Анатоль Вярцінскі. Фота: budzma.org

Учора знакаміты паэт, грамадскі дзеяч Анатоль Вярцінскі адзначыў чарговы юбілей – 90 гадоў з дня нараджэння. Віншуем!

За яго плячыма – жыццё, напоўненае ўсім тым, на што яно багата. Родам са звычайнай сялянскай сям’і. Яго малая радзіма – вёска Дзямешкава Лепельскага раёна. Пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта працаваў у шэрагу раённых газет. У 1962 годзе пераехаў у Мінск, быў рэдактарам выдавецтва «Беларусь», літкансультантам, адказным сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў. У 1986–1990 гадах – галоўны рэдактар газеты «Літаратура і мастацтва». Менавіта дзякуючы прынцыповай пазіцыі Анатоля Ільіча на старонках выдання з’явіліся першыя публікацыі пра Курапаты.

А.І.Вярцінскі браў удзел у рабоце XXXII сесіі Генеральнай Асамблеі ААН, быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі 12-га склікання. Ён актыўна садзейнічаў таму, каб былі прыняты Дэкларацыя аб незалежнасці і новая Канстытуцыя Беларусі. З’яўляецца лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі.

З-пад пяра Анатоля Вярцінскага выйшла мноства паэтычных кніг. Яму належаць таксама драматургічныя творы і публіцыстычныя нататкі. Чытачоў «Народнай Волі» ён не аднойчы радаваў сваімі вострымі артыкуламі.

Немагчыма пералічыць усе жыццёвыя здабыткі шаноўнага Анатоля Ільіча. На жаль, яго ў апошні час стала падводзіць здароўе. Таму наша шчырае пажаданне: трымайцеся, даражэнькі, няхай ваша сонейка не спяшаецца заходзіць за небасхіл!

Народавольцы.

Анатоль ВЯРЦІНСКІ

Калі гвалтуюць Айчыну…

Так, кожны гвалт – злачынны.

Справа рук сатаны.

Але гвалт над Айчынай –

гвалт двайны, трайны.

Калі гвалтуюць Айчыну –

гвалтуюць тваю жанчыну,

гвалтуюць маці тваю,

гвалтуюць тваю радню,

гвалтуюць цябе самога,

кроўны пачатак твой,

існасць тваю, твайго Бога

(змагаюцца Бог з сатаной).

І з гэтым гвалтам мірыцца –

сябе самога забыць,

найбольшаму злу скарыцца,

найгоршым адступнікам быць.

Калі гвалтуюць Айчыну –

мужчына, будзь мужчынам,

яе ратаваць ідзі,

яе заслані грудзьмі.

Няма выйшэйшага чыну –

няма і не было, –

чым бараніць Айчыну,

калі ёй робяць зло.

(1998)

Была узрушанасць парыва…

Была узрушанасць парыва,

была даверлівасць цяпла…

Любві магчымасць апаліла,

магчымасць шчасця апякла.

Гарэў, як пацалунак лёсу,

на нашых вуснах той апёк,

калі мы засыналі позна

і гас лясны наш аганёк.

Сны наплывалі, нібы хвалі,

за хваляй хваля – сон за сном.

Мы ў сне, шчаслівыя, ляталі…

Ды дзень стаіўся за акном.

I потым стукаў асцярожна,

сінеў цвяроза у акне.

Мы абуджаліся трывожна:

«Наяве ўсё было ці ў сне?»

Глядзелі сумнымі вачыма

у неасветлены куток,

і ўспамінаўся нам радок:

«А шчасце так было магчыма».

Публікацыя з № 89 газеты “Народная Воля.
Падпісацца на газету.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»