(Працяг. Пачатак у №№77–83.)

8. Саламон Майман (1753 або 1754 г. – 22 лістапада 1800 г.)

Саламон Майман (Хейман Шлома) – філосаф-асветнік, адзін з першых каментатараў і крытыкаў Імануіла Канта.

С.Майман нарадзіўся ў Вялікім Княстве Літоўскім, у вёсцы Жукаў Барок паблізу мястэчка Мір (цяпер Карэліцкі раён Гродзенскай вобласці). Яго дзед і бацька былі арандатарамі ў адным з маёнткаў князя Радзівіла. Скончыў яўрэйскую школу ў Міры. Потым вучыўся ў талмудычнай школе ў мястэчку Івянец (цяпер Валожынскі раён Мінскай вобласці), дзе спасціг усе «прамудрасці талмудычнай вучонасці». Вельмі рана пачаў чытаць гістарычныя і астранамічныя кнігі. У 12 гадоў яго ажанілі. У 14 гадоў ён быў ужо бацькам і зарабляў на хлеб выкладаннем Талмуда. Самастойна вывучыў нямецкую мову, асвойваў фізіку, оптыку, медыцыну.

Прозвішча прыняў у гонар знакамітага яўрэйскага тэолага і ўрача XII стагоддзя Майсея Майманіда, прыхільнікам філасофіі якога з’яўляўся. Авалоданне вучэннем Майманіда стала паваротным момантам у станаўленні С.Маймана як мысліцеля, дало моцны штуршок для развіцця здольнасцяў.

У канцы 1770-х гадоў прагны да ведаў малады чалавек падаўся на пошукі работы і ведаў у Германію. Жыў у Кёнігсбергу, Шчэціне, Берліне. Кіраўнікі яўрэйскай абшчыны Берліна палічылі яго намер вывучаць свецкую філасофію і прыродазнаўчыя навукі ерэтычным і выслалі з горада. Тады ён пасяліўся ў Познані, дзе два гады быў настаўнікам у багатай яўрэйскай сям’і. Але пад ціскам рэлігійных фанатыкаў вымушаны быў пакінуць і гэты горад. У 1780 годзе вярнуўся ў Берлін і тут пазнаёміўся з вядомым філосафам і пісьменнікам М.Мендэльсонам. Авалодаў французскай мовай. З другога наведвання Берліна пачаўся новы перыяд жыцця і творчасці С.Маймана, які характарызаваўся нястомнай працай у авалоданні навукамі, творчым пошукам, плённай асветніцкай дзейнасцю. У жаданні С.Маймана паглыбіцца ў вывучэнне навук набожныя яўрэі бачылі небяспеку для рэлігіі і добрых нораваў. Пазбаўлены сродкаў існавання, ён адправіўся ў Галандыю, але, расчараваны, вярнуўся ў Гамбург.

Каб атрымаць матэрыяльную падтрымку, наважыўся перайсці ў хрысціянства, хоць лічыў яўрэйскую рэлігію ў дагматычным плане больш чыстай і больш адпаведнай уласнаму светапогляду. Ад гэтага кроку яго адгаварыў адзін святар-евангелік. С.Майман жыў у беднасці, моцна хварэў, аднак у 30-гадовым узросце паступіў у гімназію ў Алтане, дзе вывучаў філасофію, матэматыку, лацінскую і англійскую мовы. З Гамбурга ён пераехаў у Берлін, а адтуль – у Брэслаў. Пасля некалькіх гадоў вандраванняў і распаду сям’і зноў вярнуўся ў Берлін і тут працягваў вывучэнне філасофскіх сістэм Канта, Спінозы, Лока.

У Берліне ў 1790 годзе С.Майман выдаў адну з асноўных сваіх філасофскіх прац – «Спроба трансцэндэнтальнай філасофіі» (на нямецкай мове). Яна была прысвечана філасофіі І.Канта. Азнаёміўшыся з рукапісам, Кант адзначыў, што ніхто з яго апанентаў так добра не зразумеў яго тэорыі, як Майман. У апошняе дзесяцігоддзе жыцця С.Майман выдаў шэраг іншых філасофскіх прац на нямецкай мове і іўрыце. У гэты перыяд пашыраюцца яго сувязі з вядомымі філосафамі, вучонымі, пісьменнікамі. Яго творы чыталі і высока ацанілі Кант, Гётэ, Шылер, Гумбальт, Фіхтэ і іншыя. С.Майман унёс уклад у распрацоўку трансцэндэнтальнай дыялектыкі, праблем логікі, этыкі і эстэтыкі. Характэрныя рысы яго філасофіі – скептыцызм і рацыяналізм.

Усяго С.Майман напісаў каля 30 навуковых прац, але самую шырокую папулярнасць набылі яго двухтомныя мемуары «Гісторыя жыцця Шломы Маймана, напісаная ім самім», выдадзеная ў 1792 годзе.

Свае апошнія гады (з 1795-га па 1800-ы) філосаф правёў каля Познані, у маёнтку графа Калькрайта, высланага з Берліна за вальнадумства.

Памёр ва ўзросце 46 гадоў. Пахаваны ў Глогаве.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»