Помнік Алесю Белакозу

1 снежня на Гудзевіцкіх могілках у Мастоўскім раёне Гродзенскай вобласці грамадскасць усталявала помнік вялікаму рупліўцу беларускасці, адраджэнцу нацыянальнай культуры Алесю Белакозу. Якраз у гэты дзень споўнілася пяць гадоў з дня яго смерці.

Помнік Алесю Белакозу
Помнік на магіле Алеся Белакоза ў Гудзевічах. Здымак: Аляксея МІХАЛЁВА

У якасці помніка абраны камень сярэдняга памеру. На ім выбіта прозвішча і гады жыцця Алеся Белакоза, а таксама праваслаўны крыж. Як распавёў “Народнай Волі” мастаўчанін Лявон Вашко, які браў удзел ва ўсталяванні помніка, Алесь Мікалаевіч сам жадаў, каб на яго магіле стаяў помнік у выглядзе каменя з мясцовых палетак.

“Ён толькі прасіў, каб камень не закрываў помнікаў яго бацькоў і блізкіх, – распавёў Вашко. – Мы так і зрабілі.”

Алесь Белакоз нарадзіўся 11 верасня 1928 года ў вёсцы Ляткі (зараз гэта фактычна частка Гудзевічаў) і амаль усё жыццё там пражыў. Пасля заканчэння Гродзенскага педагагічнага інстытута ў 1958 годзе ўладкаваўся выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры ў Гудзевіцкай сярэдняй школе.

Яго захапляла праца з вучнямі і прага вывучэння беларускай гісторыі, мовы, культуры.

Разам са сваім вучнямі вёў шырокую нацыянальна-патрыятычную працу, збіраў краязнаўчыя матэрыялы, выдаваў школьны часопіс-гадавік “Праменьчык” (усяго 15 выданняў). Наладзіў перапіску вучняў з вядомымі беларускімі пісьменнікамі і дзеячамі.У 1965 годзе ў Гудзевіцкай школе быў створаны літаратурна-краязнаўчы музей. Створаны на грамадскіх пачатках пры школе з 1990 года Гудзевіцкі літаратурна-этнаграфічны музей мае статус дзяржаўнага і налічвае больш за 12 тысяч экспанатаў, сабраных Белакозам разам з вучнямі. Таленавіты настаўнік, ён распрацаваў спецыяльную методыку далучэння вучняў да літаратурна-краязнаўчага пошуку, музейнай справы і праз гэта да каштоўнасцей беларускай гісторыі і культуры.

У 1987 годзе Алесю Белакозу прысвоілі званне Заслужанага работніка культуры Беларусі.

Пасля смерці Алеся Мікалаевіча грамадскасць хадайнічала аб наданні музею яго імя, але ўлады не падтрымалі гэтую ініцыятыву.

Аляксей МІХАЛЁЎ

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»