Дзявятыя суткі ў чарзе на мяжы…

Напружаная сітуацыя склалася ў гэтыя дні на беларуска-літоўскай мяжы. Перад пунктам пропуску «Прывалка» ўезду ў Літву чакаюць больш за 500 вялікагрузных машын. Карэспандэнт «Народнай Волі» пагутарыў з кіроўцамі…
Дзявятыя суткі ў чарзе на мяжы...
Чарга вялікагрузаў на беларска-літоўскай мяжы перад пагранічным пераходам «Прывалка». Фота: Міхал КАРНЕВІЧ

 «Ды хто пра нас падумае!»

Пагранічны пункт пропуску «Прывалка» знаходзіцца прыкладна ў 30 кіламетрах ад Гродна. Чарга вялікагрузаў пачынаецца за населеным пунктам Крынічнае, а значыцца, да граніцы прыблізна 12 кіламетраў.

Відавочна, што кіроўцы, якія чакаюць чаргі на ўезд, вельмі стомлены. Праўда, размаўляць не адмаўляюцца. Спадар Сяргей з Мінска кажа, што стаіць з мінулай серады, за апошнія суткі чарга прасунулася метраў на 300.

«А вось мой калега з нашага гаража стаяў з мінулага панядзелка, і толькі зараз яго запусцілі на пагранічны пераход для афармлення, – распавядае мужчына. – Закончыліся запасы ежы, хлопцы дзяліліся макаронай, тушонкай…»

Спадар Сяргей прызнаецца, што да такой сітуацыі кіроўцы не былі гатовы. Але цяпер адзін аднаго папярэджваюць, каб харчоў з сабой бралі пабольш. Сам ён вялікагрузы водзіць з 1994 года і такія чэргі памятае толькі ў 1990-я, апошнімі гадамі нічога падобнага не было, на мяжы стаялі максімум 2–3 дні.

Гродзенец Аляксандр кажа, што мясцовыя людзі з Прывалкі падвозяць гарачую ежу:

«Комплексны абед каштуе 12 рублёў. Праўда, на ўсіх не хапае, ды і калі кожны дзень толькі за абед па 12 рублёў аддаваць, то адчувальна для кішэні. Мы ж не мігранты, пра нас тут ніхто не ўзгадае і не паклапоціцца. Усё, як у той прыказцы: паны б’юцца, а ў мужыкоў косці трашчаць».

Іншыя кіроўцы дадаюць, што на працягу ўсёй чаргі толькі два біятуалеты, мыцца таксама даводзіцца, паліваючы адзін аднаму на рукі. Мужчыны распавядаюць, што тэлефанавалі на даступныя тэлефоны ў пагранкамітэт, тлумачылі свае праблемы, але нічога не змянілася.

«Там адказваюць, каб мы літоўцам тэлефанавалі», – кажа спадар Уладзімір з Баранавічаў.

Аляксандр тлумачыць: за прастой на мяжы ім ніхто не плаціць. Маўляў, заробак атрымліваюць па факце: плацяць па кіламетражы, а стаіш на мяжы за свой кошт.

Падчас нашай размовы бачу, што некаторыя машыны аб’язджаюць чаргу і кіруюцца на пагранічны пераход. Паводле слоў спадара Сяргея, гэта не проста так: маўляў, пагранкамітэт дае дазвол на праезд без чаргі, калі фірма за гэта заплаціць.

«Такі пропуск на год каштуе каля 1500 еўра, – сцвярджае кіроўца. – Праўда, далёка не ўсе фірмы маюць магчымасць яго набыць. А тыя, хто яго мае, едуць без чаргі».

Цікаўлюся ў кіроўцаў, ці не ўзнікаюць нервовыя сітуацыі і ці не даводзіцца вырашаць іх праз кулакі. Мужчыны смяюцца: маўляў, бывае па-рознаму, бо за тыдзень ва ўсіх здаюць нервы.

«Мы тут усе ў аднолькавай сітуацыі, а таму праблемы імкнёмся вырашаць без кулакоў, – кажа мінскі кіроўца. – А вось заўчора аднаму хлопцу дрэнна стала, то выклікалі хуткую дапамогу».

Дзявятыя суткі ў чарзе на мяжы...
Чарга вялікагрузаў на беларска-літоўскай мяжы перад пагранічным пераходам «Прывалка». Фота: Міхал КАРНЕВІЧ

«У вас яшчэ спакойна…»

У спадара Віктара на машыне ўкраінскія нумары. Ён стаіць чацвёра сутак і яшчэ ў сярэдзіне чаргі. Размаўляе па-ўкраінску. Кажа, што едзе з Палтавы ў Клайпеду за машынамі, якія караблямі дастаўляюць з Амерыкі. Пра вялікую чаргу ведаў, але, маўляў, іншага шляху няма, бо Польшча не выдае ўкраінцам дазволу на праезд вялікагрузаў.

«Я не першы раз сюды еду – такога раней ніколі не было, – дзеліцца кіроўца. – Мяне сябры папярэдзілі, каб браў паболей харчоў і вады. Пакуль есці маю што, а вось вада канчаецца. І чаргі яшчэ на два дні».

Іншага выйсця няма, уздыхае Віктар, трэба чакаць. Ратуе тое, што хоць можна спакойна стаяць і ніхто цябе не чапае:

«У вас людзі спакойныя, а ў нас больш эмацыйныя: калі раптам што – адразу да бойкі даходзіць. У нас на мяжы са Славакіяй па 10 дзён стаяць. Парадку няма, без чаргі лезуць, ды і бойкі бываюць».

«Тут няма ніякіх умоў»

Спадар Павел з Масквы. З крыўдай у голасе тлумачыць, што за апошнія трое сутак чарга прасунулася ўсяго на паўтара кіламетра. Ён не ўяўляе, калі патрапіць на пагранічны пераход.

«Начамі нармальна не паспіш, бо чакаеш: а раптам чарга зрушыцца, – кажа мужчына. – Два дні запар едуць фуры ў левым радзе, бо ў іх пропуск ёсць, а мы стаім… Дык а чаму тады тыя пропускі ўсім не прадаюць?»

Паводле слоў кіроўцы, у чарзе стаяць чатыры машыны з іх гаража. Калі збіраюцца ехаць у Крынічнае па прадукты, у адной з іх адчапляюць прычэп і так едуць.

«Звычайна мы харчуемся ў прыдарожных кавярнях, але тут такія ўмовы, што трэба гатаваць самім, – распавядае мужчына. – Зрэшты, тут наогул няма ніякіх умоў – жыві як хочаш».

Павел кажа, што праз Прывалку яны ездзяць апошнія чатыры гады і нічога падобнага раней не было. А зараз, маўляў, усё даволі нервова.

«Уся праблема ў тым, што мы з колаў працуем: сем дзён прастаіш на мяжы – і нічога за гэта не атрымаеш, – сумна заўважае спадар Павел. – А за гэтыя дні я салярку спалю, якую мне ніхто не спіша, грошы свае праем, іх таксама ніхто не верне».

Мужчына працуе на вялікагрузах з 1990 года, прызвычаіўся да ўсяго. Некаторыя, кажа, не вытрымліваюць і двух-трох рэйсаў – кідаюць гэтую працу.

«У лютым ужо на пенсію, але пакуль здароўе будзе, то яшчэ папрацую, – прызнаецца кіроўца. – У нас на пенсію таксама не пражывеш…»

На развітанне нават не ведаю, што пажадаць людзям у гэтай доўгай чарзе.

«Пажадайце нам цярпення, – падказвае спадар Павел. – Нам яно цяпер вельмі патрэбнае…»

Паводле інфармацыі Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі, за апошнія суткі лістапада толькі два з дзевяці еўрапейскіх пунктаў пропуску выканалі дамоўленасці па афармленні грузавога транспарту.

Самым загружаным застаецца літоўскі напрамак. Так, праз пункт пропуску «Мядзінінкай» (з беларускага боку – «Каменны Лог») у Еўрасаюз прайшло ўсяго 249 фур, што ўдвая менш за прапускную здольнасць. Пры ўездзе ў Польшчу таксама стаіць вялікая колькасць грузавікоў.

На раніцу 30 лістапада на беларуска-латвійскай мяжы перад пунктам пропуску «Грыгараўшчына» сабралася больш за 450 грузавікоў, «Урбаны» – больш за 460.

Уезду ў Літву перад пунктам пропуску «Відзы» чакае больш за 230 вялікагрузаў, «Катлоўка» – 400, «Каменны Лог» – больш за 620, «Беняконі» – за 700, «Прывалка» – больш за 500. На польскім напрамку перад пунктам пропуску «Бераставіца» сабралася больш за 700 грузавікоў, «Казловічы» – за 500.

Пагранічны пункт «Брузгі»–«Кузніца» на беларуска-польскай мяжы зачынены з 8 лістапада ў сувязі з мігранцкім крызісам.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»