Ігар Варашкевіч. Фота wikipedia.org

Апошнім часам некаторыя беларускія музыканты і нават цэлыя гурты з-за сітуацыі ў краіне вымушаны былі пакінуць Беларусь. Але не ўсе.

«Думка з’ехаць, напэўна, вельмі шмат каму прыходзіць, – распавёў у адным са сваіх апошніх інтэрв’ю лідар гурта «Крама» Ігар ВАРАШКЕВІЧ. – Я не хачу з’язджаць. Увогуле не хачу. Па-першае, не хачу, па-другое, мяне ніхто нідзе не чакае. А ехаць шасцідзесяцігадоваму чалавеку невядома куды, невядома да каго – і што?

Што я там буду рабіць? На вуліцы спяваць свае беларускамоўныя песні? Яны там нікому не патрэбны. Гэтыя песні патрэбны тут, а не дзесьці там. Я разумею, што яны не гучаць зараз, але ж і там яны не будуць гучаць. Але тут у іх ёсць патрэба. 

Я хачу жыць на сваёй зямлі, там, дзе я нарадзіўся і жыў усё жыццё. Калі будзе пагроза для жыцця, то гэта ўжо іншае».

Паводле слоў Варашкевіча, «Крама» цяпер не мае магчымасці выступаць у Беларусі.

«Зараз фактычна існуе трэцяя забарона, як заўсёды, без аніякіх тлумачэнняў і паперак, – адзначае музыкант. – Гастрольнае пасведчанне па-простаму не выдаецца. Мы спрабавалі зрабіць прэзентацыю альбома, нам «гастрольку» не далі, таму прэзентацыя прайшла ў анлайн-фармаце. І з улікам абставін усё было дастаткова сакрэтна, каб не прыехалі вядомыя хлопцы. Збірацца на рэпетыцыю сэнсу няма. Нам дастаткова дзвюх рэпетыцый, каб мы адыгралі паўнавартасны двухгадзінны канцэрт.

…Таму мы знаходзімся ў такім закансерваваным стане, але, калі будзе магчымасць выступіць, то дзве рэпетыцыі – і ніхто не заўважыць, што мы паўгода не збіраліся».

Публікацыя з № 89 газеты “Народная Воля.
Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»