(Працяг. Пачатак у №№77–84, 86–93.)

17. Антоній Тызенгаўз (1733 г. – 31 сакавіка 1785 г.)

Антоній Тызенгаўз – дзяржаўны і грамадскі дзеяч Вялікага Княства Літоўскага.

А.Тызенгаўз нарадзіўся ў мястэчку Наваельня Навагрудскага павета (цяпер Дзятлаўскі раён Гродзенскай вобласці). Паваротным момантам у яго жыцці стала сустрэча са Станіславам Панятоўскім у Воўчыне. Як піша польскі пісьменнік М.Брандыс, яны «разам уваходзілі ў першыя тайны палітыкі. Разам засвойвалі праграму прагрэсіўных рэформащ Чартарыйскіх»

Сяброўства А.Тызенгаўза з С.Панятоўскім паспрыяла пачатку яго бліскучай кар’еры. У 1761 годзе Антонія абралі паслом на сейм у Варшаве, у 1763-м – прызначылі вялікім пісарам літоўскім, у 1764-м – вялікім канюшым літоўскім. На каранацыйным сейме С.Панятоўскі, які стаў каралём, узнагародзіў яго ордэнам Св.Станіслава, прызначыў арандатарам брэсцкай, шаўляльскай і гродзенскай каралеўскіх эканомій і ўпраўляючым каралеўскімі манафактурамі. У 1765 годзе А.Тызенгаўз стаў надворным падскарбіем літоўскім і старостай гродзенскім. Ён задумаў у кароткі тэрмін стварыць у адсталай земляробчай краіне ўсе галіны прамысловасці, якія існавалі ў іншых развітых дзяржавах Еўропы. Для гэтага ў яго былі ўлада, фінансы, неабмежаваны давер караля, а таксама паплечнікі.

Прадмесце Гродна Гарадніца стала цэнтрам гаспадарчых і культурных рэформаў. За 15 гадоў А.Тызенгаўз пабудаваў тут 50 будынкаў. Польскі публіцыст Ю.Выбіцкі пісаў, што «Гарадніца магла б знаходзіцца і ў Галандыі». А.Тызенгаўз адкрыў звыш 20 мануфактур, 16 з якіх знаходзіліся ў межах сучаснага Гродна. На каралеўскіх мануфактурах працавалі да трох тысяч прыгонных рабочых і каля 400 вучняў з гарадзенскіх жыхароў, да 70 майстроў і наглядчыкаў з Францыі, Італіі, Германіі, Расіі, Швейцарыі. На іх выраблялі тое, што спажывала шляхта і магнацтва, – панчохі, сукно, палатно, шаўковыя матэрыі, літыя паясы, падобныя да слуцкіх, карункі, ювелірныя вырабы, экіпажы накшталт парыжскіх, шкляны посуд, металічныя вырабы, піва. У ваколіцах Брэста працавалі суконная і медзяная мануфактуры, металічная гута, тартак, некалькі млыноў. У Шаўлях была фабрыка палатна, у Магілёве – зброі, у Паставах – цагельня, млыны, ткацкія варштаты, папяровая мануфактура, гарбарня, па розных месцах эканомій – водныя і ветраныя млыны, алеярні, крупярні, бровары, гарбарні. Інтэнсіўна экплуатаваліся лясы і пушчы. А.Тызенгаўз будаваў новыя дарогі, рамантаваў старыя гасцінцы, узводзіў масты і плаціны, расчысціў рэчышча Нёмана ад Гродна да Віліі, пабудаваў Каралеўскі канал, па якім можна было адпраўляць прадукцыю да партоў Каспійскага і Чорнага мораў.

Пільную ўвагу звярнуў А.Тызенгаўз на адукацыю. У Гродне ўзніклі будаўнічая, бухгалтарская, медыцынская (са шпіталем), музычная школы, школы землямераў, каморнікаў, кадэцкі корпус. Французскі прафесар Жан Эмануэль Жылібер стварыў у Гродне Каралеўскі батанічны сад, дзе ў 1778 годзе было каля дзвюх тысяч відаў дрэў, кустарнікаў, траў, імхоў. Планавалася адкрыццё астранамічнай абсерваторыі, для якой закуплялася абсталяванне ў Галандыі, Германіі, Англіі. З-за адстаўкі А.Тызенгаўза не адкрылася ў Гродне акадэмія навук.

Шмат зрабіў ён у галіне культуры. У 1765–1780 гадах у Гродне існавала капэла, якая ў 1779 годзе налічвала 30 музыкантаў і 7 «хлопцаў з капэлы». Створаны тэатр меў вакальную групу і балетную трупу. Пасля адстаўкі А.Тызенгаўза гродзенскія музыканты і артысты выступалі на сцэне Варшаўскай оперы і балета. У будынку езуіцкай калегіі была заснавана каралеўская друкарня, у якой выдавалі падручнікі, малітоўнікі, адну з першых на тэрыторыі Беларусі «Газэту Гродзеньску», «Каляндар гаспадаркі Літоўскі».

У 1780 годзе А.Тызенгаўз быў адхілены ад кіраўніцтва каралеўскімі эканоміямі. Некаторы час ён жыў у віленскім прадмесці Сніпішкі, а потым – у Варшаве.

У Фарным касцёле Гродна ўстаноўлены помнік А.Тызенгаўзу. Яго імя носяць плошча ў Гродне і мясцовыя капэла і мастацкая галерэя.

Памёр у Варшаве. Пахаваны ў фамільным склепе кармяліцкага кляштара мястэчка Жалудок (цяпер Гродзенская вобласць). Сёння яго астанкі знаходзяцца ў склепе касцёла Ушэсця ў Жалудку.

Публікацыя з № 94 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»