Юля Чычкова

Усё пачалося з лялькі

Многія ў Гродне ведаюць кандытара Юлію Чычкову. Яна займаецца выпечкай на заказ тартоў і розных іншых вырабаў. Працуе адна ў хатніх умовах.

Мае трох сыноў школьнага і дашкольнага ўзросту. За плячыма філалагічны факультэт універсітэта імя Янкі Купалы. Юліі падабалася праца настаўніка, яна ўмела наладзіць добрыя стасункі з дзецьмі, але бюракратыя, якая панавала ў школе ў часы, калі яна праходзіла практыку, адштурхнула дзяўчыну ад педагагічнай дзейнасці.

На апошнім курсе падпрацоўвала ў адной фірме дыспетчарам, а калі надышоў час размеркавання, то высветлілася, што месцаў для ўсіх выпускнікоў не хапае. Такім чынам, нішто не перашкаджала працягнуць працоўную дзейнасць не ў якасці настаўніка, а знайсці сябе, напрыклад, у гандлёвай фірме. Працавала дыспетчарам, меркетолагам. Потым пайшла ў дэкрэтны адпачынак.

Першы торт Юля, не маючы ніякага вопыту, зрабіла ў падарунак на дзень нараджэння сваёй пляменніцы. Ён зусім не паходзіў на тыя, што прадаюцца ў крамах: быў зроблены ў выглядзе лялькі ў прыгожым убранні з рознымі дэталямі, нагадваў хутчэй дарагую цацку, а не слодыч, які ставяць на стол, каб потым з’есці. І па смаку спадабаўся ўсім гасцям.

– Усе тады вохкалі і ахкалі: маўляў, які торт! Некаторыя не верылі, што гэта зрабіла я, – згадвае жанчына. – А я пякла яго ўсю ноч, у мяне не было вопыту, а яшчэ даводзілася адрывацца, каб пакарміць трохмесячнага сына. І тым не менш гэта справа зацікавіла, я адчула задавальненне.

Потым спатрэбіўся торт на ўрачыстасць маме, затым іншым родным, сябрам, знаёмым… А для таго, каб здзіўляць, кожны раз даводзілася сядзець па начах у інтэрнэце і вучыцца, браць адтуль новыя ідэі і тэхналогіі.

– Муж раніцай уставаў на працу і здзіўлена пытаўся: ты што, спаць не клалася? – з усмешкай распавядае мая суразмоўніца.

Пайшлі заказы. Восем гадоў таму, калі Юля пачынала пячы на заказ, у горадзе было ўсяго некалькі прыватных кандытараў. Людзі традыцыйна набывалі тарты ў крамах, але шмат хто ўжо выязджаў за мяжу, пабачыў свет, пазнаёміўся з узорамі кандытарскіх вырабаў і таму на значныя ўрачыстасці хацеў паставіць на стол нешта больш арыгінальнае.

Прыгажосці Юліі Чычковай
Тарты Юліі Чычковай
Прыгажосці Юліі Чычковай
Тарты Юліі Чычковай

– Тады яшчэ не было «Інстаграма», толькі-толькі ў моду ўваходзілі «Аднакласнікі», а галоўнай крыніцай рэкламы для заказчыкаў было сарафаннае радыё, – згадвае Юля.

Тады ў крамах яшчэ не прадаваліся гатовыя «дэталькі» для торта – шакаладныя шарыкі, фігуркі і іншыя ўпрыгажэнні. Усё гэта, як і наогул дэкор торта, Юля прыдумвала і рабіла сама. І абавязкова – толькі з самых якасных інгрэдыентаў.

– Я вырашыла, што якасць майго прадукту – вышэй за ўсё, – кажа кандытар. – Ніякіх загушчальнікаў і замяняльнікаў – такі дэвіз і да сёння.

Амаль пяць гадоў свае шэдэўры Юля рабіла на агульнай кухні ў інтэрнаце, дзе жыла сям’я.

– Калі ўсе гаспадыні адыходзілі спаць, я займала кухню, працірала ўсё антысептыкам і пачынала працаваць, – згадвае яна. – А шостай раніцы, калі гаспадыні падымаліся гатаваць сняданак, я ўсё чысценька прыбірала, зноў працірала антысептыкам пліты, сталы і вярталася ў свой блок.

«Лёс сам зрабіў за мяне выбар»

Калі дэкрэтны адпачынак у Юлі заканчваўся, высветлілася, што на працу ёй няма куды вяртацца – яе пасаду ў гандлёвай фірме ліквідавалі.

– Спробы знайсці новую работу былі, але, калі даведваліся, што ў мяне трое малых дзетак, у лепшым выпадку абяцалі патэлефанаваць, – згадвае жанчына. – А я лічу, што мае дзеці – гэта мой гонар і ніхто не мае права мяне гэтым папракаць. Таму ў пэўным сэнсе лёс сам зрабіў за мяне выбар – я надалей стала займацца тартамі і печывам.

Калі ў сеціве пачаў набіраць папулярнасць «Інстаграм», яна стала даваць рэкламу там, выстаўляць здымкі з вынікамі сваёй працы. Гэта значна павялічыла колькасць заказаў. Дні нараджэння, вяселлі, іншыя святы – кліентаў дадавалася. Юля прапаноўвае каля дзесяці розных відаў тартоў, а таксама выконвае індывідуальныя замовы на густ кліента.

Прыватнаму кандытару даводзіцца праводзіць на кухні практычна цэлы тыдзень і найбольш у выхадныя дні.

– Мы працуем, калі ўсе звычайна адпачываюць. Часта даводзіцца пячы і начамі, калі шмат заказаў.

Юля вельмі ўдзячна свайму мужу, які іграе істотную ролю ў выхаванні дзяцей, пры тым што сам працуе. Інакш яе занятак быў бы немагчымы. Дзеці прызвычаіліся, што маме нельга перашкаджаць, а можна толькі дапамагаць. Дзякуючы такой падтрымцы ўсёй сям’і жанчына сваёй нялёгкай працай зарабляе больш, чым некалі атрымлівала, працуючы ў прыватнай фірме маркетолагам.

«Лепшым дзецям у свеце»

Хто ж заказвае тарты? Самыя розныя людзі, якія хочуць зрабіць прыемнае сваім блізкім, родным, хочуць, каб свята было ўрачыстае і эстэтычнае. Дарэчы, торты Юлі заказваюць не толькі гродзенцы. Часам яе творы едуць у іншыя гарады вобласці, нехта з заказчыкаў адвозiў торт нават у Мінск.

Прыгажосці Юліі Чычковай
Тарты Юліі Чычковай

А ёсць яшчэ і заказы з Амерыкі, Францыі, Польшчы, Фінляндыі, іншых краін. Іх людзі робяць праз «Інстаграм» на нейкае свята альбо ўрачыстасць родным, блізкім ці знаёмым, якія жывуць у Гродне. Такія заказы, кажа кандытар, даводзіцца выконваць даволі часта.

Прыгажосці Юліі Чычковай
Тарты Юліі Чычковай

– Адзін з такіх заказаў вельмі запомніўся, – прыгадвае Юля. – Мама, якая працуе ў Фінляндыі, не магла прыехаць на дзень нараджэння сваіх маленькіх сыноў і заказала ім торт з фігуркамі малпачак са старога савецкага мультфільма пра тое, як мама-малпа шукала сваіх непаслухмяных дзетак, і з надпісам «Лепшым дзецям у свеце».

Нехта віншуе бацькоў з юбілеем ці з чарговай гадавінай шлюбу. Такія падарункі, кажа Юля, вельмі прыемна перадаваць не толькі таму, што атрымліваеш за гэта грошы, але і таму, што бачыш, як радуюцца людзі, і ад іх табе перадаюцца энергія і пазітыў.

Прыгажосці Юліі Чычковай
Тарты Юліі Чычковай

«Злёт тартанутых»

Мая суразмоўніца, якая сама стварыла сабе працоўнае месца і забяспечыла сябе матэрыяльна, прыйшла да высновы, што найбольшае задавальненне атрымлівае ўсё ж ад творчасці. Гэты працэс патрабуе пастаяннага прафесійнага ўдасканалення, пошукаў, новых ідэй, эксперыментаў. Акунуўшыся ў канкурэнтнае асяроддзе, Юля пачала заўважаць, што ў адносінах паміж людзьмі аднаго роду дзейнасці не заўсёды пануюць шчырасць і спагадлівасць. Так нарадзілася ідэя ператварыць негатыў у пазітыў.

Юля прапанавала сабраць у горадзе тых, хто прыватна займаецца выпечкай тартоў, каб з канкурэнтаў ператварыцца ў калег. Мерапрыемства яна назвала «Злёт тартанутых». У першай сустрэчы бралі ўдзел каля 20 гродзенскіх кандытараў. Удалося пазнаёміцца, пагутарыць і зблізіцца.

– А ўжо наступныя злёты насілі больш адукацыйны характар, – распавядае Юля. – Мы запрашалі прасунутых адмыслоўцаў-кандытараў са сталіцы, навучаліся, як весці старонку ў «Інстаграме», лекцыі нам чыталі фатографы і відэографы і г.д.

Злёты зблізілі тых, хто займаецца кандытарскай справай у Гродне, працаваць стала лягчэй і цікавей. Дарэчы, падобныя злёты не праводзяцца больш нідзе ні ў Беларусі, ні ў суседняй Расіі. Летась аб’яднанне прыватных кандытараў правяло ў Гродне «Фэст тартанутых», быў праведзены прафесійны конкурс, прызавы фонд якога складаў тры тысячы долараў.

Публікацыя з № 89 газеты “Народная Воля.
Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»