Міністэрства замежных спраў Беларусі паведаміла пра тое, што рыхтуецца забарона на ўвоз у Беларусь тавараў з краін, якія «ўжываюць незаконныя антыбеларускія санкцыі». Адпаведная заява ў панядзелак з’явілася на старонцы ведамства ў «Фэйсбуку».

У паведамленні сказана, што такое рашэнне прынята «ў якасці мер у адказ на незаконны знешні санкцыйны ціск, накіраваны на падрыў суверэнітэту Беларусі і пагаршэнне дабрабыту беларускіх грамадзян».

Удакладняецца, што адпаведная пастанова будзе падпісана «ў самыя кароткія тэрміны».

«Будуць прыняты неабходныя меры для насычэння ўнутранага рынку аналагічнымі таварамі з дружалюбных краін», – піша МЗС.

Нагадаем, што санкцыі ў дачыненні да Беларусі ўвёў Еўрасаюз, ЗША, Вялікабрытанія і Канада. Такім чынам, мы маем усе шанцы атрымаць на паліцах магазінаў кітайскія тавары замест нямецкіх альбо расійскія замест французскіх.

Акрамя таго, згодна з паведамленнем МЗС, беларускія ўлады пашырылі спісы асоб, «чый уезд на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь і Саюзнай дзяржавы непажаданы».

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»