Офіс грамадскага аб'яднання «БНФ "Адраджэнне"»

У Беларусі афіцыйна ліквідавана адно са старэйшых грамадскіх аб’яднанняў

Справу аб ліквідацыі грамадскага аб’яднання «БНФ “Адраджэнне”» ініцыявалі яшчэ ў канцы ліпеня. Пасля пазову Міністэрства юстыцыі.  Суд адбыўся 10 лістапада. Прысуд вынесла суддзя Рыма Філіпчык.

Пра судовае рашэнне “Радыё Свабодзе” 12 лістапада паведаміў намеснік старшыні грамадскага аб’яднання Юрась Меляшкевіч.

Падставай для ліквідацыі аднаго са старэйшых грамадскіх аб’яднанняў краіны стала непадача дакументаў, якія чыноўнікі запатрабавалі ад арганізацыі. Пры гэтым яе мінскі офіс апячатаны ад 14 ліпеня, калі па краіне пракацілася хваля ператрусаў у грамадскіх арганізацыях.

Падчас ператрусу ў сядзібе БНФ, на вуліцы Чарнышэўскага, у адсутнасць прадстаўнікоў арганізацыі, Следчы камітэт забраў бухгалтарскія і іншыя дакументы, а сам офіс апячатаў.

На звароты аб’яднання аб неабходнасці разблакаваць доступ у памяшканне дзеля таго, каб выканаць патрабаванні Міністэрства юстыцыі, следчыя структуры адказалі адмоўна.

Раней разгляд справы аб ліквідацыі БНФ прыпынілі на падставе таго, што арганізацыя абскардзіла ў Вярхоўным судзе пісьмовыя папярэджанні. Аднак па выніках кастрычніцкага разгляду гэтых скаргаў суд пастанавіў пакінуць пісьмовыя папярэджанні ў сіле.

Грамадскае аб’яднанне «БНФ “Адраджэнне”» заснавана ў 1988 годзе, а зарэгістравана як агульнанацыянальнае грамадскае аб’яднанне ў 1991 годзе. У 1999 годзе адбыўся раскол агульнага руху, ад чаго ўтварыліся дзве асобныя партыі – Кансерватыўна-хрысціянская партыя «Беларускі народны фронт» (КХП-БНФ) пад кіраўніцтвам Зянона Пазняка і Партыя БНФ.

Аб’яднанне структурна-юрыдычна адасобленае ад Партыі БНФ, але склад кіраўніцтва палітычнай партыі і руху з’яўляецца ідэнтычным – абедзве арганізацыі ўзначальвае старшыня Рыгор Кастусёў, які цяпер знаходзіцца пад вартай у СІЗА КДБ. Супадае ў аб’яднання і партыі склад Сойму як кіруючага органу.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»