(Працяг. Пачатак у №№77–84, 86–90.)

14. Леў Сапега (4 красавіка 1557 г. – 7 ліпеня 1633 г.)

Леў Сапега – выдатны дзяржаўны, грамадскі і ваенны дзеяч, дыпламат, мысліцель. Займаў пасады пісара літоўскага і сакратара Вялікага Княства Літоўскага (1580–1585), падканцлера (1585–1589), канцлера (1589–1623), віленскага ваяводы (1623–1633) і гетмана літоўскага (1625–1633). Адзін з самых уплывовых дзяржаўных дзеячаў і адзін з самых багатых магнатаў канца XVI – першай трэці XVII стагоддзя ў Вялікім Княстве Літоўскім і Польшчы.

Л.Сапега нарадзіўся ў мястэчку Астроўна Віцебскага павета (цяпер Бешанковіцкі раён Віцебскай вобласці) у магнацкай сям’і. Яе ўплывовыя сваяцкія сувязі і багатыя маёнткі дазволілі здольнаму юнаку пачаць бліскучую кар’еру. Бацькі аддалі Льва на вучобу і выхаванне пры двары віленскага ваяводы і канцлера Вялікага Княства Літоўскага Мікалая Радзівіла Чорнага. У 1570 годзе разам з сынамі Радзівіла ён выехаў на вучобу ў Германію, дзе стаў студэнтам Лейпцыгскага ўніверсітэта. Там пад уплывам Рэфармацыі змяніў сваё праваслаўнае веравызнанне і стаў пратэстантам (кальвіністам). Вярнуўся на радзіму ў 1573 годзе з добрымі ведамі права, замежных моў, латыні і быў прыняты пры двары караля і вялікага князя Стэфана Баторыя. Разам з Баторыем удзельнічаў у Лівонскай вайне: у вызваленні Полацка ад маскоўскіх войск Івана Грознага ў 1579 годзе, у паходах на Вялікія Лукі і Пскоў 1580–1581 гадоў. У 1580 годзе быў прызначаны вялікакняжацкім сакратаром, у 1581 годзе – пісарам і з таго часу ўваходзіць у склад цеснага кола кіраўнікоў дзяржавы.

Разам з канцлерам Астафіем Валовічам і падканцлерам Крыштафам Мікалаем Радзівілам браў удзел у стварэнні вышэйшага апеляцыйнага суда дзяржавы – Галоўнага трыбунала Вялікага Княства Літоўскага. У 1584 годзе накіраваны паслом у Маскву да цара для вырашэння памежных пытанняў і абмену ваеннапалоннымі. За ўдалую дыпламатычную місію (падпісана новае перамір’е, з палону вызвалены 900 чалавек) у 1585 годзе атрымаў пасаду падканцлера ВКЛ, у 1586 годзе – пажыццёва Слонімскае староства. Зрабіў Слонім сваёй галоўнай рэзідэнцыяй.

У 29 гадоў (1586) ажаніўся з дачкой люблінскага кашталяна Даротай (памерла ў 1591 годзе) і меў ад гэтага шлюбу чатырох дзяцей, трое з якіх памерлі.

У 1585–1586 гадах у рэзідэнцыі Баторыя ў Гродне распрацоўваў праект уніі Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай, удзельнічаў у перамовах з маскоўскім пасольствам. У час бескаралеўя выступіў у 1587 годзе супраць спроб польскіх магнатаў падпарадкаваць сабе Вялікае Княства Літоўскае, прапанаваў маскоўскаму боку перамовы аб уніі дзяржаў, стаяў за абранне каралём і вялікім князем маскоўскага цара Фёдара, дзеля чаго ў сакавіку 1587 года сустракаўся ў Наваградку з яго пасольствам. Але калі на элекцыйным сойме гэта кандыдатура не атрымала падтрымкі, зрабіў стаўку на кандыдатуру шведскага каралевіча Жыгімонта Вазу. Дамогся зацвярджэння Жыгімонтам зводу законаў Статута Вялікага Княства Літоўскага 1588 года.

Статут быў адрэдагаваны Л.Сапегам, які, па сутнасці, стварыў новую канцэпцыю незалежнай беларуска-літоўскай дзяржавы. Гэта своеасаблівая канстытуцыя, якая фармулявала ідэю прававой дзяржавы, падкрэслівала суверэнітэт Вялікага Княства Літоўскага, забараняла чужаземцам набываць тут землі і пасады. Статут з’яўляецца выдатным помнікам беларускай мовы і юрыдычнай думкі феадальнай эпохі. Гэта быў самы прагрэсіўны на той час у Еўропе збор феадальнага права. За ўласны кошт Л.Сапега выдаў Статут у Вільні.

У XVII–XIX стагоддзях Статут Вялікага Княства Літоўскага перакладалі на рускую, украінскую, нямецкую, французскую, лацінскую мовы і выдавалі ў іншых краінах. Ён выкарыстоўваўся ў кадыфікацыі права ў Прусіі, Расіі, Украіне. У заканадаўстве і судах Польшчы, Латвіі, Эстоніі Статут 1588 года ўжываўся як дадатковая крыніца права. Гэты звод законаў, вытрымаўшы выпрабаванне часам, дзейнічаў на тэрыторыі Беларусі, Літвы і Правабярэжнай Украіны да 1840 года.

Нягледзячы на пэўныя разыходжанні ў поглядах на палітыку паміж каралём Жыгімонтам III і Львом Сапегам, кароль падтрымліваў Сапегу, аўтарытэт якога ў Беларусі і Літве быў вялікім.

У 1586 годзе Л.Сапега перайшоў з кальвінізму ў каталіцызм, што спрыяла яго далейшай кар’еры, аднак звычайна ён займаў талерантную пазіцыю ў рэлігійным пытанні. Яго пераход у каталіцызм адбыўся пад уплывам езуітаў, асабліва выдатнага прапаведніка Пятра Скаргі. Л.Сапега стаў найбольш буйным прыватным мецэнатам каталіцкай і уніяцкай цэркваў у Вялікім Княстве Літоўскім: пабудаваў і фінансаваў 24 храмы і манастыры – у Оршы, Слоніме, Ружанах, Вільні, Бялынічах, Брэсце, Чарэі, Жыровіцах і іншых, засноўваў пры іх школы і шпіталі.

У красавіку 1589 года атрымаў пасаду канцлера Вялікага Княства Літоўскага, што зрабіла яго кіраўніком знешняй і ўнутранай палітыкі дзяржавы ў адказны для яе перыяд.

Як кіраўнік дзяржаўнай канцылярыі, Л.Сапега займаўся ўпарадкаваннем дзяржаўных дакументаў: у 1594–1607 гадах па яго загадзе вёўся перапіс кніг Метрыкі Вялікага Княства Літоўскага – дзяржаўнага архіва, што дапамагло захаваць інфармацыю старажытных кніг XV–XVI стагоддзяў. Сёння копіі гэтых кніг з’яўляюцца неацэннай гістарычнай крыніцай, выдаюцца, і даследчыкі розных краін вывучаюць па іх даўнюю гісторыю ўсходнееўрапейскага рэгіёна.

У 1599 годзе Л.Сапега ажаніўся другі раз з 16-гадовай князёўнай Гальшкай (Лізаветай) Радзівіл – дачкой апекуна пратэстантызму ў Вялікім Княстве Літоўскім. Гэты шлюб прынёс яму новыя багатыя маёнткі і ўмацаванне сувязяў з пратэстанцкай апазіцыяй. Цяпер ён часта выступаў у палітычных спрэчках паміж каралём і пратэстантамі як пасрэднік. Ад гэтага шлюбу Л.Сапега меў трох дзяцей, з якіх Крыштаф Мікалай стаў пісарам, Леў – падканцлерам Вялікага Княства Літоўскага. У 1600 годзе Сапега выступіў міратворцам у канфлікце паміж дзвюма варожымі магнацкімі сем’ямі – Радзівіламі і Хадкевічамі, які ледзь не прывёў да грамадзянскай вайны ў дзяржаве.

Ён працягваў актыўна праводзіць усходнюю палітыку дзяржавы. Пасля смерці ў 1598 годзе цара Фёдара спрабаваў выставіць на маскоўскі трон кандыдатуру Жыгімонта III, а калі трон заняў Барыс Гадуноў, прапаноўваў праект жаніцьбы Жыгімонта з яго дачкой. Канчатковая мэта гэтага праекта прадугледжвала дзяржаўную унію Рэчы Паспалітай з Масквой. Але ажыццявіць яго не ўдалося. У 1600 годзе на чале пасольства ездзіў у Маскву, дзе была дасягнута дамоўленасць аб працягу перамір’я паміж дзяржавамі на 20 гадоў. Прыхільнік дзяржаўнай уніі з Маскоўскім царствам, ён асудзіў падтрымку паходу Ілжэдзмітрыя I на Маскву. Але пасля забойства ў 1606 годзе ў Маскве Ілжэдзмітрыя I стаў прыхільнікам вайны з Расіяй з мэтай пашырэння тэрыторыі Рэчы Паспалітай і кампенсацыі папярэдніх тэрытарыяльных страт Вялікага Княства Літоўскага. Удзельнічаў у перамовах і падпісанні Дзявулінскага перамір’я 1618 года на 14 гадоў паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскай дзяржавай.

У 1623 годзе Л.Сапега быў прызначаны Жыгімонтам Вазам на самую ганаровую пасаду ў Вялікім Княстве Літоўскім – ваяводы віленскага і адначасова адмовіўся ад пасады канцлера. Тады ж у складзе соймавай камісіі займаўся ўрэгуляваннем спрэчак паміж іерархіяй уніяцкай царквы і праваслаўнай апазіцыяй Беларусі і пошукамі шляхоў іх прымірэння.

У перыяд вайны са Швецыяй 68-гадовы Л.Сапега быў прызначаны гетманам вялікім літоўскім (25 ліпеня 1625 года) – галоўнакамандуючым беларуска-літоўскім войскам. На нарадзе сенатараў пасля смерці Жыгімонта Вазы яму было даручана падтрымліваць бяспеку ўсходніх межаў Вялікага Княства Літоўскага.

Памёр у Вільні ў час прыёму італьянскага пасольства. Пахаваны тут жа ў касцёле архангела Міхаіла.

(Працяг будзе.)

Публікацыя з № 91 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»