Тры гады таму пад ціскам грамадскасці дзяржава ўсталявала ў Курапатах помнік ахвярам сталінскага тэрору. На жаль, той помнік так і не стаў для беларускіх улад ні месцам супольнай памяці, ні напамінам пра крывавыя ўрокі гісторыі, ні сімвалам хоць нейкага палітычнага пакаяння. За ўвесь час ля таго помніка не адбылося ніводнага ўшанавальнага мерапрыемства з удзелам дзяржаўных чыноўнікаў. Ніводнага!

Але святое месца, як вядома, пустым не бывае – народная сцяжына ў Курапаты ніколі не зарастала. 29 кастрычніка, калі ў Беларусі адзначаецца Дзень памяці ахвяр палітычных рэпрэсій, па той жалобнай сцяжыне ўскласці кветкі да афіцыйнага помніка прыйшлі акрэдытаваныя ў Беларусі паслы замежных дзяржаў. Нічога незвычайнага ў тым не было, пратакольная з гледзішча дыпламатыі акцыя. Як, скажам, ледзь не абавязковае для замежных дэлегацый ускладанне вянкоў да вечнага агню на плошчы Перамогі. Падобныя мерапрыемствы з удзелам дыпламатаў выглядаюць як акт добрай волі, з якой званіцы ні зірні. І з агульналюдскай, і з рэлігійнай, і з палітычнай.

Можна толькі здагадвацца, з якой званіцы на збор паслоў у Курапатах паглядзела кіраўніцтва дзяржаўнага Сталічнага тэлебачання і газеты «Беларусь сегодня». Хіба з даху Дома прэсы ці са спічака ўласнай высокай тэлевежы? Настолькі высокай, што з яе падзеі на зямлі не заўсёды ўспрымаюцца адэкватна. Так, відаць, сталася і з наведваннем пасламі Курапатаў.

Туды прымчаўся задыханы пул прыўладных журналістаў, у тым ліку здымачная група СТБ. Яна і зрабіла ці не самы ганебны ў гісторыі гэтага тэлеканала рэпартаж. Паглядзеў я яго ў выпуску навін, і стала мне чарговым разам сорамна, што і за мае падаткі ўтрымліваецца такое цынічнае і такое крывадушнае тэлебачанне. Рэпартажу таму месца ў сметніцы, а яго паказалі ў прам-тайм, а назаўтра яшчэ і паўтарылі.

Карэспандэнты СТБ І «СБ» Рыгор Азаронак і Людміла Гладкая, пераняўшы паслоў на галоўнай алеі, учынілі ім сапраўдны допыт. Нібы тыя паслы не па Курапатах ішлі з кветкамі ў руках, а знаходзіліся ў якасці падследных у ІЧУ на Акрэсціна. Трэба аддаць належнае дыпламатам – на хамскія і правакацыйныя пытанні звяглівай парачкі яны адказвалі непарушным маўчаннем.

«Почему вы устраиваете здесь политическую акцию? Что вы хотите сказать этим невнятным политическим перформансом?» – тыцкаў Азаронак у твары паслам свой грувасткі мікрафон, забягаючы то з аднаго, то з другога боку шэсця.

«Кому вы возлагаете цветы? Зачем вы сюда пришли? И вам не совестно?» – дапытвалася і невядома за што сарамаціла паслоў Гладкая. Разам з Азаронкам (хоць і целяпей, а ўдвух ляпей) яны літаральна заступалі дарогу маўкліваму дыпкорпусу, які, было відно, быў уражаны гэткім журналісцкім этыкетам.

Асабліва па-хамску паводзіў сябе Азаронак. Ён патрабаваў (менавіта патрабаваў!), каб паслы назвалі яму прозвішчы расстраляных у Курапатах паэтаў, каб прачыталі на памяць іх вершы, а заадно адчыталіся за ўведзеныя Еўрасаюзам санкцыі. Нарэшце, стаўшы побач з курапацкім мемарыялам, Азаронак ні з пушчы, ні з поля задаў аднаму з дыпламатаў недарэчнае пытанне: «А вам нравится памятник Бандере?»

Як у яго чэрапна-мазгавой каробцы састыкаваліся Бандэра і Курапаты – зразумець немагчыма. З гледзішча логікі гэта выглядала як у дзіцячай показцы: ляцяць у небе два кракадзілы, адзін зялёны, а другі на поўнач… А магчыма, самы «адважны» (узнагароджаны сёлета медалём «За адвагу») тэлепрапагандыст лічыць, што расстраляныя ў курапацкім лесе Міхась Чарот, Тодар Кляшторны, Алесь Дудар і многія іншыя былі патаемнымі бандэраўцамі? Дык жа па часе не супадае.

Кухмістрам навінавай кухні на СТБ маўчанне паслоў яўна не спадабалася. На думку кухмістраў, паслы паводзілі сябе «лицемерно» (гэта слова прагучала ў тэлесюжэце тройчы). І кухмістры паклалі вішаньку на торцік – «упрыгожылі» курапацкі рэпартаж прыёмчыкам «нямое кіно» ў духу Чарлі Чапліна, з паказам карцінкі ў паскораным рэжыме. Суправадзіўшы наздыманыя Азаронкам кадры музычкай у стылі «вечарынка ў калгасе». І «бегалі» паслы па Курапатах, як героі чаплінаўскіх камедый – на пасмешышча гледачам…

Але на ўсеагульнае пасмешышча СТБ выставіла найперш сябе. Перайшоўшы ўсе межы чалавечай і журналісцкай прыстойнасці, парушыўшы ўсе пісаныя і няпісаныя правілы. Цікава, на магілах сваіх родных эстэвэшнікі нізкапробныя камедыйныя ролікі таксама згадзіліся б здымаць?

Таму і не дзіўна, што аглушальнае маўчанне паслоў стала самым красамоўнай рэакцыяй у адказ.

І як тут не згадаць вядомы біблейскі выраз: «Калі яны замаўчаць, дык камяні загалосяць».

У той дзень у Курапатах галасілі камяні.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»