Леанід Судаленка

Жонка праваабаронцы Леаніда Судаленкі распавяла пра сустрэчу з мужам у СІЗА.

Нагадаем, што месяц таму Леаніда Судаленку асудзілі на 3 гады калоніі агульнага рэжыму па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: нібыта за арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, і навучанне і падрыхтоўку асоб для ўдзелу ў такіх дзеяннях, а таксама за іх фінансаванне ці іншае матэрыяльнае забеспячэнне. Суд праходзіў у закрытым рэжыме.

Аксана Судаленка пасля сустрэчы з мужам распавяла, што Леанід выглядае «злёгку стомленым, умовы ў СІЗА пакідаюць свой яркі адбітак».

«Муж беражэ сваё здароўе, але папрасіў перадаць папярэдне тыя лекі, якія могуць яму спатрэбіцца, – паведаміла яна. – Леаніда перавялі ў іншую камеру. Раней ён быў у камеры на чатыры чалавекі, а цяпер – на дзесяць. Большасць з сакамернікаў паліць, што выклікае дадатковыя цяжкасці».

Таксама жонка праваабаронцы адзначыла, што падатковая інспекцыя запрасіла дэкларацыю аб даходах Леаніда Судаленкі за 2014–2020 гады, прадастаўленне якой ва ўмовах СІЗА выглядае нерэальным: няма доступу да дакументаў, чэкаў, каб можна было даказаць, што ўсе падаткі выплачаны.

«Муж верыць: рана ці позна, але сітуацыя павінна змяніцца, – дадае Аксана Судаленка. – Нават калі яму прыйдзецца адседзець, ён усё роўна сваё сумленнае імя абароніць».

Публікацыя з № 93 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»