Ілюстрацыйнае фота – Наталля Фядосенка / ТАСС / Forum

Камісія рэлігійнай свабоды Злучаных Штатаў Амерыкі (USCIRF) выпусціла чарговую справаздачу пра Беларусь. У ёй адзначаецца, што з пачатку жніўня 2020 года, рэлігійныя свабоды беларусаў рэзка зменшыліся, піша “Новы Час”.

«З таго часу рэжым Аляксандра Лукашэнкі правёў чысткі сярод каталіцкага і праваслаўнага духавенства, якое крытыкавала ягоную аўтарытарную тактыку, праводзіў рэйды каталіцкіх і пратэстанцкіх набажэнстваў, а таксама публічна пашыраў антысеміцкія змовы і рыторыку», — адзначаецца ў дакуменце.

У справаздачы USCIRF нагадала, што яшчэ раней рэжым Лукашэнкі ўводзіў абмежаванні на служэнне замежных святароў у касцёлах, калі тыя мусілі атрымліваць асобны дазвол на службу ў краіне, і наогул павялічыў умяшанне ў справы Каталіцкай царквы.

3 ліпеня 2021 года ўлады ціснулі на праваслаўных, каталікоў, іўдзеяў і мусульманаў, каб тыя правялі малітвы за дзейных кіраўнікоў. Таксама адзначаны выпадкі публічнай крытыкі Лукашэнкам рэлігійнага гімну «Магутны Божа», абразлівай карыкатуры на ксяндзоў у дзяржаўнай газеце, дзе крыж прыраўнялі да свастыкі, і факт нядопуску ў краіну тагачаснага кіраўніка каталікоў Беларусі Тадэвуша Кандрусевіча, нягледзячы на наяўнасць у таго беларускага грамадзянства.

Дзяржаўная тэлевізія неаднаразова дапускала ў сваіх перадачах здзеклівыя азначэнні, у прыватнасці антысеміцкія заявы. Лукашэнка абвінавачваў міжнародную супольнасць у спробах «зруйнаваць праваслаўе ў Беларусі», а міністр замежных спраў Расіі, Сяргей Лаўроў заявіў, што Злучаныя Штаты нібыта намагаюцца стварыць у Беларусі аўтакефальную царкву, як раней адбылося ва Украіне.

USCIRF — незалежная двупартыйная камісія ўраду ЗША. Яна адсочвае выпадкі парушэння рэлігійных свабодаў ва ўсім свеце і дае рэкамендацыі прэзідэнту, дзяржсакратару і Кангрэсу ЗША.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»