчадкі Навухаданосара зноў у фаворы.

Ці разумеюць тыя, хто падлівае масла ў агонь, што можа ўспыхнуць пажар? Вялікі пажар.

Публікацыя з № 94 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»