Вядомы беларускі футбаліст, які ў свой час гуляў за нямецкі «Штутгарт», англійскі «Арсенал», іспанскую «Барселону» і іншыя клубы, год таму афіцыйна завяршыў кар’еру, і з таго часу пра яго практычна нічога не чуваць. Чым ён сёння займаецца?

«Цяпер для мяне на першым месцы сям’я, дзеці,распавёў Аляксандр ГЛЕБ.Праводжу амаль увесь час з імі. Плюс нядаўна пайшоў вучыцца на трэнера.

Я разумею, наколькі трэнерства стрэсавая і нервовая праца. Першае, што мяне бянтэжыць, – такая работа моцна адрывае ад сям’і. Калі хочаш стаць добрым трэнерам, ты павінен сапраўды гэтым жыць. Ставіцца да гэтай справы, не паглыбляючыся ў яе цалкам, не пракоціць. Нягледзячы на сумненні, я вырашыў усё ж такі паспрабаваць. Паглядзім, што з гэтага атрымаецца. Цяпер пакуль уваходжу ў курс справы, размаўляю са спецыялістамі – вучуся».

Паводле слоў Глеба, пасля таго як ён «павесіў буцы на цвік», зусім без грошай не застаўся, бо «за кар’еру нешта назапасіў».

«І дастаткова шмат гадоў у мяне ёсць уласны бізнес у Беларусі, – дадае футбаліст.Здаю офісныя памяшканні ў цэнтры Мінска ў арэнду. Акрамя гэтага, з гонарам магу расказаць пра бізнес, які ў 2008 годзе мы стварылі з партнёрам. Гэта фабрыка па вытворчасці шматслойных мяшкоў з крафт-паперы для фасоўкі сыпкіх матэрыялаў: цэменту і розных будаўнічых сумесяў, а таксама такіх прадуктаў, як драўняны вугаль, сухое малако, ўгнаенні, сухі корм. Вытворчая база знаходзіцца ў маленькім мястэчку Наваельня ў Гродзенскай вобласці. Вытворчасці, падобнай на нашу, на сённяшні дзень у Рэспубліцы Беларусь няма.

У любой краіне ёсць свае асаблівасці і складанасці ў бізнесе, тым больш цяпер, падчас пандэміі, калі малы і сярэдні бізнес сур’ёзна пацярпелі. Працаваць складана, але можна.

Калі ты гуляеш, то разумееш, што ў цябе ёсць кантракт і табе стабільна будуць плаціць добрыя грошы. Ты не з такой увагай кантралюеш свае выдаткі. Калі заканчваеш, многае ў гэтым плане мяняецца. Даводзіцца распісваць свой бюджэт, прыкідваць, на што ты можаш патраціцца ў гэтым месяцы, а на што не. Зараз мой даход дазваляе маёй сям’і спакойна жыць, ні ў чым не мець патрэбы. Але, вядома, ён значна ніжэйшы, чым у часы майго максімальнага кантракта – у «Барселоне».

Аляксандр Глеб адзначае, што каранавірус не абышоў бокам і яго.

«Я таксама хварэў, – прызнаецца футбаліст. – Дзён пяць сур’ёзна так ламала. Не сказаў бы, што цяжка перанёс, але было непрыемна. Думаю, трэба вельмі дакладна выконваць меры, пра якія кажуць лекары. Маскі ў грамадскіх месцах проста неабходны. Але, на жаль, у нас такі менталітэт…

Усе думаюць: а можа, мяне не закране? Можа, мяне гэты вірус бокам абміне? Таму часам людзі расслабляюцца, забываюцца на меры бяспекі. Я і мае родныя акуратна ставімся да гэтых пытанняў: імкнёмся не бываць у месцах вялікага скаплення людзей, выконваем правілы гігіены, п’ём вітаміны для ўмацавання імунітэту».

Публікацыя з № 92 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»