Уладзімір Някляеў
Уладзімір Някляеў. Фота з адкрытай крыніцы

Славуты беларускі пісьменнік прэзентуе свой новы раман «Гэй Бэн Гіном» не ў Беларусі, а за мяжой.

«Раман «Гэй Бэн Гіном», які чатыры гады таму я пачынаў як гістарычны, а дапісваў яго ўжо як сучасны, выдадзены ў Польшчы, – распавядае Някляеў. – На беларускай мове. З 25 лістапада пачаліся прэзентацыі кнігі ў Кракаве, Варшаве, Вроцлаве, Познані, Гданьску, Лодзі, Беластоку – у гарадах, дзе сёння найбольш беларусаў. Найперш тых, хто апошнім часам змушаны быў пакінуць Айчыну…

Раман стаў актуальны, бо вярнулася тое, што, здавалася, назаўсёды засталося ў гісторыі. Сённяшняе пакаленне беларусаў паўтарае лёс пакалення сталінскіх часоў. Гадоў рэпрэсій, ахвярмі якіх сталі найлепшыя сыны і дочкі Беларусі. У тым ліку нацыянальны геній Янка Купала, пра жыццё і гібель якога раман.

Шмат хто пытаецца пра назву кнігі: што яна азначае? У перакладзе гэта «Геена вогненная». Ці папросту пекла, у якім (у вечным страху быць арыштаванымі, апынуцца ў турмах, у лагерах, у Курапатах) пражылі сваё жыццё персанажы рамана. І ў якім тысячы беларусаў неспадзявана апынуліся сёння…»

Ва ўсіх прэзентацыях новага рамана Някляева ўдзельнічае таксама і Зміцер Вайцюшкевіч.

Між іншым, не выключана, што «Геена вогненная» будзе выдадзена і ў Беларусі.

Публікацыя з № 91 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»