Еўрасаюз пашырыў юрыдычныя рамкі прымянення санкцый супраць Беларусі

Міністры замежных спраў краін Еўрасаюза 15 лістапада пашырылі юрыдычныя рамкі санкцый супраць улад Беларусі, адказных за міграцыйны крызіс.

Савет Еўрасаюза ўнёс папраўкі ў свой рэжым санкцый з улікам сітуацыі на мяжы ЕС з Беларуссю, каб мець магчымасць рэагаваць на інструменталізацыю людзей, якая ажыццяўляецца беларускім рэжымам у палітычных мэтах.

У рэжым санкцый былі ўнесены папраўкі на падставе рашэння Савета і пастановы Савета ЕС, якія пашыраюць крытэрыі, на якіх могуць грунтавацца канкрэтныя вызначальныя рашэнні аб накладанні санкцый.

Цяпер ЕС зможа пераследаваць фізічных і юрыдычных асоб, якія арганізуюць або садзейнічаюць дзейнасці рэжыму Лукашэнкі, што спрыяе незаконнаму перасячэнню вонкавых межаў ЕС.

Еўрасаюз пашырыў юрыдычныя рамкі прымянення санкцый супраць Беларусі
Жазэп Барэль

«Сённяшняе рашэнне адлюстроўвае рашучасць Еўрапейскага Саюза супрацьстаяць інструменталізацыі мігрантаў у палітычных мэтах. Мы спыняем гэтую бесчалавечную і незаконную практыку. У той жа час мы працягваем падкрэсліваць непрымальныя рэпрэсіі рэжыму супраць уласнага насельніцтва ў сябе дома, якія працягваюцца, і мы будзем рэагаваць адпаведным чынам», – заявіў у сувязі з прынятым сёння Саветам ЕС рашэннем Жазэп Барэль, вярхоўны прадстаўнік ЕС у замежных справах і палітыцы бяспекі.

Сённяшняе рашэнне, гаворыцца у афіцыйнай публікацыі на сайце Еўрапейскага савета і Савета ЕС, стала вынікам высноў Еўрапейскага савета ад 21 і 22 кастрычніка 2021 года, у якіх лідары ЕС заявілі, што яны не прымуць ніякіх спроб трэціх краін выкарыстоўваць мігрантаў у палітычных мэтах, асудзілі ўсе гібрыдныя атакі на межах ЕС і пацвердзілі, што яны адкажуць адпаведна.

10 лістапада высокі прадстаўнік у знешняй палітыцы выступіў з заявай ад імя ЕС, у якой рэзка асудзіў рэжым Лукашэнкі за наўмыснае стварэнне пагрозы жыццю і дабрабыту людзей і распальванне крызісу на знешніх межах ЕС у спробе адцягнуць увагу ад сітуацыі ў Беларусі, дзе «жорсткія рэпрэсіі і парушэнні правоў чалавека працягваюцца і нават пагаршаюцца».

Мяркуецца, што санкцыі будуць распаўсюджаны на авіякампаніі і турагенцтвы, якія, як лічаць у Еўрасаюзе, маюць дачыненне да перапраўкі мігрантаў да мяжы Беларусі з ЕС.
Імаверна, пад персанальныя санкцыі трапяць каля 30 беларускіх чыноўнікаў, датычных да крытычнай сітуацыі з мігрантамі на мяжы.

Гэта будзе пяты пакет санкцый Еўрасаюза, папярэднія ўводзіліся ў кастрычніку, лістападзе і снежні 2020 года, а таксама ў чэрвені 2021-га.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»