(Працяг. Пачатак у №№77–84.)

9. Усяслаў Брачыславіч (каля 1029 г. – 1101 г.)

Усяслаў Брачыславіч – буйны ўсходнееўрапейскі палітычны лідар XI стагоддзя, нашчадак вялікага кіеўскага князя Уладзіміра Хрысціцеля, самы славуты з полацкіх князёў.

Усяслаў сеў на трон пасля свайго бацькі Брачыслава і княжыў у Полацку больш за паўстагоддзе. Умацаваўшыся, з 60-х гадоў XI стагоддзя пачаў энергічную дзейнасць на ўсходнееўрапейскай арэне. У 1060 годзе падтрымаў Кіеў у барацьбе з качэўнікамі.

Уся яго дзейнасць была прасякнута імкненнем узвысіць і ўмацаваць Полацкае княства, надаць Полацку большую значнасць сярод галоўных гарадоў таго часу. Дзяржаўную асобнасць сваёй зямлі падкрэсліў узвядзеннем у 60-я гады ў Полацку Сафійскага сабора – трэцяга храма такога тыпу ва Усходняй Еўропе і чацвёртага ў свеце. Ён паведаміў гэтым свету пра роўнасць Полацка з Кіевам і Ноўгарадам, дзе такія храмы з’явіліся трохі раней, а таксама даў новы імпульс для развіцця мастацтва і асветы – для функцыянавання сабора патрэбны былі адукаваныя людзі, кнігі, прадметы культу, абразы. Сафійскі сабор стаў сэрцам Полацкай дзяржавы. Тут не толькі маліліся, але прымалі паслоў, абвяшчалі вайну і падпісвалі мір, захоўвалі княжацкі скарб і самую старажытную ў Беларусі бібліятэку. У XII стагоддзі вучоныя манахі выводзілі тут радкі Полацкага летапісу.

Выкарыстаўшы спрыяльныя палітычныя абставіны – пачатак феадальных міжусобіц, Усяслаў уступіў у барацьбу з сынамі знакамітага кіеўскага князя Яраслава Мудрага за ўплыў на ўсходнеславянскіх землях: хадзіў паходам на Пскоў (1065), захапіў Ноўгарад (1066).

Помстай за гэтыя дзеянні стала спусташэнне Яраславічамі Менска і кровапралітная бітва на Нямізе ў 1067 годзе, якая ўскалыхнула грамадскую свядомасть старажытнай Русі і засталася ў памяці некалькіх пакаленняў, адбілася ў «Аповесці мінулых гадоў» і «Слове аб палку Ігаравым».

Разбіты на Нямізе, Усяслаў не быў цалкам пераможаны. Яраславічы запрасілі яго на перамовы, а самі захапілі ў палон, адвезлі ў Кіеў і пасадзілі ў цямніцу. Але з вязняў ён быў раптоўна «ўзнесены» ў вялікія князі. У час паўстання ў Кіеве ў 1068 годзе ўзбунтаваная «чэрнь» вызваліла Усяслава з цямніцы і абвясціла вялікім князем, што сведчыла пра наяўнасць у Кіеве шматлікіх прыхільнікаў полацкага палонніка, якія лічылі яго права на велікакняжацкі пасад законным.

Усяслаў княжыў у Кіеве сем месяцаў. Пад уладай князя ў Полацку апынулася тады больш за палову ўсходнеславянскай зямлі ад Ноўгарада да Чорнага мора. Але калі выгнаны паўстанцамі вялікі князь Ізяслаў пры падтрымцы войска польскага караля Баляслава Храбрага рушыў на Кіеў адстойваць «справядлівасць», Усяслаў вярнуўся ў Полацк – на радзіме ён меў большую падтрымку. Кіеўскія князі і надалей не пакідалі намеру перамагчы Усяслава, але гэта не ўдалося ні Яраславічам, ні ў 70–80-я гады XI стагоддзя Уладзіміру Манамаху. Усяслаў адстаяў і Полацк, і незалежнасць свайго княства.

Эпоха Усяслава з’яўляецца адным з самых важных і яркіх перыядаў старажытнай гісторыі Беларусі. Гэта быў час найбольшай магутнасці старажытна-беларускай дзяржавы.

У сучаснікаў асоба Усяслава і яго жыццё, поўнае рашучых учынкаў, бліскучых узлётаў і трагічных паражэнняў, выклікалі здзіўленне, здаваліся загадкавымі. Невыпадкова яго ахрысцілі Чарадзеем, верылі, што ён можа абарочвацца воўкам. Летапісы звязваюць яго жыццё і дзейнасць з нейкімі дзівосамі. Сярод іх – паданне аб яго нараджэнні ад чарадзейства. Пасля смерці князь стаў героем легенд, гістарычных песень і былін. Усяслаў стаў правобразам быліннага героя Волха Усяславіча – мудрага валадара і смелага воіна. Памяць пра ваенныя подзвігі Усяслава захавала сказанні пра Іллю Мурамца, якія з пакалення ў пакаленне перадаваліся ва ўсходнеславянскіх землях. Прыхільным да Усяслава быў геніяльны аўтар «Слова аб палку Ігаравым», і ён ўславіў яго як эпічнага героя «з вешчаю душою ў мужным целе», які быў сапернікам самога бога сонца Хорса.

«В лето 6609 (1101 г.) преставился Всеслав, Полоцкий князь, месяца апреля, в 14 день в 9 час дня, в среду» – незвычайная для летапісаў храналагічная дакладнасць, як і незвычайная сама гістарычная постаць.

Нямала нашчадкаў Усяслава Чарадзея ўвайшло ў гісторыю. Але найбольшую славу Полацку прынеслі не ваяры. Зрабіць гэта было наканавана яго ўнучцы – асветніцы Еўфрасінні Полацкай, якая кананізавана, прызнана нябеснай апякункай Беларусі.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»