Калі паглядзець на вынікі, якія паказваюць апошнім часам у Беларусі прадстаўнікі розных відаў спорту, і на тыя заявы, што робяць спартыўныя чыноўнікі і розныя «спецыялісты», то можна канстатаваць: чэмпіянат па фантазёрстве паспяхова набірае абароты. Жадаючыя паўдзельнічаць у ім павінны падаваць заяўкі зараз, бо прэтэндэнтаў ужо як мінімум на чвэрцьфіналу.

Вось, напрыклад, днямі кіраўнік Беларускай федэрацыі гандбола Уладзімір Канаплёў намаляваў для зборнай такую неверагодна прыгожую карціну, што хоць сёння яе выстаўляй у зале беларускай спартыўнай славы, каб народ глядзеў і захапляўся.

«Задача на чэмпіянат Еўропы 2022 года канкрэтная – стаць чэмпіёнамі Еўропы, – аптымістычна рубануў былы старшыня Палаты прадстаўнікоў, які, па ўсім бачна, умее ставіць задачы і ў палітыцы, і ў спорце. – Напэўна, гэта выкліча ўсмешку ў многіх людзей… Аднак нам пара набліжацца і займаць прыстойныя месцы! Хлопцы ўжо самі хочуць медалі!..»

Мяркуючы па гэтым выказванні, чэмпіёнства на першынстве Еўропы – гэта толькі першая станцыя на шляху да прыстойных месцаў. Далей – свет, галактыка, а там і да пакарэння Сусвету недалёка.

Тое, што «хлопцы хочуць», канешне, добра, аднак нядрэнна, калі б жаданні яшчэ і супадалі з магчымасцямі.

Бачыць свет у канцы тунэля і Міхаіл Грабоўскі, які раней гуляў у НХЛ, а зараз працуе на пасадзе генеральнага менеджара зборнай Беларусі па хакеі.

«Будзем рабіць тое, што на працягу апошніх 100 гадоў робіць зборная Канады, – акрэсліў Грабоўскі ўжо больш далёкія перспектывы. – Яны гуляюць па адзінай сістэме, але дададзім сваю філасофію хакея і будзем далей рухацца ў гэтым накірунку».

Нічога не маю супраць памкненняў вядомага ў мінулым хакеіста, але хачу нагадаць яму, што апошнім часам у беларускім хакеі было столькі «філосафаў» (у тым ліку і з сілавых структур), што пальцаў толькі рук не хопіць, каб пералічыць. Відаць, усе ўмелі добра асвойваць мільёны бюджэтных долараў, якія выдаткоўваліся на развіццё хакея, але тым не менш сёння наш хакей аказаўся на такім днішчы, што сорамна каму сказаць. Але ж ці гэта галоўнае? Галоўнае, каб у бліжэйшы час фінансаванне не спынялася, а некуды рухацца ўсё роўна будзем.

Толькі вось, як паказвае практыка, калі мы спрабуем «дадаць сваю філасофію» ў тое, што працавала на працягу стагоддзяў, вынік атрымліваецца зусім не той, што быў заяўлены.

Не адстае ад вышэйзгаданых таварышаў і генеральны дырэктар «Беларуськалія» Іван Галаваты. Саліднае прадпрыемства – спонсар футбольнай каманды «Шахцёр», якая другі год запар стала чэмпіёнам краіны. Але пераможца, як аказалася, лепшы… сярод горшых.

У мінулым сезоне на еўрапейскай арэне непераможны ў сваім футбольным «балоце» клуб, які за апошнія гады асвоіў нямала шахцёрскіх грошай, з трэскам вылецеў на стадыі 2-га кваліфікацыйнага раўнда Лігі канферэнцый. І двойчы прайграў «Шахцёр» не англійскаму «Ліверпулю» або італьянскаму «Ювентусу», а «Фоле» з Люксембурга.

«Я думаю, што гэтую тэндэнцыю мы зламаем, – аптымістычна заяўляе сёння спадар Галаваты. – Будзем змагацца і перамагаць. Будзем упэўнена рухацца ў еўракубках далей, як і ў нашым беларускім чэмпіянаце».

І тут не паспрачаешся: калі «змагацца і перамагаць» – дык гэта, канечне ж, «тэндэнцыю зламае». Справа за малым…

…І толькі галоўны трэнер зборнай Беларусі па футболе Георгій Кандрацьеў, чые падначаленыя прайгралі шэсць матчаў і занялі ў адборачнай групе апошняе месца, парадаваў мяне, калі шчыра прызнаўся: «Хачу выйграваць. Хоць у футболе, хоць у більярд. Але не заўсёды атрымліваецца».

Тут хоць без фантазій. А мая парада футбольнай зборнай: лепш ужо ў більярд!

Публікацыя з № 89 газеты “Народная Воля.
Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»