Роман Бондаренко. Фото: onliner.by

З верасня 2020 года ў Мінску двор, які знаходзіцца на скрыжаванні вуліцы Чарвякова і Сморгаўскага тракту, атрымаў неафіцыйную назву «Плошча Перамен». Тады тут з’явіўся мурал з выявай «дыджэяў перамен», а жыхары вакольных дамоў пачалі ладзіць дваровыя канцэрты і іншыя імпрэзы.

За верасень і кастрычнік камунальныя службы пад наглядам міліцыі больш за дзесяць разоў знішчалі славутае графіці. Аднак яно кожны раз аднаўлялася на старым месцы. 15 лістапада 2020 года тут прайшла апошняя буйная акцыя пратэсту, у выніку якой затрымалі сотні чалавек, а яшчэ прыкладна такая ж колькасць каля сутак хавалася ад сілавікоў у кватэрах і падвалах суседніх дамоў.

Жыхар «плошчы Перамен» Яўген працуе над кнігай, прысвечанай падзеям восені 2020 года, якія адбываліся ля знакамітага мурала. У размове са Свабодай ён расказаў, якой «плошча Перамен» была год таму і што там адбываецца цяпер.

«Я кожны дзень успамінаю тыя падзеі, працуючы над кнігай, – расказвае Яўген. – Сабраў вялікую колькасць відэаматэрыялаў, фота, узяў 13 інтэрв’ю аб тым, што адбывалася тады. Таму, хачу альбо не, я ўсё адно вяртаюся да тых падзей, хоць выехаў з Мінска два месяцы таму. Летась я сам удзельнічаў у большасці падзей, акцый. Вельмі шмат фактараў склалася так, каб там адбывалася ўсё, што адбылося».

Яўген лічыць, што да аб’яднання вакол «плошчы Перамен» людзей падштурхнулі масавыя фальсіфікацыі і падзеі на Акрэсціна і ў іншых ізалятарах. Усё гэта стварыла напружанне ў людзях, якое ў выніку перарадзілася ў «плошчу Перамен» на скрыжаванні Сморгаўскага тракту і вуліцы Чарвякова. Людзі там, як і ў іншых раёнах Мінска, пачалі пратэставаць адразу пасля выбараў.

«У гэты ж час з’явіўся і першы мурал, – расказвае Яўген. – Неўзабаве стварылі новы дваровы чат, дзе абмяркоўвалі ўжо не побыт, а ўзаемадзеянне на палітычнай прасторы. Адно за адным падцягнулася, так утварылася гэтае месца. Назву «Плошча Перамен» прыдумалі канкрэтныя людзі, хоць гэта і адбылося даволі спантанна. Гэта былі тыя, хто маляваў першы мурал. Жыхары нашага раёна. Але трэба разумець, што «плошча Перамен» – гэта з’ява. Гэта не тры дамы ля той пляцоўкі, гэта ўвесь раён. Рома Бандарэнка, напрыклад, жыў за два аўтобусныя прыпынкі ад самой плошчы. Але ён лічыцца паўнавартасным жыхаром «плошчы Перамен». Бо гэта не прапіска ў канкрэтным доме, гэта актыўны ўдзел у жыцці двара».

Паводле слоў Яўгена, актыўнасць жыхароў «плошчы Перамен» рэзка знізілася пасля забойства Рамана Бандарэнкі. На іх моцна паўплывала як ягоная гібель, так і разгон акцыі 15 лістапада, а таксама знішчэнне мемарыяла ў памяць аб Рамане.

«Мы нават не думалі збірацца там у першыя дні пасля гэтага, – расказвае Яўген. – Дакладней, думалі, але гэта ўсё стала патрабаваць велізарнага рэсурсу. Мемарыял у двары таксама быў цяжкім выпрабаваннем у эмацыйным плане. Бо двор стаў не толькі пляцоўкай для актыўнасці і сустрэч, але стаў ужо мемарыяльным месцам. Гэта было цяжка. Таму першыя некалькі тыдняў пасля ўсяго там нічога не адбывалася. У дадатак там адразу паставілі патруль, яны пільна за ўсім сачылі дзень і ноч. Стаяў аўтамабіль з людзьмі ў міліцэйскай форме, назавём яе так. Яны назіралі за ўсім, што адбываецца».

Суразмоўца ўспамінае, што першая акцыя пасля разгону 15 лістапада на «плошчы Перамен» прайшла праз месяц пасля смерці Бандарэнкі. Людзі выйшлі ў двор у пэўны час на «хвіліну маўчання»: сталі ў шэраг і паднялі рукі з тэлефонамі. Тады абышлося без затрыманняў. Пастаяннае назіранне сілавікі знялі з «плошчы Перамен» толькі ў канцы сакавіка 2021 года.

«Гэта было вельмі непрыемна, – успамінае Яўген. – Вельмі непрыемна ад таго, што ты не можаш гэтую тэрыторыю ўспрымаць як сваю. Гэта твой двор, але больш ён не твой. У цябе няма прасторы для выказванняў. Хоць нехта і з гумарам ставіўся. Прыдумляў ім (сілавікам. – РС) мянушкі, людзі ўначы з вокнаў ім крычалі ўсякае. Пераклічкі адбываліся. Сілавікі хадзілі з ліхтарамі, спрабавалі высветліць, хто менавіта крычыць. Але ж там сотні вокнаў. Зрабіць жа нешта адкрыта не атрымлівалася. Праз два месяцы з дня смерці Рамана людзі зноў выйшлі з ліхтарамі, але тады ўжо былі затрыманні, прыязджаў АМАП».

Цяпер на «плошчы Перамен», паводле слоў Яўгена, «не адбываецца нічога». Людзі размаўляюць адзін з адным, абмяркоўваюць падзеі, сустракаюцца, але гэта ўсё адбываецца вельмі патаемна.

«Узровень падполля стаў настолькі глыбокі, што простаму мінаку яго ўжо складана заўважыць, скажам так, – гаворыць ён. – Адпаведна, і яго эфектыўнасць зніжаецца. Я хутчэй гэта цяпер успрымаю як падтрымку адзін аднаго. Супакаенне свайго сумлення. Маўляў, я яшчэ нешта раблю, не апусціў рук. Мы не забылі і не даравалі, як гэта і сцвярджалася ў вядомых лозунгах».

Паводле слоў Яўгена, жыхары «Плошчы Перамен» перажылі велізарны стрэс ад падзей мінулага года. Ад чакання хуткай перамогі да адчування, што ты ніхто, што цябе могуць раздушыць. Што дзяржава можа такімі жорсткімі спосабамі абыходзіцца са сваімі грамадзянамі.

«У першую чаргу складана было тым, хто на «плошчы Перамен» далучаўся да грамадскай актыўнасці ўпершыню, – кажа Яўген. – А такіх там была большасць. Для такіх людзей гэта вялізная траўма цяпер. Як яны з яе выйшлі, гэта вялікае пытанне: ці выйшлі яны больш азлобленымі або, наадварот, расчараванымі?»

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»