Калонка Алеся Няўвеся
Калонка Алеся Няўвеся

У вёсцы Любань, што на Гомельшчыне, 13 гадоў доўжылася афёра, якую арганізавала начальніца паштовага аддзялення. Яе ахвярамі сталі 63 жыхары Акцябрскага і Светлагорскага раёнаў, якія аддалі махлярцы 260.427 рублёў. Яна абяцала аформіць выгадны ўклад, але да банка грошы не даходзілі…

Дасюль гавораць у народзе,
Хаця нямала іншых тэм,
Пра злыдня-злодзея Маўродзі
І піраміду «МММ».
Калісьці тая піраміда
Накрыла ледзь не ўвесь народ,
А ўсёмагутная Феміда
Не брала доўга ў абарот.
Хоць напладзілі вельмі многа
Іх, пірамід, з тае пары,
Пайшлі дарогай да астрога
Не ўсе, вядома, махляры.
Яны будуюць пірамідкі,
На жаль, і ў нашай старане,
Люд абдзіраючы да ніткі…
«Чаму б не збудаваць і мне? –
Адна кабеціна рашыла
(Яна паштаркаю была). –
Няхай падзеляцца грашыма
«Буржуі» з нашага сяла.
Я маю грошай вельмі мала,
А ў некаторых – будзь здароў!»
І «апрацоўваць» ціха стала
Яна мясцовых жыхароў:
– Ужо няма ашчаднай кніжкі,
Як колісь, сорак год назад,
І той, хто мае грошай лішкі,
У банку адкрывае ўклад,
А ён налічвае працэнты,
Каб людзі грошай больш здалі.
Ды банк далёка, у райцэнтры.
Свае даляры і рублі
Табе туды вазіць навошта?

Там валакіты вельмі шмат.
Дык дапаможа наша пошта
Зрабіць найбольш улежны ўклад…
І людзі ёй давалі веры,
І неслі грошы сапраўды,
Каб мець «працэнтаў да халеры».
Найперш бабулі і дзяды
На пошце ёй савалі ў рукі
Свае апошнія рублі,
Каб за працэнты дзеці-ўнукі
Дастойна пахаваць маглі.
І неўзабаве пагалоскі
Пра адмысловы шанц такі
Пайшлі ад вёскі і да вёскі,
І павалілі хадакі,
І ўсе такому шчасцю рады,
І неслі не рублёў па сто,
І застагналі, калі ўклады
Забраць уздумаў хто-ніхто…
Хоць чуе ад людзей паштарка
Праклёны, многа брыдкіх слоў,
Але як мёртваму прыпарка
Праклён для розных махляроў…

***
Цяпер нікому мы не верым,
Ды ўсё адно параду дам
Усім вясковым «мільянерам»,
Тым больш бабулям і дзядам:
Калі няма жадання несці
У банк даляры і рублі
(Бо ходзяць чуткі-плёткі дзесьці,
Што банкі чахнуць пачалі),
Збірайце грошыкі патроху,
І каб не мець затым праблем,
Вы іх засоўвайце ў панчоху:
Панчоха – лепш, чым «МММ».

Лавелас

Любіў гульнуць на старане
І выказаўся тонка:
– Што вельмі добра для мяне,
То для суседа – жонка…

Адна рыска

Трагедыю адчуўшы блізкую,

Зрабіў такое адкрыццё:
Характару адною рыскаю
Закрэсліць можна ўсё жыццё…

Было задумана не так

Сядзіць у інтэрнэце свет…
І ці паверыць нехта з нас,
Што хтось прыдумаў інтэрнэт,
Каб людзям зэканоміць час?

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»