Учора «Народная Воля» спрабавала даведацца пра прычыны, з-за якіх беларуская каманда пакуль не можа патрапіць на ралі «Дакар».

Нагадаем: экіпажы «МАЗ-СПОРТаўта» былі рэгулярнымі ўдзельнікамі прэстыжнай ва ўсім свеце гонкі і апошнім часам выступалі даволі нядрэнна.

У наступным годзе «Дакар» пройдзе ў Саудаўскай Аравіі з 2 па 14 студзеня, але ў СМІ з’явілася інфармацыя, што беларуская каманда атрымала забарону на ўдзел у гонцы.

Паводле некаторых звестак, грузавікі «МАЗ-СПОРТаўта» накіроўваліся ў Марсель, адкуль павінны былі адправіцца ў Саудаўскую Аравію, аднак каманду не пусцілі. Паведамляецца, што каманда распрацоўвае наземны шлях у Саудаўскую Аравію праз Сірыю і ўсё-такі спадзяецца ўзяць удзел у ралі-рэйдзе.

Ад «МАЗ-СПОРТаўта» на ралі-рэйдзе павінны былі выступіць тры экіпажы: №502 – Сяргей Вязовіч, Павел Гаранін, Антон Запарошчанка; №507 – Аляксей Вішнеўскі, Максім Новікаў, Сяргей Сачук; №517 – Аляксандр Васілеўскі, Аляксандр Швед, Віталь Мурылёў.

Не выключана, што рашэнне аб забароне можа быць звязана з санкцыямі ў дачыненні да Мінскага аўтамабільнага завода.

Мы паспрабавалі з першых вуснаў даведацца, што ж здарылася насамрэч, але на МАЗе з гэтай нагоды чамусьці пакуль захоўваюць маўчанне.

– На гэты момант афіцыйнага каментарыя з нагоды той сітуацыі, што склалася з камандай, няма, – кажа прэс-сакратар Мінскага аўтамабільнага завода Наталля ВЛАСЕЎСКАЯ. – Я запішу ваш тэлефон і, як толькі нам будзе што сказаць, адразу паведамлю вам.

– Няўжо пакуль не вызначыліся з тым, што будзеце казаць?

– Паўтаруся: пакуль без каментарыяў. Не магу сказаць і пра тэрміны, калі будзе зроблена афіцыйная заява.

Публікацыя з № 92 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»