У клетцы Леанід Судаленка і Таццяна Ласіца. Фота аўтара

Пяць з паловай гадоў няволі на дваіх. Такі прысуд абвесціў пасля двухмесячнага разбіральніцтва суд Цэнтральнага раёна Гомеля. Трэцяга лістапада вядомага праваабаронцу Леаніда Судаленку асудзілі на тры гады зняволення ў калоніі агульнага рэжыму. Два з паловай гады зняволення атрымала валанцёрка Таццяна Ласіца з Рэчыцы, якая дапамагала Судаленку. Акурат такое пакаранне запытвалі падчас спрэчак прадстаўнікі пракуратуры Яўген Фартушняк і Кірыл Вышнякоў – яны ж падтрымлівалі абвінавачванне ў судзе.

Незалежных журналістаў і групу гамельчукоў, якія прыйшлі падтрымаць абвінавачаных праваабаронцаў, на агалошванне прысуду не пусцілі. Адміністрацыя суда спаслалася на адсутнасць месцаў у судовай зале. Прадстаўнікоў афіцыйных СМІ ў зал правяла сама памочніца старшыні суду.

Як стала вядома, суддзя Сяргей Салоўскі, які разглядаў крымінальную справу, прызнаў, што віна падсудных у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама навучанне і падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў такіх дзеяннях, фінансаванне або іншае іх матэрыяльнае забеспячэнне (ч.1 і 2 артыкула 342 КК) цалкам даказана.

Матэрыялы справы супраць Марыі Тарасенкі, трэцяй фігуранткі гучнай крымінальнай справы, вылучаны ў асобную вытворчасць. Марыя прыходзіла ў суд сама, у яе ўзялі падпіску пра нявыезд. Але незадоўга да заканчэння працэсу Тарасенка, прадбачачы фінал так званага судовага разбіральніцтва, пакінула Беларусь.

Леаніда і Таццяну прывозілі ў суд пад канвоем з гомельскага СІЗА-3, куды яны былі змешчаны прэвентыўна яшчэ ў студзені. Адбылося каля двух з паловай дзясяткаў пасяджэнняў. Па хадайніцтву гарадской пракуратуры суд зрабілі закрытым насуперак меркаванням абвінавачаных ды іх адвакатаў.

У лісце з пракуратуры гаварылася, што суд варта закрыць з прычыны захавання банкаўскай таямніцы, руху грашовых сродкаў па рахунках і дзеля бяспекі абвінавачаных ды іншых удзельнікаў справы.

З лістоў Леаніда Судаленкі на волю стала вядома, што яму ў віну пастаўлены пяць эпізодаў:

  1. Забеспячэнне дровамі шматдзетнай сям’і, бацьку якой асудзілі за «беспарадкі».
  2. Відэа на YouTube-канале, дзе праваабаронца тлумачыць блогеру Андрэю Павуку, што такое пратэст.
  3. Заклік у сацсетках сустрэць з ІЧУ жыхарку Гомеля Марыю Тульжанкову пасля 15 сутак арышту.
  4. Семінар аб лічбавай бяспецы для праваабаронцаў.
  5. Аплата штрафаў і збораў за звароты ў суд і дапамогу адвакатаў.

Наколькі вядома, па крымінальнай справе паказанні давалі каля 200 асобаў.

Непасрэдна ў судзе, па інфармацыі Судаленкі, дапыталі 61 чалавека – гэта пераважна тыя, хто звяртаўся да праваабаронцы па прававую дапамогу.

«Усе сведкі ў судзе сказалі праўду, і гэта галоўнае. Прыемна чуць, як людзі, якія прыходзяць у суд па позвах, кажуць “дзякуй”, звяртаючыся да мяне ў клетку. І гэта нягледзячы на заўвагі суда», – зазначаў падсудны праваабаронца.

Яшчэ да свайго арышту Леанід пісьмова тлумачыў, што фінансавую дапамогу ён аказваў разам са сваімі памочніцамі людзям, якія ўжо былі прыцягнутыя да адказнасці за адміністрацыйныя правапарушэнні на падставе артыкула 23.34 КаАП.

Як можна фінансаваць пратэст, калі чалавек ужо за гэта пакараны? Адсюль і выснова Судаленкі як юрыста, што ў яго дзеяннях адсутнічае падзея і склад інкрымінаванага яму крымінальнага злачынства. Да таго ж на дапамогу Леанід выкарыстоўваў і асабістыя грошы з прэміі Французскай Рэспублікі за ўклад у абарону правоў чалавека «Свабода-Роўнасць-Братэрства», якую атрымаў у 2018 годзе.

Найбольшую вядомасць Леанід Судаленка набыў у 2017 годзе, калі ў краіне праходзілі пратэсты так званых«дармаедаў». Прынамсі, у Гомелі праваабаронцу пачалі называць «адвакатам дармаедаў», бо ён у судах абараняў ахвяраў «дэкрэта № 3». Апроч таго, Судаленка праз Камітэт АНН па правах чалавека адстойваў правы гараджан на свабоду мірных сходаў і вулічных шэсцяў, аб’яднанні па інтарэсах, на збор і распаўсюд інфармацыі. У міжнародных структурах Леанід выступаў афіцыйным прадстаўніком тых грамадзян Беларусі, чые правы былі парушаны.

Вынесены сёння прысуд Леанід Судаленка і Таццяна Ласіца маюць праз адвакатаў абскарджваць у вышэйшай судовай інстанцыі.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»