Дзяніс Хадасевіч

Кінуў будаўніцтва і заняўся тым, што падабалася

Гродзенцу Дзянісу Хадасевічу 34 гады, у яго сям’я, двое дзетак. Адукацыя – сярэдняя школа. Займаўся будаўніцтвам. Некалькі гадоў пасля школы разам з бацькамі жыў у ЗША, дзе таксама працаваў на будоўлі.

– ЗША – цудоўная краіна, але не для мяне, – прызнаецца Дзяніс. – Я прывык, што магу свайму сябру патэлефанаваць у любы час і запрасіць у лазню. А там усё ўладкавана па-іншаму. Таму і вярнуўся. Праўда, дзецям і жонцы хачу паказаць гэтую краіну – яна таго вартая.

У Гродне Дзяніс працягваў займацца будаўніцтвам, зарэгістраваў фірму, наняў рабочых, рабілі металічныя платы, але сёлета фірму давялося зачыніць.

– Стала вельмі складана працаваць, – уздыхае Хадасевіч. – Усе ўмелыя рабочыя, прафесіяналы, паз’язджалі за мяжу на заробкі, і тут стала вялікай праблемай знайсці патрэбных адмыслоўцаў.

І Дзяніс заняўся… вырабам мясных прадуктаў. Схільнасць да кухні ў яго была яшчэ з дзяцінства, вельмі падабалася марынаваць і смажыць шашлыкі.

– Я яшчэ падлеткам маму прасіў, каб мяне вучыла гатаваць розныя стравы, бо ўсім дзяўчатам падабалася, калі хлопцы ўмеюць гэта рабіць, – усміхаецца Дзяніс.

Выпрабоўваў на сябрах

І вось, праманіторыўшы рынак хатніх мясных прадуктаў, Дзяніс па рэцэптах, якія яму перадалі бабуля і мама, зрабіў на пробу хатнюю каўбасу, вяленае мяса, замарынаваў шашлык.

– Усё выпрабоўваў на сваіх сябрах і знаёмых – ім спадабалася. Ну, а калі ім спадабалася, то павінна быць добрым і для іншых.

Мяса гродзенец пачаў закупляць у прыватных гаспадароў, а займацца ім – у сваім доме, які месціцца побач з горадам (праўда, пакуль няма ўласнай гаспадаркі). На яго старонцы ў «Інстаграме» з’явіліся прапановы: паляндвіца хатняя, вяленая выразка, хатнія каўбасы, мясныя чыпсы са свініны альбо курыцы, слабасалёная скумбрыя… Працуюць удваіх з жонкай у статусе самазанятых.

– Асартымент пакуль не вельмі вялікі, але я ўжо заказаў абсталяванне для вырабу вэнджанага мяса, рыбы, сыроў, – дзеліцца Хадасевіч. – Бачу, што ў людзей гэта карыстаецца попытам.

За першы год дзейнасці зразумеў, што на гэтым можна зарабляць грошы, каб сям’я жыла ў дастатку. Усё пралічыў, абдумаў і вырашыў пашырыць сваю вытворчасць. Што датычыцца рэцэптаў, то, распавёў Дзяніс, ён цікавіўся рознымі кухнямі свету, але вырашыў спыніцца на традыцыйнай беларускай.

Людзі любяць натуральнае

Яго пакупнікі – самыя розныя людзі. І, як упэўніўся Дзяніс, усё больш і больш тых, хто хоча харчавацца хатнімі прадуктамі. Асабліва калі пакаштавалі мясныя вырабы, у якіх наогул адсутнічаюць якія-кольвек дадаткі. Дзяніс зразумеў, што традыцыйныя рэцэпты ад бабулі і мамы, у якіх акрамя мяса толькі каляндра, перац і іншыя натуральныя прыправы, – гэта тое, што дазволіць вытрымаць у доўгатэрміновай перспектыве любую канкурэнцыю.

– У нас ёсць пастаянныя пакупнікі, – гаворыць Хадасевіч. – Але я заўважаю, што на святы нават не самыя заможныя людзі імкнуцца заказаць хатнія прадукты, хаця яны і даражэйшыя. А таму працуем на кліента.

Дастаўку ў горад Дзяніс робіць сам, прычым нават па некалькі разоў на тыдзень. Кошты ў яго не самыя высокія: да прыкладу, паляндвіца – 26 рублёў за кілаграм, каўбаса хатняя – прыкладна столькі ж…

Што датычыцца самой працы, то, перакананы мой суразмоўца, яна больш цяжкая, чым на будоўлі. Кажа: працуем практычна з раніцы да вечара.

– Накрой, замарынуй адно, другое, трэцяе, запакуй… Гэта столькі часу і сіл аднімае! Але працаваць трэба паўсюль, галоўнае – любіць тое, што робіш. Інакш нічога не будзе атрымлівацца.

Хадасевіч кажа, што ніколі ў жыцці не працаваў на кагосьці і не хацеў бы. Маўляў, калі давядзецца ісці недзе на прадпрыемства і працаваць з 8 да 17, то гэта будзе азначаць, што ён ужо здзьмуўся.

«Шкада, што так мала беларускай кухні»

Мы разважаем пра сучасную кухню, харчаванне, і мой суразмоўца са скрухай задаецца пытаннем: чаму ў нашых рэстаранах практычна адсутнічае беларуская кухня, якой можна было б здзівіць не толькі турыстаў, але і саміх беларусаў, якія забыліся на яе?

– Сам я найбольш люблю беларускія клёцкі, звараныя, палітыя дробнымі скваркамі і пасыпаныя цыбулькай, – апетытна распавядае ён. – Гэта так смачна! Мая мама заўсёды іх гатавала.

Публікацыя з № 90 газеты “Народная Воля. Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»