Калонка Алеся Няўвеся
Калонка Алеся Няўвеся

Сталічны прараб прыехаў у вёску Закаблукі, дзе працавала яго брыгада, каб атрымаць грошы за выкананую работу. Аднак гаспадару не спадабалася якасць, ён плаціць адмовіўся, дастаў пісталет і прыставіў зброю да галавы прараба. Калі прыехаў АМАП, у гаспадара знайшлі яшчэ адзін пісталет.

Рамантавалі хлеў ці хату
Будаўнікі ў сяле, і каб
Ім выдаць годную зарплату,
Прыехаў у сяло прараб.
– Аплачвай працу! –
Першым чынам
Сказаў прараб гаспадару.
Аднак заўпарціўся мужчына:
Рамонт, маўляў, не па нутру.
– Брыгада дрэнна працавала,
Сказаць па-іншаму – цяп-ляп.
З такой работы толку мала, –
Ад дзецюка пачуў прараб. –
Не бачу якасці ніякай,
Кату пад хвост такі рамонт.
А значыць, нават і не вякай
Зарплаты нейкае наконт.
Хоць распінайся тут да ўпаду,
Не атрымаеш ні рубля,
Таму што іншую брыгаду
Наймаць мне прыйдзецца пасля.
А я не камерсант багаты,
Што плаціць па двайной цане.
Дык за нанесеныя страты
Сам заплаціць павінны мне!
Прараб, вядома, запярэчыў:
– Ты пакажы хоць нейкі хіб.
А калі ён і ёсць, дарэчы,
Дык мы і выправіць маглі б.
Ты проста чыніш тут прыдзіркі,
Бо грошай аддаваць шкада.
Скажу – і можа ўзяць за шкіркі
Цябе ўся наша грамада…
– Ты мне выказваеш пагрозу
Ці дрэнна круцяцца мазгі?
Дык каб паправіць трохі розум,

Ёсць іншы спосаб неблагі, –
Дзяцюк яму сказаў сурова.
Прараб скрывіў ва ўхмылцы твар.
Больш не гаворачы ні слова,
Рвануўся ў хату гаспадар.
Вярнуўся з пераможным відам –
Рука трымала пісталет.
– Аванс табе я куляй выдам,
Зарплату ж выдасць іншы свет.
Прарабу здзіўленаму зброю
Прыставіў ён да галавы.
– Папраўлю клёк табе, герою:
Хоць ты як быццам і жывы,
Аднак напраўду безгаловы…
Прараб ад жаху аж самлеў
І ў гэты момант быў гатовы
Пабудаваць нанова хлеў…
Лічыў, што справіўся з задачай,
І быў давольным гаспадар.
Ды ўсё затым было іначай:
Хоць не хапіў адразу ўдар,
Але на лоб палезлі вочы,
Калі ў сяло прыбыў АМАП.
– Скупы заўсёды плаціць двойчы! –
Зларадна ўслед сказаў прараб.

***
Гаспадару (амаль бандыту)
Патрэбна ўбіць ва ўласны клёк,
Што лепей мець для дабрабыту
Не пісталет, а кашалёк.

Публікацыя з № 92 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»