“Боская камедыя” Дантэ адзначае 700-годдзе

4 лістапада ў музеі кнігі пачне працу выстава «”Боская камедыя” Дантэ», прымеркаваная да 700-годдзя сусветнага паэтычнага шэдэўра, створанага Дантэ Аліг’еры, інфармуе сайт Нацыянальная бібліятэка Беларусі. 

“Боская камедыя” Дантэ адзначае 700-годдзе
Афіша да выставы «”Боская камедыя” Дантэ». Крыніца: nlb.by

“La commedia” (1307−1321), вядомая нам цяпер як “Боская камедыя”, – твор Дантэ, што стаў вяршыняй яго літаратурнай дзейнасці. Паэма лічыцца манументальнай эпічнай працай, сапраўднай паэтычнай энцыклапедыяй навуковых, палітычных, маральна-філасофскіх і багаслоўскіх ведаў эпохі Ранняга Адраджэння.Твор складаецца з трох частак: “Пекла”“Чысцец”“Рай” і ўключае 100 песень.

На выставе «”Боская камедыя” Дантэ» ўвага будзе нададзена рарытэтным ілюстраваным выданням паэмы з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

 

Сярод экспанатаў − каштоўнае факсімільнае выданне 1330 года, якое дакладна ўзнаўляе першы рукапісны спіс паэмы, аздоблены каляровымі мініяцюрамі.

У экспазіцыі таксама будзе прадстаўлены адзін з першых ілюстраваных першадрукаў твора 1481 года, які пабачыў свет у родным горадзе паэта – Фларэнцыі. Гравюры да выдання выкананы паводле прац вядомага італьянскага мастака эпохі Адраджэння – Сандра Бацічэлі.

Можна будзе пабачыць шэдэўр кніжнай графікі ХІХ ст. – цыкл гравюр 1861 года французскага майстра Гюстава Дарэ да першай часткі паэмы “Пекла”, а таксама іншыя прыклады мастацкага асэнсавання бессмяротнага твора.

Выстава будзе працаваць у музеі кнігі, у Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі да 16 студзеня 2022 года, але, як адзначана на сайце, дата завяршэння можа быць зменена.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»