Фота: sasharoshe / YouTube

На аўкцыён выставілі джып HONDA СR-V, які належыць Вікторыі Авяр’янавай.

Нагадаем, што сам Юрый Авяр’янаў знаходзіцца ў міжнародным вышуку. Яго абвінавачваюць ў няўплаце падаткаў.

«Згодна з матэрыяламі крымінальнай справы, ад 10 да 50 працэнтаў наяўнай выручкі ўстаноў, якія ўваходзілі ў структуру прадпрыемстваў, падкантрольных Авяр’янаву, не адбівалася ў бухгалтарскіх уліках, – паведамляла прэс-служба Генеральнай пракуратуры. – Для ўтойвання гэтых дзеянняў у касавыя апараты са змененым праграмным забеспячэннем уносіліся ілжывыя звесткі аб грашовых сродках, якія паступілі за змену. Менавіта гэтыя дадзеныя перадаваліся бухгалтарам для «белых» справаздач. Пры гэтым для Авяр’янава складалася «ценявая» справаздачнасць, якая змяшчала сапраўдныя дадзеныя. З дапамогай вынятку наяўных сродкаў з фактычнай выручкі прыніжалася падатковая база прадпрыемстваў, што прыводзіла да ўхілення ад выплаты сум падаткаў».

А дачку некалі ўплывовага бізнесмена затрымалі напрыканцы 2019 года ў Маскве, дэпартавалі ў Беларусь і больш за год таму прыгаварылі да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму – таксама за няўплату падаткаў. Год Вікторыі адмінусавалі па амністыі.

Як прагучала ў судзе, Авяр’янава павінна заплаціць у даход дзяржавы ў лік кампенсацыі ўрону 711.772 рублі. Сплаціла яна гэтыя грошы ці не – дакладна не вядома. Але джып Вікторыі Авяр’янавай 2007 года выпуску выставілі на аўкцыён, яго пачатковы кошт – 19.400 беларускіх рублёў. Таргі пачнуцца 1 снежня.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»