Аляксей Раманаў. Фота аўтара

Аляксея Раманава праваабаронцы прызналі палітвязнем. Ён, хворы на анкалогію, зусім нядаўна вярнуўся дадому пасля адбыцця пакарання за «абразу прэзідэнта» ў калоніі строгага рэжыму. Пра суд, жыццё ў калоніі, прапанову аб датэрміновым вызваленні 51-гадовы гамяльчанін распавёў «Народнай Волі».

«Прамовіў словы ў непрыстойнай форме»

– Аляксей, вы ўжо некалькi сутак на волі. Што кінулася найперш у вочы ў нашай Беларусі, калі вы пакінулі калонію №13 у Глыбокім?

– На волі лепей сябе пачуваю – дыхаецца лягчэй. А Беларусь за год вельмі змянілася. Заўважыў, што людзі ў нас амаль не ўсміхаюцца, яны занураны ў сябе, амаль не размаўляюць. Нібыта нейкае здранцвенне наступіла, горад быццам мёртвы. Пандэмія, канешне, але ж, па-мойму, яшчэ больш паўплывала лавіна рэпрэсій, што звалілася на людзей. Адсюль і настрой адпаведны, пануры. Я не псіхолаг, выхоўваўся ў інтэрнаце, працаваў у розных калектывах – будаўнічых, прадпрымальніцкіх, нафтагазаздабываючых. Ведаю, што ў прыгнечаным стане чалавек у лепшым выпадку пасіўны выканаўца. Такі зорак з неба не дастане, пораху не выдумае. З такімі асобамі грамадства губляе свой стваральны патэнцыял. Мне падалося, што краіна наогул ператвараецца ў нейкі канцлагер. За рэзкае слова на адрас сілавікоў – за краты, пакрытыкаваў уладу – экстрэміст, дапамог аштрафаваным – арганізоўваў і фінансаваў масавыя беспарадкі. Нават за адзенне і абутак бела-чырвоных колераў на суткі саджаюць.

– Вы хоць і інвалід, але тэрмін пакарання адбылі, як кажуць, ад званка да званка. Няўжо не было прапановы пакаяцца і выйсці на волю раней?

– Былі прапановы, нават дзве. Калі шчыра, я не думаў, што мяне пакараюць пазбаўленнем волі ды яшчэ змесцяць у калоніі ў зону асаблівага рэжыму. На судзе ў Хойніках я прызнаў віну. Я і зараз кажу, што паступіў неабачліва, няправільна. У маёй крымінальнай справе адзначаецца, што я, «маючы намер публічна абразіць прэзідэнта, наўмысна прамовіў словы і фразы ў непрыстойнай форме, якія, згодна з экспертызай, змяшчаюць негатыўную ацэнку прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі».

Летась на выбарах я дапамагаў штабу Святланы Ціханоўскай. У ліпені 2020 года мы паехалі ў Хойнікі на агітацыйны пікет. Там гэта і здарылася. Кіраўнік дзяржавы не раз абражаў усіх нас, называючы «адмарозкамі», «мярзотнікамі» і ўсякімі іншымі словамі. І нічога. У Хойніках я быў эмацыйна неўраўнаважаны. Акурат мінулагодняй вясной мне выразалі з прычыны раку частку страўніка і падстраўнікавай залозы. Атрымаў інваліднасць. Ну і не стрымаўся. Супраць мяне і завялі крымінальную справу на падставе артыкула 368 Крымінальнага кодэкса. На патрабаване пракурора Судома зрабілі суд закрытым. Суддзя Кардаш адмераў мне год калоніі, хоць прыстаўленая дзяржаўная адвакатка прапаноўвала пакараць штрафам.

У зале суда мяне адразу ўзялі пад варту, не чакаючы, калі вырак набудзе юрыдычную моц. Мне стала кепска, я апынуўся ў шпіталі пад канвоем. І вось калі ўжо перавялі ў СІЗА ў чаканні этапу, мне і ўручылі ліст ад Юрыя Васкрасенскага з прапановай напісаць заяву на памілаванне. Мы з ім нават ліставаліся. На яго просьбу я і напісаў прашэнне. Расказвалі, што сотні чалавек напісалі. І толькі ў верасні з соцень тых, хто павініўся, вызвалілі ўсяго 13 чалавек. Я ў іх лік не трапіў.

– Другое прызнанне ў здзейсненай правіне – яно калі было і пры якіх абставінах?

– Гэта шмат у чым паказальная гісторыя. У калоніі стан майго здароўя пагоршыўся, мяне даймаў моцны боль у жываце, быў крывацёк з кішэчніка. Мяне перавялі з Глыбокага ў рэспубліканскі турэмны шпіталь у Мінску. Абследавалі, лячылі. Вазілі на кансультацыю ў РНПЦ анкалогіі і радыяцыйнай медыцыны. Высветлілася, што я нажыў у калоніі запаленне падстраўнікавай залозы, у кішэчніку выявілі яшчэ кісту і дабраякасную пухліну. Сказалі, што і жоўцевы пухір праблемны – яго трэба выдаляць. Гаворка вялася пра чарговую аперацыю.

Турэмны медык-маёр, якога ў шпіталі ўсе называюць «чорным лекарам», казаў, што доўга я не працягну, што засталося мне з паўгода. Раіў пагадзіцца на інтэрв’ю на камеру, прызнаць віну, пакаяцца, папрасіць прабачэння. Пасля гэтага, маўляў, мяне адразу адпусцяць дадому, каб ужо па месцы жыхарства і аперацыю рабіць, і рэабілітацыю праходзіць, бо ў турэмным шпіталі няма для гэтага ўмоў. Я быў у разгубленасці: мне не хацелася паміраць «на зоне».

У Бараўлянах, калі мяне вазілі на кансультацыю, у калідорах было столькі хворых людзей на прыём да анколагаў, што канвойныя міліцыянеры згубіліся ў гэтых чэргах. Словам, я пагадзіўся на інтэрв’ю. Быў ужо ліпень. Прыязджалі з прэс службы МУС, а таксама супрацоўнікі адной мінскай газеты, запісалі маё пакаянне на відэа. На гэтым усё і скончылася – дадому я не паехаў. Падманулі. Нават аперацыю не рабілі: «чорны лекар» даводзіў, што стаіць летняя гарачыня, магчымы ўнутраны крывацёк пасля аперацыі. Ну і вярнулі этапам назад у калонію.

«Дзякуй, людзі добрыя!»

– Адкуль браліся сілы ўсё вытрымаць, не ўпасці ў глыбокую дэпрэсію – была нейкая падтрымка, пазітыўная інфармацыя з волі?

– Я вельмі ўдзячны нашым суайчыннікам, усім беларусам, шматлікім замежнікам за маральную падтрымку, за дапамогу. Дзякуй, людзі добрыя! Кланяюся вам! Я атрымаў за месяцы знаходжання ў СІЗА і калоніі вельмі шмат лістоў і паштовак. Налічыў агулам 7 тысяч і збіўся з ліку. А яны ўсё ішлі і ішлі. Па першым часе за дзень прыходзіла і трыццаць, і сорак лістоў. Нават ахоўнікі здзіўляліся такому патоку.

Даведаўся таксама, што родныя палітвязняў, што аб’ядналіся ў ініцыятыву «Вызваленне 2020», напісалі ліст папу Францішку. Прасілі яго ўзвысіць свой голас супраць беззаконня, якое робіцца ў Беларусі. Пры гэтым пералічылі палітвязняў з сур’ёзнымі хваробамі, нагадвалі, што іх жыццё ў небяспецы: Ксенія Луцкіна, Мікіта Залатароў, Дзмітрый Гопта, Аляксей Губіч… Сярод згаданых прозвішчаў было і маё. Усе гэтыя ды шмат якія іншыя знакі ўвагі да лёсу людзей за кратамі дадавалі сіл, падбадзёрвалі, дапамагалі пераадольваць сум і нудоту. Прыходзілі і грашовыя пераводы ад зусім невядомых людзей. На іх можна было набыць у турэмнай краме прадукты, рэчы першай неабходнасці, паперу, канверты. Гэта была добрая падтрымка, паколькі па першым часе я не мог атрымліваць нават сваю невялічкую пенсію па інваліднасці. «Атаварка» на пераведзеныя грошы выручала.

Нечакана ўлетку наогул нас папярэдзілі, што, паводле змен у Крымінальна-выканаўчым кодэксе, асуджаныя не могуць у калоніях атрымліваць ні грашовыя пераводы, ні пасылкі ад «чужых» людзей, несваякоў. Казалі, што грошы ад «чужых» нібыта бандыцкія, атрыманыя незаконным шляхам. Лічу, гэта скіравана на раскол, на раз’яднанне грамадства. Толькі адміністрацыя папраўчай установы можа нешта дазволіць. Мне нават адзін супрацоўнік сказаў, што за гады праўлення Аляксандра Лукашэнкі, па сутнасці, не было законаў, дэкрэтаў, указаў, накіраваных на карысць і захаванне правоў беларускага народа. Усё на абмежаванне, на забарону.

Пра «здабычу» медзі і «няправільную газету»

– Аляксей, як асабіста вы ператрывалі пакаранне – чым займаліся, як да вас ставіліся? Вы ж сядзелец не просты, у вас крымінальная справа з яўнай палітычнай афарбоўкай, хоць і кажуць афіцыйныя асобы, што ў краіне няма палітычных нявольнікаў, бо такога артыкула няма ў Крымінальным кодэксе.

– Ставіліся да мяне строга, але ўсё ў межах заканадаўства. Яўных здзекаў у дачыненні да мяне ў калоніі не было. Я стараўся не парушаць рэжым. На працу не хадзіў, бо інвалід. Праца тут цяжкая, хапае траўматызму. Асуджаныя «здабываюць» медзь. На вытворчым участку разбіваюць кувалдамі старыя электраматоры, выцягваюць медны дрот. Нават у маім атрадзе прыходзіць неяк бедачына з выбітым зубам і зашытай губою: металічны аскепак вылецеў з-пад кувалды і параніў.

У калоніі сядзяць і забойцы, і маньякі. Было, канешне, крыўдна, што на «зоне» мяне далучылі да іх. Але хапала і такіх, хто за нязначныя правіны атрымаў «дзясятку» ці каля таго. Напрыклад, выкурыў цыгарэту з «травой» – засудзілі на 8 гадоў. Тут я сустракаў і 31-гадовага гамельчука Сяргея Верашчагіна. Вядома, што 12 жніўня 2020 года Сяргей назіраў з акна сваёй кватэры на вуліцы Савецкай, як міліцыя разганяла і біла ўдзельнікаў маршу пратэсту, у тым ліку дзяўчат. Ён закрычаў на міліцыянераў і кінуў у іх бок пластыкавую бутэльку. Неўзабаве ў кватэру ўварваліся чацвёра міліцыянераў і моцна яго збілі – спачатку дома, а потым у Цэнтральным РАУСе. У выніку судзілі Сяргея за гвалт над міліцыянерамі і пакаралі 5 гадамі няволі. У калоніі ён працяглы час знаходзіўся ў ШЫЗА, а потым яго як злоснага парушальніка перавялі ў памяшканне камернага тыпу, так званую «турму ў турме», дзе могуць трымаць нават паўгода.

Інфармацыі з волі на «зону» паступала мала. Я толькі калі прыехаў у Гомель, то даведаўся, што ў гомельскім СІЗА судзяць Сяргея Ціханоўскага, Мікалая Статкевіча ды яшчэ чатырох палітнявольнікаў.

У калоніі ў Глыбокім можна было глядзець тэлевізар, чытаць «СБ – Беларусь сегодня». Але навіны адмыслова не глядзеў і «СБ» не чытаў – прыхарошаны ці нават перакулены свет не для мяне.

Я абрадаваўся, калі мне прыйшоў ліст з рэдакцыі газеты «Новы час» (цяпер закрытай). Адначасова з лістом была прыкладзена і квітанцыя – рэдакцыя падпісала мяне. На радасцях я з той квітанцыяй звярнуўся ў адміністрацыю. Мне адказваюць: «Хочаш чытаць гэтую газету? Добра, будзеш! Але толькі ў ШЫЗА. За што цябе пасадзіць – знойдзем. А ў «зоне» гэтай газеты не будзе».

У штрафны ізалятар з маім здароўем ніяк нельга было, бо там я не працягнуў бы і пару дзён. Дый газета штотыднёвая – давялося б кожны тыдзень «парыцца» ў ШЫЗА. Таму хадзіў у вызначаны час у бібліятэку. Неблагая бібліятэка, у ёй больш за 3 тысячы кніг. Чытаў Сервантэса, Драйзера, «Блакадную кнігу» Адамовіча і Граніна. Было і лёгкае чытанне – тыя ж дэтэктывы.

– Што збіраецеся рабіць у бліжэйшы час – адпачыць, лячыцца ці, можа, уключыцца ў якуюсьці палітычную кампанію: скажам, за вызваленне палітвязняў? Зноў жа, рэферэндум па Канстытуцыі анансаваны?

– Заўзяты актывіст з мяне ў бліжэйшы час наўрад ці выйдзе. Дый недаверу шмат. Бо спачатку ўлады запрашаюць да палітычнай актыўнасці, а пасля вінавацяць то ў масавых беспарадках, то ў экстрэмізме. Хочацца яшчэ пажыць. Таму трэба класціся на аперацыю – невядома толькі, калі прызначаць. Вось не скасавалі б у Дэпартаменце выканання пакаранняў МУС (ці дзе яшчэ – не ведаю) прапановы на аперацыю ў Бараўлянах, магчыма, мая чарга ўжо і падышла б. Цяпер трэба пачынаць усё з пачатку.

Пакуль я сядзеў у турме, меншая мая дачка нарадзіла дзяўчынку, унучку. Я яе яшчэ не бачыў. Трэба адведаць. Гэта мая трэцяя ўнучка. Скажу па праўдзе, мне сорамна з пустымі рукамі з’яўляцца да дачкі з немаўляткам. Трэба хоць невялікі падарунак набыць, а няма за што. Працаваць я не магу – здароўя няма. Нахінуся – галава кругам.

У апошнія гады перад калоніяй я рабіў у ТАА «Поўначгазмантаж» у расійскай Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе. Калі праз анкалогію атрымаў інваліднасць, паўстала пытанне пенсіі. У сацыяльнай службе параілі афармляць беларускую сацыяльную пенсію па інваліднасці, бо ў Расіі нейкага рашэння давядзецца чакаць год ці нават два. Цяпер вось атрымліваю 258 рублёў. Як на іх выжыць – ніхто не кажа.

Мяне наогул здзіўляе, што Беларусь, будучы ў цэнтры Еўропы, мае такі нізкі ўзровень жыцця. Людзі не хацелі мірыцца з такім становішчам. Выйшлі адстаяць свае галасы, хацелі перамен. А іх, неабыякавых, ініцыятыўных, разумных, сталі збіваць, саджаць у турмы, штрафаваць, звальняць з працы, выштурхоўваць у эміграцыю. Тысячамі! Запушчаны махавік усё яшчэ круціцца. Не сакрэт, што нават галоўнага кардыёлага краіны акадэміка Мрочака звольнілі з пасады дырэктара РНПЦ «Кардыялогія», бо супрацоўнікі цэнтра выходзілі на пікеты супраць гвалту з боку сілавікоў. Такая гнюсная рэчаіснасць.

З Гомелем, з Беларуссю ў мяне моцна ўсё знітавана. Тут магілы родных, тут жонка, дзве дачкі, тры ўнучкі. Але не ведаю, як выкараскаюся са сваіх праблем і ці скончацца ліхія прыгоды пасля таго, як начальнікі ў пагонах паставілі подпісы і прыклалі гербавую пячатку на даведцы: «Вызвалены па адбыцці пакарання».

Інтэрв’ю ўзяў Анатоль Гатоўчыц.

Публікацыя з № 93 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»