Калонка Алеся Няўвеся
Калонка Алеся Няўвеся

У Пружанах даішнікі затрымалі п’янага інструктара аўташколы, які ў
дадатак яшчэ і не меў пры сабе правоў. Побач з інструктарам у аўтамабілі
сядзела маладая курсантка аўташколы…

Гэтым разам выпіўшым на ўрок
Завітаў інструктар аўташколы.
Сёння ён на грудзі ўзяў знарок –
Меў настрой гуллівы і вясёлы.
А чаму? З курсанткай маладой
Сёння ён заняткі будзе весці,
Дык сябе заправіў не вадой,
Закаўтаўшы «два разы па дзвесце».
Трохі памуцілася ў вачах,
Але хто сказаў, што гэта дрэнна?
Як рукой не трапіць на рычаг –
Трапіць на дзявочае калена.
«Дзеўка не пакрыўдзіцца тады, –
Думаў ён, – бо ўсё-такі паддаты,
І без тармазоў, маўляў, глузды.
Разважаюць так усе дзяўчаты».
А калі дзяўчына хоць бы хны
І руку з калена не адкіне,
Зоймуцца любошчамі яны –
Спадзяваўся. Можна і ў машыне.
Гэта – планы-мары. А пакуль
Вырашыў майстэрствам пахваліцца:
– Сам спачатку сяду я за руль,
Пакажу, як трэба…
Вучаніца
Ледзьве не жахнулася:
– Але ж
Вы, прабачце, трохі нецвярозы…
– Ну і што? Майстэрства не прап’еш!
Дый не акасеў я з гэткай дозы.
Вучаніца вутнулася аж,
Ледзь язык не прыкусіла ў роце,
Як чарговы выпісаў віраж
І затармазіў Шумахер наш
На крутым і слізкім павароце.
«Ну, – рашыў, – мая яна цяпер…»
Ды настрой зрабіўся невясёлым:

З паласатай палкай – афіцэр,
Быццам ён з нябёс зляцеў анёлам.
Палкай той падзюбаў ён у шкло:
– Выйдзіце з машыны, калі ласка…
Моташна інструктару было,
І ад спуду ён зубамі ляскаў.
Да таго ж не ўзяў з сабой правы,
Бо былі зусім другія планы…
– Без правоў «шумахерыце» вы,
Акрамя таго, яшчэ і п’яны, –
Афіцэр унюхаў перагар,
Што адчуць ільга не толькі зблізку
(А інструктар дыхаў проста ў твар),
І падвёў пад іх размовай рыску:
– Ведайце: заклаўшы за каўнер,
Трэба парасят вучыць пад плотам.
І калі правоў няма цяпер,
Дык няхай не будзе іх і потым…

***
Роспачна інструктар чэша плеш,
Мусібыць, нап’ецца нават з гора:
Хоць майстэрства й праўда не прап’еш,
Ды яно спатрэбіцца не скора…

Капітан і пацукі

На караблі аўтарытэт адзін.
І гэта, безумоўна, капітан.
З павагай на яго мы ўсе глядзім,
Як кажуць, ён для нас і Бог, і пан.
Але як карабель падсеў на мель,
Ці хвалі шторму мнуць яму бакі,
Дык ці патоне ўрэшце карабель,

Арыенцір усё-ткі – пацукі…

Сустрэла радасна падлога

Быў на вечарынцы стол багаты,
Выпіў я з сябрамі вельмі многа.
Мне на грудзі, як прыйшоў дахаты,
Кінулася з радасцю падлога…

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»