Калонка Алеся Няўвеся
Калонка Алеся Няўвеся

40-гадовы жыхар Барысава выпіваў разам з жонкай. Пасварыўшыся з ёю з-за рэўнасці, выйшаў з хаты і вярнуўся з гранатай. Вырваў з яе засцерагальнае кольца і распачаў допыт…

Што «загуляла» жонка трошку,
Падазраваў мужык даўно:
Раней тварыла цуды ў ложку,
Цяпер ляжыць, як бервяно.
Тут і гадаць не трэба доўга:
Знайшла кагось на старане,
Прычым, напэўна, маладога,
І той удосталь жонку мне.
Маўчаў, пакуль ён быў цвярозым,
Не намякаў на блуд мужык.
Калі ж заліў гарэлкай розум,
Як кажуць, развязаў язык.
Відаць, было якоесь свята,
Дык разам з жонкаю пілі:
Хоць невялікая зарплата –
Адшкадаваў мужык рублі.
І вось рашыў падчас папойкі
Абвінаваціць у граху:
– Каб не дайшло да сваркі-бойкі,
Прызнайся лепш як на духу:
Ты з кім, адорва, заблудзіла?
Хто плённа топча спадцішка?
Адразу ж жонка, што не дзіва,
Адбрыла гнеўна мужыка:
– Што ты вярзеш, заліўшы бельмы?
Аж вушы вянуць ад лухты!
– Гляджу я, смелай стала вельмі!
З суседам шашні круціш ты!
Не замаўкала ў мужа зяпа,
Ды ўсім пагрозам грош цана:
Нібы падпольшчыца ў гестапа,
На жаль, трымалася яна.
Цярпенне страціў «муж рагаты»,
Гнеў пераліўся цераз край.
І перш чым крыва выйсці з хаты,
Злавесна мовіў:
– Пачакай!

Вярнуўшыся, спытаў зацята:
– Дык скажаш мне, хто той казёл?
Была ў руцэ яго граната.
Мужык паклаў яе на стол
І кольца вырваў.
– Скажаш, жонка?
Іначай кольца падару
Замест каштоўнага пярсцёнка.
Няўжо табе не па нутру?
І ведаць не магла жанчына,
Што ў тэрарыста ў галаве:
Як не прызнаешся, магчыма,
Яе і сам сябе ўзарве,
Бо надта ж ён глядзіць варожа…
Як пагражаюць смерць і тло,
Дык кожны з нас прызнацца можа
У тым, чаго і не было.
А ці прызналася кабета,
Ахвяраваўшы гонар свой?
Ніхто не ведае пра гэта,
Ды людзі бачылі жывой…

***
Я не прарок, але прадбачу:
Калі пасадзяць у турму,
Дык «палавіна» перадачу
Не прынясе, бадай, яму.

Колер не мае значэння

– Чакаеш, мусібыць, Алеся
(Яно й напісана на лбе),
Што прынц на белым «Мерседэсе»
Усё-ткі забярэ цябе
І раскашэліцца на грошы…
– Няпраўда гэта! Бо спярша
Мне трэба чалавек харошы,
Каб светлаю была душа,
Каб ён кахаў мяне, ніколі,
Крый божа, з бойкамі не лез.
І для мяне не важны колер,
Што мае гэты «Мерседэс»…

Надзейная ацэнка

Ён мае ў псіхалогіі вагу
І выказаў сентэнцыю такую:
– Я чалавека ацаніць магу

Па тым, як яхту ўласную паркуе…

Беспрацоўны

– Страціць працу –вялікае гора, –
Ледзь не плача сусед малады. –
Пераехала фірма заўчора,
Ну а мне не сказалі – куды…

Скакуны

Мае думкі – мае скакуны!
І сягоння ўначы перад сном
Да мяне прыскакалі яны,
Так бы мовіць, усім табуном.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»