Беларускія прапагандысты сцвярджаюць, што Злучаныя Штаты Амерыкі і місіі заходніх назіральнікаў ніколі не прызнаюць свабоднымі і дэмакратычнымі выбары на прасторы СНД, таму не трэба звяртаць увагі на іхнія вердыкты. Ці так гэта?

Парламенцкія выбары, якія ў мінулую нядзелю прайшлі ў Кыргызстане, станоўча ацанілі і ЗША, і назіральнікі місіі БДІПЧ АБСЕ. Па выніках галасавання Злучаныя Штаты нават павіншавалі кыргызскі народ з тым, што ён змог зрабіць дэмакратычны выбар. Місія АБСЕ ў папярэдняй справаздачы таксама ніякіх сур’ёзных заўваг не выказала. І гэта нягледзячы на тое, што большасць месцаў у парламенце забралі тры прапрэзідэнцкія партыі.

Хаця некаторым падавалася, што будзе так, як у Беларусі, бо акурат напярэдадні галасавання ў Бішкеку абвясцілі пра раскрыццё змовы з мэтай захопу ўлады. А калі пасля падліку галасоў у Цэнтрвыбаркаме вывелі на экраны папярэднія вынікі галасавання, то аказалася, што занятымі будуць не 100% месцаў, а 140%. І многія ўспомнілі Мінск, Маскву, Душанбэ – постсавецкія краіны, у якіх здзяйсняюцца электаральныя цуды і якімі кіруюць «вечныя прэзідэнты». Вось толькі ў Кыргызстане далей усё адбывалася па іншым сцэнарыі.

Прэзідэнт Садыр Жапараў на «дзіўныя лічбы» адрэагаваў імгненна. Ён даў загад уручную пералічыць бюлетэні па ўсёй краіне і заявіў, што калі адбыліся фальсіфікацыі, то ЦВК будзе прыцягнута да адказнасці.

І яшчэ адна «непаралель», якую ў сённяшняй Беларусі нават немагчыма ўявіць.

Выбары ў Кыргызстане ўпершыню праходзілі па змешанай – партыйна-мажарытарнай – сістэме. І ўпершыню ў іх не брала ўдзел галоўная прэзідэнцкая партыя. Садыр Жапараў проста забараніў сваёй палітычнай сіле – партыі «Мекенчыл» («Патрыёт») – удзельнічаць у гонцы і папярэдзіў дзяржапарат, што падтрымка любой партыі за кошт адміністрацыйнага рэсурсу будзе карацца не толькі звальненнем з пасады, але і крымінальным пераследам.

Пра тое, што гэта былі не проста «правільныя словы», сведчаць назіральнікі. Вось якімі ўражаннямі падзяліўся старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра постсавецкіх даследаванняў пры Расійскай акадэміі навук Станіслаў Прыцічын:

– Адміністрацыйны рэсурс быў мінімальны. Я быў назіральнікам у многіх краінах і нідзе ў СНД такога не бачыў. Напрыклад, тое, як прэзідэнт з лютасцю змагаўся з адмінрэсурсам. Зразумела, што не з-за прыхільнасці да дэмакратыі, проста год таму на людзей «пераціснулі» – і здарылася рэвалюцыя. У Кыргызстане з гэтым вельмі моцна сталі змагацца. Таму мы атрымалі ўнікальны досвед і… катастрафічнае падзенне яўкі выбаршчыкаў.

Публікацыя з № 93 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»