Дзіяна (злева) і Жанна Курмановіч.

Мама і дачка Жанна і Дзіяна Курмановіч з Гродна працуюць на гарадской маршрутцы. У беларускіх рэаліях жанчына за рулём пасажырскага транспарту – нячастая з’ява, але суразмоўніц «Народнай Волі» гэта ніколькі не бянтэжыць.

У сям’і ўсе кіроўцы

У сям’і Курмановічаў усе кіроўцы, прычым усе мелі дачыненне да гарадской маршруткі. Гэтым займаўся галава сям’і, старэйшы сын, затым мама і нарэшце дачка.

Жанна Курмановіч распавядае, што яе муж адпрацаваў на маршрутным таксі 20 гадоў, сын таксама вазіў пасажыраў па Гродне, сама яна атрымала пасведчанне кіроўцы амаль ў 30 гадоў, а дачка Дзіяна – як толькі ёй споўнілася 18.

«Я больш за 20 гадоў адпрацавала ў гандлі…»

Жанна Міхайлаўна зусім юнай прыехала ў Гродна з Магілёўскай вобласці, паступіла ў гандлёвае вучылішча і па заканчэнні яго ўладкавалася ў прадуктовую краму. І хоць у гандлі яна адпрацавала больш за 20 гадоў, згадвае аб гэтым без асаблівага энтузіязму:

– Праца вельмі цяжкая: 12 гадзін стоячы – ног напрыканцы змены ўжо не адчуваеш. Тавару шмат, не паспяваеш сачыць за тэрмінамі захоўвання, яшчэ і праца з грашыма, а заробкі, па сутнасці, мізэрныя. Я туды цяпер ні за што не вярнулася б.

Спачатку не ўсё атрымлівалася, але практыка дала плён

Муж, працуючы на маршрутцы, набыў свой аўтамабіль для перавозкі пасажыраў, і гэта наштурхнула спадарыню Жанну на пэўную думку. Яна, прызнаецца сама, чалавек больш «тэхнічны», прыглядалася, як працуе муж, нават дапамагала падчас рамонту аўтамабіля. На правы пайшла здаваць таму, што трэба было вазіць дзяцей у садок, ездзіць на лецішча. А потым у мужа з’явіліся праблемы са здароўем, і трэба было падмяняць яго, каб уласны транспарт не прастойваў.

Жанчына прызнаецца, што не ўсё адразу атрымлівалася, было боязна, па цэнтральных вуліцах імкнулася не ездзіць. Але практыка ўсё ж дала плён. З часам прыйшло не толькі адчуванне ўпэўненасці – цяпер па тым, як гучыць працуючы рухавік, Жанна Міхайлаўна можа вызначыць няспраўнасць, адчувае, калі загрукала падвеска і г.д. Навучылася хутка абілечваць пасажыраў, адказваць на іх пытанні і патрабаванні, спраўляцца з пазаштатнымі сітуацыямі.

Новая праца, як зазначае спадарыня Жанна, не паўплывала на яе жаночыя абавязкі: прыбрацца ў хаце, прыгатаваць абед, прывесці сябе ў парадак… Праўда, на новым месцы большы заробак, і зразумела, што ад гэтага ёсць задавальненне.

Тое, што раней пасажыраў вазілі толькі кіроўцы-мужчынамі, – гэта, на погляд Курмановіч, аджылы стэрэатып: жанчыны спраўляюцца з такой работай не горш. Дарэчы, і знаёмыя, сяброўкі ставяцца да яе выбару з разуменнем і нікога гэта не здзіўляе.

Пра гродзенскіх кіроўцаў спадарыня Жанна кажа толькі добрыя словы: маўляў, прыемна, калі бачаць маршрутку і прапускаюць, ніхто наўмысна правілаў дарожнага руху не парушае. І наогул, на яе думку, у Гродне высокая культура ваджэння.

Малодшая ў сям’і, старэйшая ў бізнесе

Дзіяна ў сям’і хоць і самая малодшая, але ў сямейным бізнесе – так бы мовіць, «старэйшая па званні». Менавіта яна зарэгістравалася як індывідуальны прадпрымальнік, вядзе справаводства, падлічвае бухгалтэрыю, плаціць падаткі і яшчэ, як і мама, возіць пасажыраў. Прычым яна наймальнік, а мама – наёмны работнік. Праўда, Дзіяна ўдакладняе: мама заўсёды была на першым месцы, і так заўсёды будзе. У Дзіяны за плячыма вышэйшая эканамічная адукацыя – яна спецыяліст у галіне фінансаў і крэдытаў.

– Я ад пачатку, калі пайшла на эканамічны факультэт, планавала, што буду займацца сваёй справай, і ўяўляла сабе менавіта сямейны бізнес, – распавядае дзяўчына. – Разумела, што вялікіх грошай індывідуальныя прадпрымальнікі не зарабляюць, але будзе пэўны дастатак у сям’і – такая мэта ў мяне была.

Бацькі падтрымлівалі яе намаганні.

– Тата напачатку трохі сумняваўся, але потым сам ухапіўся за гэтую ідэю, – згадвае Дзіяна. – А мне ўвесь час хочацца займацца новымі праектамі. Ёсць і планы на будучыню, але казаць пра гэта пакуль рана.

Нягледзячы на наяўнасць дыплома аб эканамічнай адукацыі, шмат якім рэчам давялося вучыцца на практыцы. Ніхто асабліва ў гэтым не дапамагаў, справілася сама, усё невядомае шукала ў інтэрнэце. А сядзець за рулём аўтамабіля для дзяўчыны звычайная справа.

Яна распавядае, што заўсёды мела цікаўнасць да кіравання аўтамабілем і, калі ездзіла з бацькамі, уважліва сачыла за ўсімі рухамі кіроўцы.

– Правы атрымала ў 18 гадоў і з таго дня амаль кожны дзень за рулём. І цяпер магу практычна любымі аўтамабілямі кіраваць, дастаткова толькі адчуць габарыты машыны. А вось калі вязу пасажыраў, ні на секунду пра гэта не забываю.

«У мяне былі іншыя планы…»

Праўда, прызнаецца дзяўчына, калі вучылася ў сярэдняй школе, мела іншыя мары – хацела звязаць свой лёс з вайсковымі структурамі. Вучылася ў кадэтскім класе і планавала паступіць у інстытут пагранічнай службы.

– У той год набіралі толькі пяць дзяўчат з усёй Беларусі, – узгадвае Дзіяна. – І гэта мяне трохі напалохала, бо баялася, што не здам экзамен па фізкультуры. Цяпер у мяне змяніліся погляды: збіраюся замуж, з’явяцца дзеці – і што, прападаць увесь час на той граніцы?

А яшчэ ў яе была больш даўняя мара, дашкольная – хацела стаць дызайнерам інтэр’ера. Любіла з бабуляй перасоўваць мэблю ў кватэры, каб дасягнуць ідэальнай расстаноўкі, і займалася вышываннем. Дарэчы, вышыванне не пакідае і дагэтуль. Гэта падабаецца больш, чым сядзець у камп’ютары і жыць у віртуальным свеце. Да ўсяго любіць прыроду і рознага кшталту паходы.

Як і мама, Дзіяна зусім не схільная скардзіцца на жыццё, цяжкую працу, наадварот кажа, што ў яе шмат энергіі і яна імкнецца яе выкарыстоўваць «у разумных мэтах». Зараз жыве асобна ад бацькоў, збіраецца стварыць сваю сям’ю, так што хатнія справы таксама на ёй.

– Мы возім пасажыраў – гэта наша праца, і яна мне падабаецца, – упэўнена кажа Дзіяна. – Я імкнуся і ўсміхнуцца чалавеку, і нават з ім аб нечым пагаварыць. Па-іншаму нельга, калі ты працуеш з людзьмі.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»