Сяргей Рутэнка

Зусім нядаўна мы інфармавалі чытачоў пра незвычайныя кадравыя прызначэнні ў беларускім спорце. Размова ішла пра тое, што новым старшынёй Федэрацыі хакея стаў алімпійскі чэмпіён па веславанні Аляксандр Багдановіч. Чалавек, які, можа быць, і не вельмі разбіраецца ў хакеі, але «ідэалагічна правільны», экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў.

У той жа час на пасаду кіраўніка Федэрацыі веславання быў пераабраны бізнесмен Аляксандр Машэнскі. Чалавек, які, магчыма, не вельмі добра разбіраецца ў веславанні, але пры грашах.

Як аказалася, на гэтым кропка пастаўлена не была. Днямі «на барыкады» – у Федэрацыю тэніса – кінулі вядомага беларускага гандбаліста Сяргея Рутэнку, які ў свой час пагуляў за іспанскую «Барселону» і быў адным з самых высокааплатных гульцоў у свеце.

Пасля завяршэння спартыўнай кар’еры Сяргей «прызямліўся» ў Беларусі, заняўся ў Магілёўскай вобласці бізнесам (утылізацыяй гною), паспрабаваў сябе на пасадзе намесніка старшыні Федэрацыі гандбола, але нешта пайшло не так, і ён падаў у адстаўку.

Зараз Рутэнка ўзначаліў Федэрацыю тэніса, і многія задалі лагічнае пытанне: навошта? Навошта таленавіты гандбаліст бярэцца не за сваю справу? Калі ён нават у роднай для сябе Федэрацыі гандбола не змог рэалізавацца, то для чаго яму тэніс?

На жаль, сёння ў Беларусі наогул складана шукаць логіку, калі даведваешся пра тыя ці іншыя кадравыя прызначэнні. Хаця сам Рутэнка пра сваю новую пасаду выказаўся так:

Шчыра скажу, я не буду працаваць на эфект «вау». Я працую з максімальнай самааддачай, каб прынесці карысць. Магчыма, дзесьці не атрымаецца, магчыма, недзе буду памыляцца. Для гэтага ў мяне ёсць спецыялісты…

Асноўны фокус бачу, каб людзі бачылі нейкі рух наперад. Гэта для мяне асноўная задача. Галоўнае – самааддача. Дарэчы, у мяне ў гэтай федэрацыі нават заробку няма.

Але я не адыходжу ад свайго бізнесу. Гэты праект важны для краіны ў цэлым. Я ўпэўнены, што ў нас ёсць добрая перспектыва, мы працуем над гэтым і далей. Хопіць мне сіл рухаць і тое, і тое. І дзякуй Богу, што ў мяне ёсць і добрая каманда людзей, на якіх я магу разлічваць. Думаю, што ўсё будзе добра, будзем працаваць».

Не выключана, што дзеля захавання свайго бізнесу Сяргей Рутэнка і пайшоў на тую пасаду, якую яму прапанавалі. Адмовіцца не змог. Але зусім магчыма, што гэта і сапраўды такі «душэўны парыў».

Дарэчы, былы кіраўнік гандбольнага клуба «Віцязь» Аляксандр Апейкін так пракаментаваў гэтае прызначэнне:

Для таго каб узначаліць спартыўную структуру ў беларускім спорце, можна нават не быць спартсменам. Дастаткова быць прапаршчыкам, які размяркоўвае фінансы. Але некалі гэтаму павінен прыйсці канец. Нулявая кропка ўжо дасягнута. Як кажуць у Германіі: у наш час, каб стаяць на месцы, трэба бегчы з усіх сіл. Усё развіваецца: тэхналогіі, тактыка, фізічная падрыхтоўка, – а беларусы не проста стаяць на месцы, а коцяцца назад.

Час пакажа, навошта гандбалісту быў тэніс, а весляру хакей…

Публікацыя з № 91 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»