Калонка Алеся Няўвеся
Калонка Алеся Няўвеся

20-гадовы жыхар Бабруйска прачытаў у інтэрнэце, што для ўмацавання імунітэту трэба есці мухаморы. Ён насушыў гэтых грыбоў і стаў піхаць іх у рот, штодзённа павялічваючы дозу. А нядаўна маладзён выскачыў на дарогу і галавой разбіў лабавое шкло і фары ў дзвюх маршрутках…

Вядома ўсім, што інтэрнэт
Парой, на жаль, накшталт памыйкі,
І давяраць яму не след,
Каб не чапляліся памылкі.
Даюць парады жаба й жук,
Каб мы чыталі іх запоем,
І нават дактароў навук
Заткнуць дарадчыкі за пояс.
Такі «знаток» адкрыў сакрэт
Для тых, хто вельмі часта хворы:
Ільга ўзмацніць імунітэт,
Як будзеш есці мухаморы.
Канешне, невук ён ці хлус:
Ад мухамораў горай будзе.
Але наіўны беларус
Паверыў гэтакай аблудзе,
Параду ўбіў сабе ў глузды.
Ён на рашэнні вельмі скоры
(Ну што паробіш – малады):
Збіраць паехаў мухаморы.
А быў грыбны сезон такі,
Што не пустыя ў лесе сцежкі.
Збіраў народ баравікі,
Грузды, абабкі, сыраежкі,
Ніхто не кідаў свой пагляд
Туды, дзе вырас грыб чырвоны,
Таму было іх надта шмат –
Наўсцяж квітнелі парасоны.
І маладзён адвёў душу,
Прывёз грыбоў не менш як дзвесце.
«Я мухаморы засушу
І да вясны іх буду есці,
Хоць нават мухамор адзін
Заб’е любы мікроб у целе
І лёгка, як пшаніцу млын,
Каранавірус перамеле», –

Так разважаў. Як сухары,
Узяўся грызці мухаморы.
І ўжо адчуў праз тыдні тры,
Што, калі трэба, зверне горы:
Бадай, не страшная й чума
Цяпер яго імунітэту!
Еў мухаморы нездарма,
І гэта ён пакажа свету!
Імунітэт магутны свой
Адважна вынес на дарогу,
Машыну вутнуў галавой…
Жывым застаўся, дзякуй богу,
І толькі зазвінела шкло –
Яно не вытрымала ўдару.
Самому моташна было,
Калі «пацалаваў» ён фару:
Зламаны нос, разбіты твар,
Наогул хворы дзень каторы.
Чаму ж папёрся ён да фар?
Бо ў фарах бачыў мухаморы…

***

Ну што сказаць на гэта мне?
Бадай, не будзе нечаканкі,
Як заўтра есці ён пачне
Не мухаморы, а паганкі.

Чаму маўчыць народ?

Народ усё ж «адкрые рот»,
Калі нястача дапячэ.
Калі ж пакуль маўчыць народ,
Дык, значыць, штось жуе яшчэ…

Прыемны пах

– А ты прыемна пахнеш так,
Што я глытаю сліны аж.
Твае духі мне вельмі ўсмак…
– Ды проста з’ела я бяляш.

Бяссонніца

Бяссонніца, як сатана,
Вярэдзіць нас, але яна
Адзіная магчымасць часам
З сабою пабываць сам-насам…

Спадчына

Спадчына…
Камусьці – куш харошы:
Можа атрымаць такія грошы!
А камусьці (гэта не сакрэт)
Перадасца толькі дыябет…

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»