«Гэта не ўкладваецца ў маёй галаве!» – заявіла тэхнолаг прадпрыемства «Гомельшпалеры» Ларыса ˆКузьменка на абвінавачванне следства ў гвалце па матывах палітычнай варожасці над камандзірам звяна АМАП. З носа у яе пайшла кроў.

Крымінальную справу супраць 49-гадовай жанчыны паводле артыкула 364 Крымінальнага кодэкса 24 лістапада пачаў разглядаць суд Цэнтральнага раёна Гомеля. Ларысу Міхайлаўну арыштавалі сёлета 6 жніўня, у суд яе даставілі з СІЗА пад канвоем. Невысокага росту, мадэльнай знешнасці, у «клетцы» яна не магла стаяць, абапіралася рукой на сцяну. Нават калі жанчына сядзела, рукі і ногі ў яе раз-пораз трэсліся. З носа пайшла кроў – чырвоны след быў бачны на насоўцы, якой жанчына выцірала твар.

Разглядае справу суддзя Сяргей Салоўскі. Ён зачытаў даведку з медчасткі СІЗА, што стан здароўя Кузьменка дазваляе ёй удзельнічаць у працэсе. І дазволіў ёй адказваць на пытанні седзячы. Пры гэтым дадаў: «Калі кепска сябе адчуваеце, звяртайцеся да ўрача».

Паводле версіі следства, якую падтрымаў на судзе прадстаўнік пракуратуры спадар Сідарэнка, 27 верасня мінулага года падчас пратэстнага маршу на вуліцы Савецкай ў Гомелі Ларыса Кузьменка наўмысна ўжыла гвалт ў дачыненні да камандзіра звяна ўзвода аператыўна-баявога прызначэння АМАП УУС Гомельскага аблвыканкама Пятрова, а менавіта: «падышоўшы да Пятрова, выкарыстоўваючы грубую фізічную сілу, схапіла рукамі за левую руку Пятрова і, утрымліваючы яго з мэтай бесперашкоднага праходу калоны пратэстуючых, з сілай пацягнула яго руку ўніз, зрушыўшы ўказанага супрацоўніка УУС з месца, тым самым пазбавіла яго фізічнай магчымасці выконваць ускладзеныя на яго службовыя абавязкі, прычыніўшы такім чынам апошняму пабоі і фізічны боль».

Пацярпелы камандзір звяна П.П.Пятроў (прозвішча несапраўднае, легендызаванае) на судзе не прысутнічаў, напісаў заяву, што знаходзіцца зараз на «лістку непрацаздольнасці». Адвакат абвінавачанай Вікторыя Фаменка і сама абвінавачаная былі супраць пачатку судовага разбіральніцтва ў адсутнасці Пятрова. У яго паказаннях – супярэчнасці. Пацярпелы тройчы даваў паказанні наконт падзей 27 верасня 2020 года на вуліцы Савецкай. У двух з іх фігуруе пара з прозвішчам Сняжковы. Маўляў, жанчына з такім прозвішчам локцем націснула амапаўцу на плячо, і ён адчуў боль. Пра гэта Пятроў распавядаў у сваіх паказаннях з нагоды інцыдэнту, што называецца, па гарачых слядах. Кузменка ў тых першых паказаннях нават не ўзгадваецца. І толькі сёлета ў верасні амапавец прыгадаў, што Кузменка «павісла ў яго на руцэ». Да медыкаў і ў судмедэкспертызу пацярпелы наконт пабояў не звяртаўся, з калегамі не абмяркоўваў.

Тым не менш суддзя Сяргей Салоўскі вырашыў пачаць судовае следства без пацярпелага.

Абвінавачанне Ларыса Кузьменка не прызнала, заявіўшы: «Гэта не ўкладваецца ў маёй галаве!» З прычыны дрэннага самаадчування зачытала сваё тлумачэнне ледзь чутным голасам. Патлумачыла, што 27 верасня была каля цырка, на іншым баку вуліцы Савецкай, а не там, дзе здарыўся інцыдэнт паміж пратэстоўцамі і міліцыяй. Адказваць на пытанні суда і дзяржабвінаваўцы адмовілася.

Былая выкладчыца ўніверсітэта Наталля Суслава, якая прысутнічала на судзе, прыгадала перад пасяджэннем, што 27 верасня ўпершыню амапаўцы на вуліцы Савецкай прымянілі супраць гараджан слёзатачывы газ і святлошумавыя стрэлы з падствольнікаў аўтаматаў. Людзі тады выйшлі пратэставаць з прычыны фальсіфікацыі выбараў і гвалту сілавікоў. Суславу, як і Кузменка, у той дзень забралі ў Цэнтральны РАУС. У Ларысы здарыўся прыступ панічнага страху.

– Гэта было вусцішна бачыць! – кажа Суслава.

Дачка Кузменка Аліна дадае, што маці цяпер без лекаў не можа жыць. Суд Навабеліцкага раёна ў мінулым верасні пакараў спецыялістку «Гомельшпалераў» адміністрацыйным арыштам, але яна злегла ў шпіталь. Абласны суд перагледзеў тую «адміністрацыйку», якая, дарэчы, заснавана была на іншых абставінах.

Сёлета Ларысу Кузменка ўжо звінавацілі ў гвалце над супрацоўнікам АМАП, як сказана, «па матывах палітычнай варожасці». Сталага ўзросту бацька Ларысы Міхаіл Дзмітрыевіч, які таксама прыклыпаў у суд, дзівіцца такім закавырыстым фармулёўкам абвінавачвання і сцвярджае, што дачка за сваё жыццё і мухі не пакрыўдзіла.

Учора суд працягваўся, на яго выклікалі сведак. Пра вердыкт суда «Народная Воля» паведаміць у наступным нумары.

Публікацыя з № 91 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»