Калонка Алеся Няўвеся
Калонка Алеся Няўвеся

Пенсіянерка з Маладзечна купіла ў сэканд-хэндзе штаны і знайшла ў іх 100 еўра. У банку хацела абмяняць валюту на рублі, але старую затрымалі, бо купюра аказалася фальшывай.

Хто сярмяжны, небагаты
І знасіў адзенне ўшчэнт,
Той цяпер не шые латы –
Ёсць для бедных сэканд-хэнд.
Часам нават без прымеркі
Штось бяруць пакупнікі.
Для яе, пенсіянеркі,
Быў расклад якраз такі,
І абноскі, скажам прама,
Набывала ў краме той.
Для бабулі стала крама
Проста «жылай залатой»,
Бо, каб вопратку чужую
Не даношвала яна
(Дзякуй нейкаму буржую,
Што адзенню грош цана!),
Не вылазіла б з кватэры –
Засталася б без шмацця.
(Ці ж маглі б пенсіянеры
Весці гэткі лад жыцця?)
Гэтым разам захацела
Там набыць сабе штаны:
Каб зімой не мерзла цела,
Ёй спатрэбяцца яны.
Выбар меўся небагаты.
Перабрала тую «дрэнь»
І вярнулася дахаты
Са штанамі ў гэты дзень.
І шчаслівых думак хеўра
Заскакала ў галаве:
У кішэні – сотка еўра!
(Шкадавала, што не дзве.)
То ж адзін з грашовых знакаў
У штанах забыў буржуй.
Ён, напэўна, разявака,
Можа, нават абалдуй,
Бо паверыць немагчыма,

Што знарок пакінуць мог.
А старая палічыла,
Што паслаў купюру Бог.
І купюру тую ўранку
На тутэйшыя рублі
Памяняць хацела ў банку.
Там яе і «замялі».
А чаму ж узяць рашылі
Небараку за каршэнь?
Бо грашовы знак фальшывы
Быў пакладзены ў кішэнь.
«Каб ты здох, буржуй пракляты! –
Бабка некага кляне. –
З-за тваіх штаноў за краты
Давядзецца трапіць мне!»
І, зрабіўшыся панурай,
Зараз думае яна,
Што паслаў штаны з купюрай
Ёй не Бог, а сатана.

***

Пра фальшыўкі ўсе мы чулі,
Мелі іх сяды-тады.
А ў няшчаснае бабулі
Не было б такой бяды,
Каб жыла яна ў раскошы,
Як вяльможныя чыны,
Каб старая мела грошы
На харошыя штаны.

Каго баяцца?

Напэўна, баяцца не след
Прышэльцаў з далёкіх планет.
Баяцца патрэбна другіх:
Людзей, што пабачылі іх…

Харошае жытло

Жытло сабе знайшоў як след –

Харошае такое!
Гасцёўня, спальня, кабінет…
І ўсё ў адным пакоі.

Няма адбою і пабоі

Хваліўся лавелас адзін
(Дый ганарыўся ён сабою):
– Няма адбою ад жанчын!
І маю ад мужчын пабоі…

Як на рыбалцы

Трэба з жанчынай любой
Як на рыбалцы, бадай:
Толькі цярпенне, спакой,
Ды налівай і чакай.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»