Аляксандр Васілевіч і Надзея Зелянкова

Жонка бізнесмена Аляксандра Васілевіча распавяла «Народнай Волі» пра апошнія навіны ад мужа.

Хутка будзе 15 месяцаў, як знаходзіцца за кратамі вядомы беларускі бізнесмен Аляксандр Васілевіч – саўладальнік рэкламнага холдынга Vondel/Hepta, некалькіх сайтаў, а таксама галерэі «Ў».

Аляксандра Васілевіча мінулым летам затрымлівалі двойчы. Першы раз – калі ён прыйшоў у КДБ падаць хадайніцтва аб змене меры стрымання для прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду Віктара Бабарыкі. Тады паход у афіцыйную ўстанову закончыўся судом, Васілевічу далі 14 сутак – за тое, што ён нібыта «актыўна ўдзельнічаў у несанкцыянаваным мітынгу» і крычаў «Свабоду Бабарыку!».

Аляксандр з пратаколам не пагадзіўся. Адбыў адміністрацыйны арышт у ізалятары, выйшаў на волю і зноў быў затрыманы 27 жніўня прадстаўнікамі Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю.

4 верасня Васілевічу было прад’яўлена абвінавачанне. З-за ўзятай з адваката падпіскі аб невыдаванні матэрыялаў следства на дадзены момант не вядома, паводле якога артыкула Крымінальнага кодэкса яно прад’яўлена.

У якасці падазраванай па распачатай крымінальнай справе праходзіць і жонка Васілевіча – Надзея Зелянкова. Зараз Надзея з сям’ёй знаходзіцца ў Таліне. 2 снежня мінулага года ў іх нарадзілася дачка Уршуля.

– Як вядома, тэрмін знаходжання мужа пад вартай працягнуты да 27 снежня, – кажа Надзея. – Таму як мінімум 16 месяцаў ён будзе знаходзіцца ў СІЗА. Пра суд пакуль нічога не чуваць.

– Днямі Аляксандр стаў лаўрэатам прэміі імя Францішка Аляхновіча – за казкі з серыі «Тата і Пінгвін», якія ён напісаў у следчым ізалятары…

– Гэта, безумоўна, прыемная навіна для ўсіх нас, бо радуе любая дадатковая ўвага. Асабліва ўвага, да якой ты не прызвычаіўся. Калі б Саша атрымаў нейкую ўзнагароду, скажам, за дзейнасць у рэкламнай галіне, то гэта, мне падаецца, не стала б падзеяй. А тут было дастаткова нечакана, калі адзначылі літаратурныя здольнасці мужа, якія ён праяўляе падчас знаходжання ў турме.

– Пра што вам піша ў лістах?

– Апошнія два тыдні я наогул не атрымліваю лістоў ад Сашы, хаця раней праблем з перапіскай не ўзнікала. Нават і не ведаю, ці часовая гэта з’ява, але нейкага асаблівага стаўлення да мужа з боку адміністрацыі СІЗА не было. Зрэшты, ужо здаралася, калі ледзь не два тыдні няма ніводнага ліста, а потым прыходзяць адразу дзесяць.

Я чамусьці думаю, што гэта звязана са здароўем цэнзараў: калі хварэюць, то няма каму чытаць.

– Ведаю, што нават у ізалятары Аляксандр падтрымлівае фізічную форму…

– Падтрымлівае, наколькі гэта магчыма ў такіх умовах. Усё-такі ў СІЗА не самая лепшая атмасфера для заняткаў спортам. Але пісаў, што ў некаторыя дні за дзень адціскаецца па 700–900 разоў. Яны з суседам па камеры нават распрацавалі план трэніровак.

Праўда, зараз ёсць невялікія праблемы са здароўем – баліць горла, з’явіўся кашаль.

Не хацелася б, безумоўна, захварэць на каранавірус, хаця ўсё магчыма, бо ў камеры дванаццаць чалавек. І большая частка з іх не праходзіла вакцынацыю.

– Але ж ваш муж у СІЗА ўжо хварэў на каранавірус.

– Так, гэта было ў снежні мінулага года. Хваробу пераносіў досыць складана, а рэабілітацыя доўжылася некалькі месяцаў. І самаадчуванне было дрэннае, і выгляд такі ж самы.

А летам Сашу прапанавалі ў СІЗА вакцынацыю «Спутником», і ён на гэта пагадзіўся. Хаця, як вядома, нават пасля вакцынацыі людзі хварэюць.

– Як вы з дочкамі адаптаваліся да жыцця ў Эстоніі?

– Тут ніякіх праблем няма. Я працягваю працаваць у агенцтве Red Graphic, і для гэтага адлегласць – не перашкода.

Старэйшая дачка ходзіць у Таліне ў школу, малодшая падрастае. Абедзве праз некалькі дзён адзначаць свае дні народзінаў – яны з’явіліся на свет з розніцай у тры дні. 2 снежня Уршулі будзе год, а Саша дачку нават не бачыў…

Публікацыя з № 90 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»