У Вене прайшла міжнародная канферэнцыя аб будучыні Беларусі

Канферэнцыю арганізавалі федэральны канцлер Аўстрыі Аляксандр Шаленберг і міністр замежных спраў Міхаэль Лінхарт пры ўдзеле Офіса Святланы Ціханоўскай. Паводле слоў Шаленберга, Еўропа павінна паважаць барацьбу беларускага народа.

У Вене прайшла міжнародная канферэнцыя аб будучыні Беларусі
Міжнародная канферэнцыя ў Вене. Міхаэль Лінхарт, Святлана Ціханоўская, Аляксандр Шаленберг, Олівер Вархелі, 22.11.2021

Што заявілі ўдзельнікі канферэнцыі па выніках дыскусіі

Аляксандар Шаленберг заявіў, што Еўропа павінна мець дыялог наўпрост з грамадзянскай супольнасцю Беларусі, быць з’яднанай і ўводзіць сапраўды эфектыўныя санкцыі супраць дзейных нелегітымных улад. Шлях да сапраўдных дэмакратычных выбараў і транзіту ўлады ў Беларусі, на думку канцлера, пракладзе толькі рэальны дыялог.

На пытанне пра актыўны аўстрыйскі ўдзел у эканоміцы Беларусі канцлер адказаў, што грошы ідуць прыватным, а не дзяржаўным кампаніям, а таксама Аўстрыя не хоча біць санкцыямі па людзях, толькі па рэжыме. Аднак у гэтым пытанні пастаянна адбываюцца дыскусіі з партнёрамі. Акрамя таго, ёсць асцярогі, што ў выпадку поўнага згортвання працы шэрагу кампаній яны будуць проста заменены ў Беларусі іншымі кампаніямі, якім, магчыма, не будзе справы да шанавання правоў чалавека і іншых базавых пытанняў.

Паводле слоў Шаленберга, краіна працягне, у тым ліку праз міністра замежных спраў Беларусі Макея, дамагацца таго, каб нелегітымныя ўлады селі за стол перамоў.

Святлана Ціханоўская нагадала пра жахлівыя лічбы палітвязняў на радзіме, пра забітых і пра тых, хто быў змушаны часова пакінуць краіну.

«Лукашэнку нельга перавучыць. Яму нельга верыць. Дыялог павінен адбыцца толькі паміж беларусамі, прычым тады, калі выпусцяць усіх незаконна пасаджаных у турму. Я асобна папрасіла на сённяшняй сустрэчы палітыкаў з іншых краін не мець ніякіх кантактаў з рэжымам, пакуль ён не выканае нашых патрабаванняў».

Таксама Ціханоўская адзначыла важнасць эфектыўных санкцый супраць атачэння Лукашэнкі, бо «дыпламатычнай мовы рэжым не разумее».

Еўракамісар Олівер Вархелі паведаміў, што 33 мільёны еўра дапамогі ўжо пайшлі ў розныя сектары дэмакратычнай супольнасці Беларусі ад жніўня, а цяпер Еўропа працягне курс на дапамогу незалежнай журналістыцы, недзяржаўным арганізацыям і іншым сферам беларускай незалежнай супольнасці.

Міхаэль Лінхарт зазначыў, што мігранцкі крызіс не здолеў адцягнуць увагу еўрапейскіх палітыкаў ад таго, што робіцца ўнутры Беларусі, ніхто не адмовіўся ад курсу на дэмакратычную Беларусь, на спрыянне вызваленню краіны. Мэта гэтых захадаў адна – «каб кожны ў Беларусі меў шанец квітнець». Дыпламатычная акадэмія Вены абвясціла набор 15 маладых беларусаў на праграму навучання.

Што казалі ўдзельнікі падчас канферэнцыі

Еўракамісар Олівер Вархелі прывітаў беларускую палітычную дзяячку перад пачаткам канферэнцыі і перадаў апошнюю інфармацыю пра завоз бясплатных вакцын у Беларусь: у справу ўвайшла Сусветная арганізацыя здароўя, трэба дазбіраць мільён вакцын, і Еўропа ўжо блізкая да гэтага. Ён яшчэ раз падкрэсліў, што вакцыны – пытанне не палітыкі, а жыццяў беларусаў.

Міністр замежных спраў Фінляндыі Пека Хаавіста падкрэсліў, што хоць людзі не могуць цяпер адкрыта пратэставаць, гэта не значыць, што беларусы не хочуць перамен. Лукашэнка пры гэтым не жадае ўваходзіць у дыялог з апазіцыяй, а ключавы пункт для развязвання крызісу – Расія, якая супрацоўнічае з Лукашэнкам і падтрымлівае яго.

Кіраўнік МЗС Германіі Хайка Маас заявіў, што Еўрасаюз надалей працуе над санкцыямі супраць рэжыму Лукашэнкі: на мінулым тыдні быў прыняты базіс пятага пакета, куды ўвайшлі суддзі, пракуроры, асобы са службаў бяспекі, якія маюць дачыненне да рэпрэсій. Таксама Еўропа і Германія падтрымліваюць запуск спраў па ўніверсальнай юрысдыкцыі, каб спыніць беззаконне. На саміце Усходняга партнёрства павінен прагучаць голас дэмакратычных сіл Беларусі.

Міністр замежных спраў Польшчы Збігнеў Раў асабліва адзначыў, што беларусы заплацілі вялізную цану за сваю мару, загінулі людзі. Еўропа і ЗША, на думку міністра, павінны быць адзіныя, а санкцыйны спіс – шырокі. Ён запэўніў, што міжнародная супольнасць «не вернецца ў статус-кво, які быў да выбараў 2020 года».

Намеснік міністра замежных спраў Літвы Мантас Адаменас звярнуў увагу ўдзельнікаў Венскай канферэнцыі на тое, што паляпшэнняў у Беларусі так і не адбылося: крызіс на мяжы працягваецца, а беларусаў па-ранейшаму арыштоўваюць і кідаюць у турмы. Рэформу, прапанаваную Лукашэнкам, нельга лічыць канстытуцыйнай, бо яе высунуў нелегітымны дыктатар, а не законны кіраўнік краіны. Зараз, на думку Адаменаса, важна змусіць рэжым размаўляць і перадаваць уладу, а таксама захаваць незалежнасць Беларусі ад Расіі.

Святлана Ціханоўская ў сваім выступленні адзначыла, што трэба працягваць ціск на рэжым, вызваліць усіх зняволеных па палітычных матывах і не рабіць ніякіх саступак нелегітымнаму Лукашэнку на чале Беларусі. Дыялог можа пачацца толькі пасля вызвалення ўсіх невінаватых.

«Востры гуманітарны і палітычны крызісы ў Беларусі яскрава паказвае, што сітуацыя далёкая ад стабільнай. Дыктатар, трымаючыся за ўладу, адчуваючы поўную беспакаранасць, працягвае тэрарызаваць не толькі беларусаў, але і суседнія краіны. Беларусы ў сваёй краіне не пачуваюцца ў бяспецы, а Еўропа не можа адчуваць сябе ў бяспецы, пакуль пры ўладзе Лукашэнка.

Вы можаце ўбачыць яго нядаўняе інтэрв’ю BBC, дзе ён прызнаўся ў масавых катаваннях і садзейнічанні кантрабандзе мігрантаў. Ён не здаецца чалавекам, які кантралюе сітуацыю. Больш за тое, ён здаецца няўпэўненым і роспачным, дзейнічае імпульсіўна і эмацыйна, імкнучыся ўсімі сіламі ўтрымацца ва ўладзе. Сёння гэта кантрабанда мігрантаў – што ён будзе рабіць заўтра?»

Разам з гэтым Ціханоўская выказала шкадаванне, што чым больш зацягваецца крызіс, тым больш прывабным робіцца вяртанне да формул «бізнес у звычайным рэжыме» і «Realpolitik».

«Мы бачым гэта з памежным крызісам: рэжым збольшага атрымаў тое, чаго хацеў, – пэўную дадатковую легітымнасць праз узаемадзеянне. Але мы падкрэсліваем, што гэта не павінна быць нормай. Няма сэнсу звязвацца з рэжымам, бо яму нельга давяраць. Мы таксама бачым, што рэжым спрабуе разбурыць адзінства, якое існавала сярод еўрапейскіх лідараў дагэтуль».

Ціханоўская заклікала да паслядоўнасці ў патрабаваннях і дзеяннях.

«Мы не павінны траціць увагу да выбараў. Рэальныя змены могуць прынесці толькі выбары, а не іх імітацыя. Прапанаваны рэжымам канстытуцыйны рэферэндум мае на мэце замарозіць крызіс і ўмацаваць аўтарытарную сістэму. Два дні таму дэмакратычныя сілы Беларусі прэзентавалі сумесную стратэгію правядзення так званага рэферэндуму. Зараз няма ўмоў для правядзення дэмакратычнага рэферэндуму, але мы скарыстаем сваё права голасу і пазбавім рэжым якой-кольвечы легітымнасці».

На думку Ціханоўскай, патрэбна паслядоўнасць санкцый – калі яны будуць прыняты, то павінны быць цвёрдымі і без «пралазаў», бо «паўмеры толькі шкодныя».

Апрача арганізатараў, у канферэнцыі ўзялі ўдзел камісар Еўрасаюза ў пытаннях пашырэння і еўрапейскай палітыкі суседства Олівер Вархелі, а таксама міністры замежных спраў Славеніі, Нямеччыны, Славаччыны, Фінляндыі, Латвіі і Эстоніі.

Сярод іншага, на канферэнцыі ацанілі ролю АБСЕ ў барацьбе з рэжымам Лукашэнкі ў шэрагу пытанняў, сярод якіх фальсіфікацыі выбараў, гуманітарны крызіс, грубыя парушэнні правоў чалавека, наступствы для рэгіянальнай бяспекі пасля ўгону самалёта Ryanair, міграцыйны крызіс і адмова ад вяршэнства закона. Святлана Ціханоўская ў сваёй праграмнай прамове сказала:

«Правядзенне міжнароднай канферэнцыі такога ўзроўню яшчэ раз падкрэслівае, што вырашэнне палітычнага крызісу ў Беларусі з’яўляецца цэнтральным пытаннем для Еўропы сёння. Я ўдзячная федэральнаму канцлеру Шаленбергу і міністру Лінхарту за арганізацыю гэтай канферэнцыі і садзейнічанне ў пошуку канструктыўных падыходаў да ўрэгулявання крызісу з удзелам дэмакратычных сіл Беларусі».

Беларускія ўлады адмовіліся ўзяць удзел

Раней афіцыйны Мінск адмовіўся ад удзелу ў венскай канферэнцыі аб Беларусі. Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей назваў яе «бясплённай і бессэнсоўнай задумай».

«Больш за тое, мы разглядаем яе як абсалютна недружалюбны крок у дачыненні да Беларусі. Ніхто з афіцыйных асоб беларускага боку ў ёй удзелу браць не будзе. Хай для птушкачкі яны правядуць гэтую імпрэзу, абмяркоўваючы каторы раз з вядомымі беглымі апанентамі ўлады пэрспектывы змянення ўлады ў Беларусі, не маючы на тое ніякіх сіл і здольнасцяў», – заявіў Макей падчас сумеснай прэс-канферэнцыі з міністрам замежных спраў Расіі Сяргеем Лаўровым у Маскве.

Расійскі міністр Лаўроў падтрымаў Макея. Ён сказаў, што «так дыялог не запускаюць».

(Паводле замежных СМІ)

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»