Алег Калінкоў. Фота: Міхал КАРНЕВІЧ / "Народная Воля"

У Гродне ліквідуюць грамадскае таварыства абароны правоў спажыўцоў «Рэвізор». Рашэнне ўжо прынята абласным судом. Юрысты таварыства абскарджваюць яго ў Вярхоўным судзе.

Грамадскае таварыства аховы правоў спажыўцоў «Рэвізор» існуе ў Гродне з 2014 года. Пазоў на яго ліквідацыю ў суд падало Упраўленне юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама. Паводле слоў юрыста таварыства Алега Калінкова, афіцыйная прычына ліквідацыі «Рэвізора» – таварыства не прадставіла ў належныя тэрміны ва Упраўленне юстыцыі неабходныя дакументы для правядзення праверкі дзейнасці.

«Займаліся сеткавымі махлярамі»

Згадваючы пра тое, як у 2014 годзе з’явілася грамадскае таварыства абароны правоў спажыўцоў, юрыст распавядае, што ў той час небывалы размах набыло махлярства праз продаж на прэзентацыях самых розных тавараў.

«Падманутыя – як правіла, людзі сталага веку – на прэзентацыях за шалёныя грошы набывалі звычайны беларускі посуд, «цуда-коўдры», пыласосы, іншыя тавары. Для гэтага бралі крэдыты альбо аддавалі апошнія зберажэнні, – распавядае юрыст. – Потым, калі выяўлялі падман самі альбо часцей іх дзеці, шукалі юрыдычнай абароны, каб вярнуць свае грошы».

З мэтай абароны звычайных пакупнікоў Калінкоў і зарэгістраваў грамадскае таварыства па абароне правоў спажыўцоў. За перыяд існавання з 2014 года па дапамогу да юрыстаў таварыства звярнуліся дзесяць з паловай тысяч чалавек. Дзеля правядзення кансультацый арганізавалі чат у сацыяльнай сетцы «ВКонтакте», куды са сваімі праблемамі звяртаюцца людзі не толькі з усёй Беларусі, а часам з Расіі і Казахстана.

Калінкоў сцвярджае, што за перыяд дзейнасці ім удалося спыніць працу больш як дзесяці фірмаў, якія займаліся махлярствам у дачыненні да спажыўцоў, штогод праз суд скасоўвалі да 200 дамоў куплі-продажу з нячэснымі прадаўцамі. Паводле падлікаў юрыста, штогод спажыўцам вярталі да паўмільёна долараў (у эквіваленце). Сума штрафаў, якія махляры паводле рашэнняў судоў вымушаны былі выплаціць у бюджэт, штогод даходзіла да 30 тысяч рублёў.

Што здарылася?

Спадар Калінкоў кажа, што за час сваёй дзейнасці таварыства набыло пэўны аўтарытэт не толькі сярод спажыўцоў, а і ў судах, органах выканаўчай улады, Міністэрстве гандлю, ва ўпраўленні юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама да іх ставіліся з павагай. «Калі мы браліся за справу і ішлі з падманутымі спажыўцамі ў суд, то гэта азначала, што справа будзе выйграна, – кажа юрыст. – Мы вельмі скрупулёзна ставіліся да кожнага выпадка».

Праблемы ў гродзенскіх абаронцаў спажыўцоў пачаліся пасля таго, як яны сталі накіроўваць пазовы да банкаў, якія выдавалі пад набыццё таго ці іншага тавару крэдыты.

Да прыкладу, чалавек браў у банку крэдыт для набыцця тавару. Набываў, скажам, дарагі пыласос, але, выявіўшы, што на прэзентацыі яго падманулі з цаной, вяртаў тавар назад, і фірма, якая яго прадавала, павінна была вярнуць крэдыт банку, паколькі паміж банкам і фірмай існавала такая дамоўленасць.

«А на самай справе, – кажа Калінкоў, – фірма крэдыт не вяртала, а банк працягваў спаганяць яго з пакупніка, які ў выніку не меў ні тавару, ні грошай».

Рашэнні па такіх справах, кажа мой суразмоўцы, суды пачалі выносіць розныя: адныя прымушалі банкі скасаваць крэдытную дамову са спажыўцом і спаганяць грошы з фірмаў, другія не прымалі довады абаронцаў правой спажыўцоў да ведама і абавязвалі гаротных пакупнікоў выплачваць крэдыты.

«Мы пачалі падаваць пазовы да банкаў, якія адмаўляліся скасоўваць крэдытныя дамовы спажыўцоў з фірмамі, – распавядае юрыст. – Нашы патрабаванні былі законныя: паколькі банк мае дамову аб вяртанні крэдыту, дык калі спажывец вярнуў тавар, то і прэтэнзіі павінны накіроўвацца фірме, у якой засталіся грошы, а не да пакупніка, які не мае ні тавару, ні крэдытных грошай».

Менавіта ў гэты перыяд таварыства аховы правоў спажыўцоў атрымала прадпісанне ад Упраўлення юстыцыі прадаставіць дакументацыю таварыства для праверкі яго дзейнасці. Калінкоў кажа, што, у прынцыпе, нічога незвычайнага ў гэтым не было, і ён адаслаў каля 90% неабходных дакументаў, якія былі ў электронным выглядзе.

«Пазней па пошце мне прыйшоў ліст з Упраўлення юстыцыі, дзе гаварылася, што вынесена папярэджанне за тое, што не ўсе дакументы прадастаўлены», – згадвае спадар Алег.

Ён паўторна данёс неабходныя дакументы, але яму сказалі, што не ўклаўся ў тэрміны. Упраўленне юстыцыі накіравала пазоў у суд, і арганізацыя была ліквідавана на падставе паўторнага непрадастаўлення неабходных дакументаў для праверкі яе дзейнасці.

«Самае прыкрае, што тыя дакументы, якія я несвоечасова прадаставіў, не мелі значнасці – яны датычыліся штатнага раскладу на год, што, у прынцыпе, ніяк не ўплывала на дзейнасць таварыства», – удакладняе юрыст.

Пры чым тут палітыка?

Ліквідацыя грамадскага таварыства абароны правоў спажыўцоў «Рэвізор» супала з перыядам, калі ў сілу палітычных прычын у Беларусі скасавалі мноства грамадскіх арганізацый. Тым часам Калінкоў ніяк не мог сабе і блізка ўявіць, што іх таварыства маглі скасаваць з такіх прычын.

«Пры чым тут палітыка, калі мы рэальна дапамагалі тысячам людзей, прыносілі грошы ў бюджэт?» – задаецца пытаннем юрыст.

Параіўшыся з калегамі, Калінкоў напісаў скаргу ў Камітэт дзяржаўнага кантролю, падрабязна распавёў аб сваёй дзейнасці і яе выніках, аб фірмах, якія займаюцца махлярствам, а таксама прывёў факты ўзаемадзеяння такіх фірмаў з чыноўнікамі. Адтуль заяву перанакіравалі ў пракуратуру.

«А з пракуратуры прыйшоў адказ: маўляў, вас ліквідавалі, апеляцыйнай скаргі вы не падавалі, і ў вас ёсць магчымасць звярнуцца ў міліцыю», – падсумоўвае юрыст.

Спадар Калінкоў падаў апеляцыйную скаргу ў Вярхоўны суд і чакае вынікаў.

«Ведаеце, за гады гэтай працы я практычна не меў выхадных, часам даводзілася ў адзін толькі дзень быць прадстаўнікоў у судзе дзевяць разоў, – кажа юрыст. – Але, аказваецца, мая праца на карысць людзям і дзяржаве не патрэбна».

Калінкоў лічыць, што ліквідацыя таварыства аховы правоў спажыўцоў проста камусьці выгадна, і гэта, перакананы ён, у хуткім часе стане вядома.

Міхал КАРНЕВІЧ

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»