Калонка Алеся Няўвеся
Калонка Алеся Няўвеся

Сям’я мінчукоў арандавала гараж каля плошчы Якуба Коласа і стварыла ў ім «пакой гневу». За грошы ў ім можна крычаць, лаяцца, разбіваць рэчы, адным словам, выплюхваць сваю злосць. Каб разбіць аб сцяну бутэльку ці посуд, трэба заплаціць 45 рублёў, парваць кнігі – 80, а за разбіты аўтамабіль неабходна выкласці 1500 рублёў.

Кожны з нас хоць раз ад злосці,
Так сказаць, ажно кіпеў
І хацеў бы на кагосьці
Выліць свой знішчальны гнеў.
Мы ўзялі за завядзёнку
Выліваць яго часцей
На дзяцей сваіх, на жонку
Дый наогул на людзей.
Каб над намі знікла хмара,
Бліжніх крыўдзім мы парой,
З нас тады «выходзіць пара»,
А другім псуём настрой:
Мозг звычайны чалавечы –
Вельмі хліпкі агрэгат.
Трэба гнеў пускаць на рэчы,
Што для помсты – акурат.
Ашчаслівіў, без сумневу,
Хтось задумаю такой:
Стаў гараж «пакоем гневу».
Мае попыт той пакой!
Каб пазбавіцца ад злосці,
Можа кожны і любы
Пакрышыць-паквэцаць штосьці –
Грошы ты прынёс абы.
Не здаецца гэта дзівам,
Так заўжды было ў жыцці:
Калі хочаш быць шчаслівым,
Мець паслугу – заплаці!
Раззлавала, скажам, жонка,
Пачала з табой вайну.
Можаш пляшкай ляснуць звонка
Ці талеркай аб сцяну.
Як выкладчык інстытута
На іспытах творыць зло
І ў душы тваёй пакута,

Бо да арміі дайшло,
Дык у якасці адплаты
Можаш знішчыць стосік кніг,
Хоць яны не вінаваты
І шкада найболей іх.
А як гнеў – на гвалт дзяржавы,
На існуючы рэжым,
Дык прадмет, што для расправы,
Быць павінны дарагім.
Разбіваць ільга айфоны,
Калі літасці няма
(Заадно і слаць праклёны,
Бо яны амаль дарма).
А яшчэ аўтамабілі
Там чакаюць крах і тлен.
Не адзін ужо разбілі –
Людзі прагнуць перамен…

***

Расказаў аб тым «пакоі»
У гурме сваіх калег:
– Нам усім сваёй рукою
Штось разбіць, бадай, не грэх.
Дый наогуле у краіне
Тых «пакояў» трэба шмат.
Хай народ наш
Гнеў свой скіне:
Хто на цешчу, хто на ўрад…

Мне калега запярэчыў:
– Існы лад – бы ў горле косць;
Вельмі многа трэба рэчаў,
Каб спагнаць народу злосць…

Ваяўнічы адвакат

Найлепшы спосаб абароны
(Вядома гэта ўсім) – напад.
І гэты спосаб як законны
Ужыць надумаў адвакат.
На суддзяў у сваёй прамове,
Як кажуць, танкам ён папёр:
– Найперш хачу сказаць, панове,
Што банк аграбіў пракурор!

Дровы

Частыя разлукі – гэта дровы
(Нават сам пацвердзіць я магу):

Падтрымаць заўжды яны гатовы
Полымя ў сямейным ачагу.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»