Два гады калоніі за «пацягнутую ўніз руку» супрацоўніка АМАП, чаго, верагодна, наогул не было

2 снежня суд Цэнтральнага раёна Гомеля пакараў 49-гадовую Ларысу Кузьменка, якая пакутуе на псіхічны разлад, клаўстрафобію і дэпрэсіі, двума гадамі зняволення ў калоніі агульнага рэжыму.

Два гады калоніі за «пацягнутую ўніз руку» супрацоўніка АМАП, чаго, верагодна, наогул не было
Ларыса Кузьменка. Фота: Анатоль ГАТОЎЧЫЦ / “Народная Воля”

Жанчына прызнана вінаватай у гвалце ў дачыненні да камандзіра звяна АМАП (на падставе артыкула 364 Крымінальнага кодэкса) на нядзельным маршы пратэсту года супраць фальсіфікацыі выбараў, які прайшоў 27 верасня 2020 года. На тым маршы сілавікі ўжылі супраць мірных гараджан слёзатачывы газ і святлошумавыя стрэлы з падствольнікаў аўтаматаў. Разглядаў крымінальную справу суддзя Сяргей Салоўскі. Дзяржаўны абвінаваўца з пракуратуры Сідарэнка акурат і прасіў пакараць жанчыну 2 гадамі няволі, заявіўшы ў спрэчках, што віна яе даказана матэрыяламі справы.

З такой высновай катэгарычна не пагадзілася абаронца падсуднай адвакат Вікторыя Фаменка. Яна нават прасіла суд вынесці прыватнае азначэнне на адрас следчага, які даследаваў крымінальную справу Кузьменка, а таксама прызнаць паказанні сведак Іванова і Віктарава няпэўнымі. Больш за тое, адвакат, спасылаючыся на заканадаўства, выказала меркаванне, што суду наогул нельга выносіць вырак на падставе дапушчэнняў ці здагадак. Пацярпелы супрацоўнік АМАП даваў тры супярэчлівыя паказанні, на судзе гэтыя супярэчнасці не зняты, а прадстаўнік пракуратуры нават не абгрунтаваў, якое з паказанняў лічыць верагодным.

У чым абвінавацілі жанчыну?

Паводле версіі следства, 27 верасня мінулага года падчас маршу пратэсту на вуліцы Савецкай ў Гомелі Ларыса Кузьменка наўмысна ўжыла гвалт ў дачыненні да камандзіра звяна ўзвода аператыўна-баявога прызначэння АМАП УУС Гомельскага аблвыканкама Пятрова. У абвінавачванні ўказана: «…падышоўшы да Пятрова, выкарыстоўваючы грубую фізічную сілу, схапіла рукамі за левую руку Пятрова і, утрымліваючы яго з мэтай бесперашкоднага праходу калоны пратэстуючых, з сілай пацягнула яго руку ўніз, зрушыла ўказанага супрацоўніка УУС з месца, тым самым пазбавіла яго фізічнай магчымасці выконваць ускладзеныя на яго службовыя абавязкі, прычыніўшы такім чынам апошняму пабоі і фізічны боль». І зроблена гэта было, як сцвярджала следства, а за ім і дзяржабвінаваўца, «па матывах палітычнай варожасці».

 Што казаў пацярпелы?

Пацярпелы камандзір звяна П.П.Пятроў (прозвішча несапраўднае, легендызаванае) на судзе не прысутнічаў, напісаў заяву, што знаходзіцца зараз на «лістку непрацаздольнасці». Абвінавачаная і яе адвакат наогул былі супраць пачатку судовага разбіральніцтва ў адсутнасць «Пятрова». Ён тройчы даваў паказанні наконт падзей 27 верасня 2020 года на вуліцы Савецкай, калі адбыўся марш пратэсту.

У двух з іх фігуруе сямейная пара з прозвішчам Сняжковы. Акурат жанчына з такім прозвішчам (яна пакарана летась адміністрацыйна. – Аўт.) локцем націснула амапаўцу на плячо, і ён адчуў боль. Пра гэта Пятроў распавядаў ў сваіх паказаннях з нагоды інцыдэнту, што называецца, па гарачых слядах – у верасні і лістападзе мінулага года. Кузьменка ў тых першых паказаннях нават не ўпамінаецца. І толькі сёлета ў жніўні, калі Ларыса Кузьменка ўжо была арыштавана, амапавец «Пятроў» прыгадаў, што яна «павісла ў яго на руцэ».

Якія ёсць доказы?

Да медыкаў і ў судмедэкспертызу пацярпелы наконт пабояў не звяртаўся, з калегамі не абмяркоўваў.

У далучаных да крымінальнай справы відэа і скрыншотах не зафіксаваны момант гвалту над «Пятровым». Апошні на допыце ў следчага заяўляў, што пра Ларысу Кузьменка сёлета ў жніўні ён прыгадаў, паглядзеўшы відэа. На гэта ў спрэчках абаронца абвінавачанай выказала здзіўленне: якім чынам пацярпелы супрацоўнік АМАП успомніў тое, чаго няма на відэа?

Нейкай міфічнай здольнасцю экстрасэнсаў назвала абаронца і паказанні сведак Іванова і Віктарава, якія нібыта апазналі Кузьменка ў масцы і акулярах на мінулагоднім маршы. Маўляў, яна было ў чорнай куртцы і светлай спадніцы. Аднак нават экспертыза не здолела вызначыць, што адзенне Ларысы адпавядала таму, у што апранута незнаёмка, зафіксаваная на відэа і ў скрыншоце. Яна расстаўляе рукі, як бы аберагае пратэстоўцаў ад АМАПа.

Тая ж незнаёмка знята і на газоне, але яна ніяк не нападае на амапаўцаў – гэта яны спрабуюць ёй дапамагчы падняцца.

Дзе была Кузьменка?

Падчас маршу пратэсту 27 верасня 2020 года Ларыса Кузьменка была на вуліцы Савецкай, але на яе працілеглым баку, побач з цыркам.

«Спявала гімн Беларусі і была затрымана», – казала яна ў апошнім слове на судзе.

Гэта пацверджана і матэрыяламі адміністрацыйнай справы супраць жанчыны. 27 верасня яе затрымалі, завезлі ў Цэнтральны РАУС. Там ў яе здарыўся прыступ панічнага страху.

«Гэта было вусцішна бачыць!» – расказвала выкладчыца ўніверсітэта Наталля Суслава, таксама затрыманая ў той вераснёўскі дзень. Тым не менш Ларысу адправілі ў ІЧУ, а 28 верасня суд Навабеліцкага раёна пакараў Кузьменка 7 суткамі арышту паводле «народнага артыкула» – «удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве».

У ізалятары Ларыса адбыла толькі блізу двух сутак, бо апынулася ў псіханеўралагічным шпіталі. Там у яе і дыягнаставалі псіхічны разлад. Пазней па скарзе абласны суд скасаваў 7-суткавы адміністрацыйны арышт, пакінуўшы фактычна адбытыя двое сутак.

Абарона Ларысы Кузьменка хадайнічала далучыць адміністрацыйную справу да матэрыялаў крымінальнай, што суд і задаволіў.

Дзяржабвінаваўца Сідарэнка ў сваю чаргу выказаў меркаванне, што Кузьменка магла паспець перайсці ад дома №42 на вуліцы Савецкай, дзе здарыўся інцыдэнт паміж пратэстоўцамі і АМАПам, да цырка, на няцотны бок. Маўляў, паміж падзеямі – разбежка 12 хвілін. Але і тут незадача: насамрэч паміж «гвалтам» на Савецкай і спяваннем гімна толькі 8 хвілін. Але не гэта галоўнае. На вуліцы ўстаноўлены відэакамеры. Следства не прадаставіла відэафіксацыі з камер, дзе незнаёмка ў чорна-белым адзенні пераходзіць з цотнага на няцотны бок вуліцы. Ёсць відэа, што нейкая жанчына ў падобным адзенні рухаецца акурат туды, дзе «П.Пятрову» прычынілі «фізічны боль».

Не зразумела

Ларыса Кузьменка – інжынер-тэхнолаг, 22 гады працавала на фабрыцы «Гомельшпалеры». Характарыстыка з прадпрыемства ў яе проста выдатная. Яна – высокакваліфікаваны спецыяліст, ветлівая, прыязная.

Арыштавалі Ларысу Міхайлаўну за мінулагоднія падзеі сёлета 6 жніўня, у суд дастаўлялі з СІЗА пад канвоем. Невысокага росту, мадэльнай знешнасці, у клетцы яна на першым пасяджэнні суда не магла стаяць, абапіралася рукой на сцяну. Нават калі жанчына сядзела, рукі і ногі ў яе раз-пораз трэсліся. З носа пайшла кроў – чырвоны след быў бачны на насоўцы, якой жанчына выціралася. Суддзя зачытаў даведку з медчасці, што па стане здароўя яна можа ўдзельнічаць у працэсе, але дазволіў ёй адказваць на пытанні седзячы. На судзе яна адмовілася даваць паказанні, раней толькі адказвала на пытанні следства.

Сталага ўзросту бацька Ларысы Міхаіл Дзмітрыевіч, які прыклыпаў у суд з кавенькай, дзівіўся закавырыстым фармулёўкам абвінавачвання і сцвярджаў, што дачка за сваё жыццё і мухі не пакрыўдзіла.

Пасля агучвання прысуду, суддзя Салоўскі запытаўся ў Кузьменка, ці зразумелы ёй прысуд.

– Незразумелы, бо гэтага я не рабіла, – з плачам адказала жанчына.

Вырак суда Цэнтральнага раёна Ларыса Кузьменка з адвакатам маюць намер абскардзіць у вышэйшай судовай інстанцыі.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»