Калонка Алеся Няўвеся
Калонка Алеся Няўвеся

29-гадовы жыхар Асіповічаў украў у мясцовай краме скрыню з ахвяраваннямі для будаўніцтва царквы. Летась ён быў асуджаны на тры месяцы за такое ж злачынства – спрабаваў сцібрыць скрыню ў сталічным універсаме.

Нам трэ жыццёвую дарогу
Ацэньваць так, здаецца мне:
Калі ў жыцці не служыш Богу –
Міжволі служыш сатане,
Хоць праваслаўным атэістам
Прылюдна называў сябе;
Тым больш ты справы меў з «нячыстым»
І з Богам быў у барацьбе,
Калі ў жыцці грашыў не ў меру,
Не хваляваўся пра імшу.
А гэты злыдзень Люцыферу
Прадаў і цела, і душу,
Каб наталяць свае вантробы,
Туды набулькаўшы віна
(Каньяк яму не даспадобы).
І ў тым памочнік – сатана.
Не раз апойку «план харошы»
Надзюбваў д’ябал у мазгі,
Дзе можна ўзяць для п’янкі грошы,
«Чарніла» жлукціць дзень-другі,
А значыць, захлынацца ў шчасці.
Часцей ён чуў ад сатаны,
Што грошы можна проста ўкрасці,
Як дрэнна дзесь ляжаць яны.
І, завалодаўшы дашчэнту
Апойкам гэтым, д’ябал змог
Нашкодзіць нават канкурэнту,
А канкурэнт у д’ябла – Бог.
Апойку быў наказ кароткі:
– Каб весялей жылося нам,
Патрэбна ў краме ўкрасці сродкі,
Што ахвяруе люд на храм.
Там грошы з прыхаду, у скрыні,
Глядзяць ахоўнікі здалёк…
Само сабой, зладзюга «сіні»
На гэты скарб зрабіў наскок.

Здабычы там не надта многа,
Бо так было ва ўсе вякі:
Свае малітвы слаць да Бога
Найперш жадалі беднякі.
Ды не ўдалося злыдню ўкрасці
І тыя сціплыя рублі,
І мужыка зладзейскай масці
У каталажку завялі.
Хоць заслугоўваў жорсткай кары,
Аднак не год, тым больш не тры,
На жаль, зладзюга парыў нары.
– Ты тую спробу паўтары,
Бо не адна ў краіне крама
І скрыня ў крамах не адна,
Куды суюць рублі для храма, –
Яму параіў сатана.
Ды зноў яго ўзялі ў аблогу,
На даляглядзе зноў астрог,
Бо тое, што належыць Богу,
Не аддае злачынцам Бог.

***

І больш суровая расплата
Чакае злодзея цяпер,
Хаця ў яго за адваката,
Напэўна, будзе Люцыфер…

Уранку і ўвечары

Зялёнай жабай для Івана
Была «палова» раніцой.
На прыгажуню закахана
Глядзеў вячэрняю парой.
І доўга тут гадаць не трэба,
Дзівоснага не бачна ў тым:
Пад вечар, як цямнела неба,
Ён проста напіваўся ў дым…

Не падзялілі ахвяру

Маньякі два ў вячэрнім парку
Нейк учынілі бойку-сварку.
Што ж пасварыла тую пару?
Не падзялілі, бач, ахвяру…

Дзіўны дыялог

Пачуў – і смешна стала мне,
Я падзівіўся дыялогу:

– Вы ў Бога верыце ці не?
– Не, атэіст я, дзякуй богу.

Для чаго духі?

Радкамі гэтымі, магчыма,
Адкрыю ўсім адзін сакрэт:
Духі ўжываюцца жанчынай,
Каб не губляў мужчына след.

Гора і радасць

Як горам дзелішся ты дзесьці,
Дык важна радасць не прынесці…

Публікацыя з № 91 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»