Так выглядае цяпер былы маёнтак у Кашубінцах.

Унікальны маёнтак над рэчкай Котра ў вёсцы Кашубінцы Гродзенскага раёна пад пагрозай знікнення. Ратуе яго Радзівон Паўлючэнкаў з Санкт-Пецярбурга. Ці ўдасца гэта зрабіць?

Шок ад убачанага

Большая частка даху развалена; нібы на пажарышчы, тырчаць высокія цагляныя коміны; ападкі зацякаюць у дом; вокны разбіты, дзеверы выламаны; франтон цэнтральнай часткі будынка ў стылі класіцызму ляжыць на зямлі… У сярэдзіне яшчэ горш. Лесвіца на другі паверх з аўтэнтычнымі балясінамі паламана, у пакоі па-варварску абадраны камін і печ, рэшткі старой кафлі захаваліся толькі з бакоў. У падлозе выпілаваны дошкі…

Жах і шок ад убачанага! Маёнтак у Кашубінцах – рэдкасць не толькі для Гродзеншчыны, але і для ўсёй Беларусі. Паводле сведчанняў гісторыкаў, у вобласці да Другой сусветнай вайны было больш за дзесяць маёнткаў з элементамі стылю драўлянага гратэску. Да нашых дзён дажыў толькі адзін. А цяпер, здаецца, і яго можа чакаць змрочны лёс.

Знадворку маёнтка таксама сумны выгляд: зарослыя старыя ліпавыя прысады, здзічэлы парк і высахлыя ставы…

Ёсць дакументы, з якіх вынікае, што гэта помнік 1824 года. Першапачаткова ён належаў ордэну езуітаў, потым змяніў некалькіх гаспадароў. Апошнія ўладальнікі маёнтка – сям’я сенатара Мар’яна Блаўдзевіча, якая валодала ім да 1939 года. Уласнасць была канфіскавана савецкай уладай і перададзена мясцоваму калгасу. Пасля вайны ў панскім доме жылі людзі, але ў калгасе будаваліся дамы, і паціху жыхары адсюль раз’язджаліся. Пустуе маёнтак недзе з канца 1960-х, хаця яшчэ сем гадоў таму ў бакавой прыбудове жыла адна бабуля, якая ўжо памерла.

Новыя гаспадары: за 5 гадоў ніякіх змен

Пяць гадоў таму маёнтак у Кашубінцах быў прададзены на аўкцыёне. Гаспадыняй стала гродзенская прадпрымальніца Валянціна Цыганец. Яна тады заяўляла, што плануе адрадзіць маёнтак Блаўдзевічаў, адкрыць у ім музей, турыстычны цэнтр і г.д. У яе былі два кампаньёны, але яны, паглядзеўшы, што справы з аднаўленнем маёнтка захраслі на адным месцы, хутка прапанавалі Цыганец выкупіць іх долі.

За лёсам маёнтка ў Кашубінцах увесь гэты час назіраў жыхар Санкт-Пецярбурга Радзівон Паўлючэнкаў. У яго былі нават думкі набыць яго на аўкцыёне, але тады не рашыўся. Цікавасць да гэтага маёнтка ў яго была невыпадковай. Продкі спадара Паўлючэнкава паходзяць з Беларусі, і ён з дзяцінства цікавіўся беларускай архітэктурай.

Уратаваць Кашубінцы
Радзівон Паўлючэнкаў у Кашубінцах

– Я шмат чытаў, у нас дома былі і кніжкі па беларускай архітэктуры, і «Песня пра зубра», і творы Янкі Купалы, іншых пісьменнікаў. Былі кнігі на польскай мове, – распавядае мой суразмоўца. – Мы часта прыязджалі ў Беларусь.

Даведаўшыся, што спадарыня Цыганец шукае фундатараў для ўратавання маёнтка ў Кашубінцах, Паўлючэнкаў напісаў ёй ліст. Затым на яе запрашэнне прыехаў у Гродна і даў сем тысяч долараў на тое, каб выкупіць долі кампаньёнаў.

– Спадарыня Валянціна дала мне распіску, што абавязуецца альбо вярнуць грошы, альбо перапіша на мяне тую долю, якую выкупіць у кампаньёнаў, – згадвае Паўлючэнкаў. – У выніку я стаў саўладальнікам маёнтка.

Няўдалы пачатак

Акрамя гэтага, спадар Радзівон пакінуў сваёй кампаньёнцы дзве з паловай тысячы долараў на ўсталяванне плоту вакол маёнтка і падключэнне электрычнасці. Праўда, праз год – ні плоту, ні электрычнасці. Як заўважае Паўлючэнкаў, яго кампаньёнка страціла цікавасць да аднаўлення маёнтка і перастала ў гэтым удзельнічаць.

Ён у сваю чаргу запрасіў кваліфікаванага архітэктара з Гродна, з тым каб атрымаць кансультацыю па аднаўленні маёнтка. Затым падпісаў кантракт з гродзенскай фірмай DACH GLOBAL, якая павінна была дэманціраваць дах з аднаго боку будынка, паколькі ён прасеў і пагражаў наогул абваліцца. А замест гэтага будаўнікі распілавалі кроквы і знішчылі дах.

– Я заплаціў ім дзве тысячы долараў, каб яны замянілі дах толькі з аднаго боку, – з болем у голасе распавядае спадар Радзівон. – А яны распілавалі бэлькі, і франтон упаў. Тое самае зрабілі з дахам пасярэдзіне будынка, пра што я наогул не ўзгадваў.

Давялося разбірацца, у выніку фірма вярнула грошы і ўзяла на сябе абавязацельства кампенсаваць будматэрыялы. Зараз спадар Паўлючэнкаў прымае ўсе меры, каб накрыць будынак і да вясны абараніць яго ад дажджу і снегу.

– Я быў у разгубленасці пасля ўсяго, што здарылася, – кажа мужчына. – Але ўпэўнены ў адным: трэба ратаваць дом!

Планы

Спадар Радзівон знайшоў новых майстроў і збіраецца застацца ў Беларусі, пакуль не пачнуцца працы. Ён выдатна разумее, што хутка аднавіць такі будынак не ўдасца, але перакананы, што зрабіць гэта рэальна, нягледзячы на ўсе цяжкасці, з якімі давялося і яшчэ давядзецца сутыкнуцца.

– Мая мара – зрабіць тут культурны цэнтр беларуска-расійска-польскага дыялогу згоды, – кажа мой суразмоўца. – Хочацца, каб кожная культура тут знайшла сваё месца, як і заўсёды было на гэтай зямлі. У маёнтку можна будзе праводзіць і фестывалі, і канцэрты, і выставы, і розныя іншыя культурныя мерапрыемствы.

Спадар Радзівон называе сябе рэалістам: ён добра ўяўляе, у якія грошы гэта можа абысціся. Але ў яго ёсць план, як сабраць такія сродкі.

Дарэчы, паводле прафесіі Паўлючэнкаў закройшчык, шые літургічныя ўборы, працуе яшчэ ў прыватным музеі лялек.

Згадалася…

Сем гадоў таму мне давялося пабываць у Кашубінцах і сустрэць чалавека, які памятаў маёнтак у міжваенны час. Мікалай Каршакоўскі (яму тады было за 90) у 1930-я гады жыў тут разам з бацькамі, гуляў з панскімі дзецьмі, нават хадзіў з панам на паляванне.

Ён вельмі цікава распавядаў пра пана Блаўдзевіча – інтэлігентнага, адукаванага чалавека, пра тое, як той ставіўся да местачкоўцаў, як яго шанавалі людзі – нават не пабаяліся заступіцца за свайго пана перад НКВД, калі яго арыштавалі. І вельмі цікава згадваў, як у тыя часы выглядаў маёнтак:

– Вось там за домам бярозавы гай, які быў абсаджаны ліпамі па квадраце. Далей – чатыры ставы. У першы вясной запускалі ваду, там было шмат рыбы. Далей сцежка вяла ўніз, да другога става. А там быў перакідны мосцік у парк, паны хадзілі туды адпачываць. Там быў нават тэнісны корт, абнесены сеткай. Паны і нам не забаранялі там гуляць – мы ўвесь час бегалі ў парку, рабілі арэлі… І рэчка ж побач, прыйдзе лета – мы з яе не вылазілі. Мне душа баліць, я ж усё памятаю, я тут столькі пражыў!.. Слёзы льюцца, калі гляджу на ўсё гэта. Такі дом быў!..

Такі запіс застаўся ў маім журналісцкім архіве.

Уратаваць Кашубінцы
Кашубінцы сем гадоў таму.

Публікацыя з № 92 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»