Мікалай Радзівіл Чорны атрымлівае тытул князя ад імператара Карла 9

(Працяг. Пачатак у №№77–84, 86.)

10. Радзівілы

Радзівілы – адзін з найбуйнейшых магнацкіх родаў Еўропы, прадстаўнікі якога ў XVI–XVIII стагоддзях займалі першае месца сярод магнатаў Вялікага Княства Літоўскага па магутнасці, колькасці маёнткаў і палітычным уплыве. Радзівілы займалі высокія дзяржаўныя пасады ў Вялікім Княстве Літоўскім і Рэчы Паспалітай, адыгрывалі першыя ролі ў палітычным, сацыяльна-эканамічным і культурным жыцці.

Аб паходжанні Радзівілаў існуе некалькі паданняў. Паводле аднаго з іх, Радзівілы паходзілі з вышэйшага жрэчаскага саслоўя язычніцкай Літвы, і родапачынальнікам з’яўляецца жрэц Лыздзейка. Першым гістарычна вядомым носьбітам прозвішча быў Мікалай Радзівіл Осцік-Крысцін.

Іх гістарычны след. Радзівілы
Герб «Тромбы», прыняты Осцікам-Крысцінам ад палякаў паводле Гарадзельскай уніі (1413).

У 1547 годзе Мікалай Радзівіл Чорны атрымаў тытул князя Свяшчэннай Рымскай імперыі, які распаўсюдзіўся затым на ўсю фамілію.

Радзівілы валодалі гарадамі, мястэчкамі і сотнямі вёсак у Беларусі і Літве. У 1586 годзе паміж братамі Мікалаем Крыштафам, Альбрэхтам і Станіславам з нясвіжскай лініі Радзівілаў было заключана пагадненне аб стварэнні Клецкай, Нясвіжскай і Алыцкай ардынацый – непадзельных уласных маёнткаў, што перадаваліся ў спадчыну толькі па мужчынскай лініі. У XVI–XVIII стагоддзях Радзівілы мелі сваё войска са шляхты і ваеннаслужачых людзей, якія атрымлівалі за службу зямлю «навечна». Мелі і свае крэпасці: Нясвіж, Біржы, Кейданы, Мір, Любчу і іншыя з гарнізонамі. У сярэдзіне XVIII стагоддзя Радзівілы заснавалі кадэцкія корпусы ў Слуцку і Нясвіжы. Войска Г.Ф.Радзівіла налічвала 6 тысяч чалавек (столькі ж мела ўся армія Вялікага Княства Літоўскага). У сваіх уладаннях Радзівілы трымаліся як удзельныя князі. У радаводах да аднолькавых імёнаў дадавалі нумары і мянушкі, як у пануючых еўрапейскіх дынастыях. Мікалай Радзівіл Чорны атрымлівае тытул князя ад імператара Карла 9.

Радзівілы адыгрывалі значную ролю ў культурным і рэлігійным жыцці. У XVI–XVIII стагоддзях частка з іх перайшла ў кальвінізм і кіравала пратэстанцкай супольнасцю краіны. Большасць Радзівілаў засталіся католікамі. У сваіх гарадах і маёнтках яны адкрывалі школы і друкарні, збіралі архівы. Князі Радзівілы мелі некалькі архіваў: у Нясвіжы, Берліне, Варшаве, Небарове, Карноўчыцах. Нясвіжскі архіў – самы старажытны. Ён з’яўляецца каштоўнейшым гістарычна складзеным комплексам дакументаў для вывучэння гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Адна яго частка зараз захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў Мінску, другая – у Галоўным архіве старажытных актаў у Варшаве. Карта Вялікага Княства Літоўскага, створаная на пачатку XVII стагоддзя па загадзе Мікалая Крыштафа Радзівіла па мянушцы Сіротка, была адной з лепшых сярод падобных карт у свеце. Прадстаўнікі роду вядомыя як мецэнаты, кампазітары, заснавальнікі мануфактур.

Шырокую вядомасць меў Нясвіжскі тэатр, у якім сярод іншых ставіліся драматычныя творы Уршулі Радзівіл, Нясвіжскія музычная і балетная школы. Антоні Радзівіл (1775–1883) здабыў вядомасць як кампазітар, аўтар першай оперы «Фауст».

Прадстаўнікі роду займалі высокія дзяржаўныя пасады. Восем канцлераў, сем гетманаў, 15 кашталянаў, 19 маршалкаў Вялікага Княства Літоўскага, 19 ваяводаў былі з роду Радзівілаў.

Род Радзівілаў быў у сваяцтве з арыстакратычнымі сем’ямі Еўропы, пануючымі дамамі Прусіі, Ангальта, Нойбурга, Курляндыі, Малдовы. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай напрыканцы XVIII – на пачатку ХХ стагоддзя яны ўваходзілі ў склад арыстакратыі Расіі, Прусіі і Аўстрыі, валодалі маёнткамі ў Францыі. Прадстаўнікі роду жывуць сёння ў Польшчы, Францыі, Вялікабрытаніі, ЗША, Канадзе і іншых краінах.

(Працяг будзе.)

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»