Мастак Алесь Пушкін

Жонка мастака Алеся Пушкіна распавяла «Народнай Волі», што муж па-ранейшаму знаходзіцца ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры псіхічнага здароўя ў Навінках.

Нагадаем: 30 сакавіка Алеся Пушкіна затрымалі ў вёсцы Жылічы Кіраўскага раёна, дзе ён працаваў на рэстаўрацыі палаца Булгакаў.

Мастак – фігурант крымінальнай справы, якую распачала пракуратура паводле ч.3 арт.130 Крымінальнага кодэкса (распальванне варожасці): «за ўчыненне наўмысных дзеянняў, накіраваных на рэабілітацыю і апраўданне нацызму». Падставай для гэтага стаў напісаны ім партрэт антысавецкага падпольшчыка, які быў выстаўлены ў прыватным «Цэнтры гарадскога жыцця» ў Гродне.

Пазней прэтэнзіі ў следчых узніклі і да цыкла твораў мастака, якія ён стварыў… больш за 20 гадоў таму!

А ў мінулым месяцы з’явілася інфармацыя, што Алеся Пушкіна з СІЗА накіравалі ў псіхіятрычную лякарню ў Навінках – быццам бы для правядзення экспертызы.

«Калі нічога не змянілася, то, значыцца, муж ужо каля месяца знаходзіцца ў Навінках, – кажа Яніна Пушкіна. – На жаль, інфармацыі ніякай не маю, бо, як вядома, адвакат знаходзіцца пад падпіскай аб неразгалошванні.

Знікла з Алесем і сувязь праз ліставанне. Калі з ізалятара больш-менш нармальна
прыходзілі лісты, то апошні атрымала больш за месяц таму. Хаця ў ім муж ніякім чынам не згадваў, што яго могуць змясціць у псіхіятрычную лякарню. З таго часу – поўная цішыня…»

Публікацыя з № 94 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»