Як паведамлялася, Сяргей Дылеўскі, які раней працаваў на МТЗ, а цяпер знаходзіцца за мяжой, абвясціў, што з 1 лістапада ў Беларусі як быццам можа распачацца агульнанацыянальная забастоўка.

«Народная Воля» пацікавілася, як учора працавалі беларускія прадпрыемствы…

«На МТЗ усё спакойна…»

Мінскі трактарны завод працаваў у штатным рэжыме, ніякай масавай забастоўкі не назіралася.

«У нашым тэрмічным цэху ўсе былі на працы, ніводны чалавек не застаўся дома, – паведаміў рабочы, чыё прозвішча маецца ў рэдакцыі. – Кожны разумеў, што яму можа пагражаць пры выказванні нейкай сваёй пазіцыі.

Не выключаю, што хтосьці не выйшаў на працу і знаходзіцца на бальнічным, але ж зараз час такі, што многія хварэюць. Таму як тут зразумееш: на самай справе чалавек хварэе ці такім чынам ён бастуе?

Але, паўтаруся, у нас усё спакойна…»

Віктар ШПАК.

Пра МАЗ запусцілі фэйк?

Яшчэ зранку на некаторых рэсурсах у інтэрнэце з’явілася інфармацыя, што як быццам на Мінскім аўтамабільным заводзе і Кузнечным заводзе цяжкіх штамповак у Жодзіне спыніліся некаторыя цэхі.

На абодвух прадпрыемствах гэтую інфармацыю нам не пацвердзілі.

«Фэйк, – коратка пракаментаваў майстар аднаго з цэхаў Мінскага аўтамабільнага завода Сяргей С. – Калі б такое было, інфармацыя адразу разляцелася б па прадпрыемстве».

Абвяргалі інфармацыю пра забастоўку на МАЗе і сябры незалежных прафсаюзаў, якія працуюць на прадпрыемстве.

«Прадпрыемствы працавалі ў штатным рэжыме…»

Лідары незалежных прафсаюзаў 1 лістапада таксама маніторылі сітуацыю на беларускіх прадпрыемствах.

Аляксандр БУХВОСТАЎ, старшыня Свабоднага прафсаюза металістаў:

– Ведаю, што з’явілася інфармацыя пра забастоўку ў некаторых цэхах МАЗа.
Пацікавіўся ў сябраў нашага прафсаюза, якія працуюць на прадпрыемстве, ці праўда.
Тыя сказалі, што гэта лухта.

На МАЗе няма ніякіх забастовак, відаць, некаторыя тое, што хочуць бачыць,
выдаюць за тое, што маем на самай справе. Нашы сябры паведамілі таксама, што
ўсё ў норме і на МТЗ, на Мінскім маторным, Мінскім падшыпнікавым і Беларускім
металургічным заводах. Няма інфармацыі, што хаця б на адным прадпрыемстве ёсць
нейкія забастовачныя целарухі.

Хачу сказаць, што ўся гэтая ініцыятыва з забастоўкай мае непрыемны пах. Калі
людзі, якія знаходзяцца ў бяспецы за мяжой, штурхаюць беларускіх рабочых пад
каток рэпрэсій, то гэта, мякка кажучы, няправільна. Да таго ж гэта рыкашэціць і па
сябрах нашых прафсаюзаў, якія да такой ініцыятывы наогул не маюць ніякага дачынення.

Генадзь ФЯДЫНІЧ, адзін з лідараў прафсаюза РЭП:

– Сябры нашага прафсаюза, якія працуюць і на МАЗе, і на МТЗ, і на іншых прадпрыемствах, паведамілі, што не маюць інфармацыі, што дзесьці людзі адмыслова не выйшлі на працу. Мне з самага пачатку слаба верылася ў гэтую ініцыятыву.

Аляксандр ЯРАШУК, кіраўнік Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў:

– Нам вядома, што ўсе прадпрыемствы 1 лістапада працавалі ў звычайным рэжыме. І нават складана адсачыць сітуацыю з забастоўкай. Калі хтосьці з рабочых і застаўся дома, то хіба можна казаць, што ён бастуе? Наўрад ці нехта пра гэта казаў адкрыта.

Калі ёсць нейкія адзінкавыя выпадкі, то ўсё роўна людзі цудоўна разумеюць, што афішаваць свой байкот не трэба. І пра гэтую забастоўку наогул ніхто не будзе ведаць.

Сяргей ЗАБЛОЦКІ.

На «Гомсельмашы» – інвентарызацыя

У ААТ «Гомсельмаш», буйнейшым на Гомельшчыне вытворцы сельскагаспадарчай тэхнікі, 1 лістапада не працавалі. Але гэта ніяк не звязана з прапановай некаторых беларускіх лідараў рабочага руху заставацца ў гэты дзень дома з прычыны эканамічнай стачкі і засцярогі ад каранавіруса.

«У аб’яднанні штогод з пачаткам лістапада праводзіцца інвентарызацыя маёмасці, матэрыялаў, камплектуючых вузлоў і дэталяў. Сельмашаўцы прыходзяць на працу, уключаюцца ў склад камісій і займаюцца падлікам маёмасці. Гэта датычна найперш дапаможных падраздзяленняў і адміністрацыйна-кіроўнага персаналу. Механазборачныя вытворчасці, цэхі афарбоўкі ўжо заўтра пачнуць працаваць у штатным рэжыме. Тут трэба ўлічваць яшчэ і такую акалічнасць: у летні сезон у нас амаль усе суботы былі працоўнымі. Існуе перапрацоўка рабочага часу – у некаторых яна перавышана на 25 адсоткаў ад належнага. Людзі ж таксама павінны адпачываць», – кажа намеснік генеральнага дырэктара па ідэалогіі і сацыяльных пытаннях Аляксандр Канапацкі.

Паводле яго слоў, сёлета вытворчасць сельскагаспадарчай тэхнікі вырасла амаль на трэць у параўнанні з папярэднім годам. Павялічана адгрузка камбайнаў на экспарт. Тэхніка «Гомсельмаша» – гэта 16 тыпаў сельгасмашын, 75 базавых мадэляў і мадыфікацый, 70 відаў адаптараў і прыстасаванняў для ўборкі разнастайных культур. На будучы год холдынг мае вырабіць 3 тысячы камбайнаў, што на 30 адсоткаў больш за сёлетні аб’ём. Дзеля гэтага прынялі ўжо на заводы дзве сотні маладых спецыялістаў.

Акцыянернае таварыства «Гомельскі завод ліцця і нармаляў», якое ўваходзіць у структуру холдынга сельгасмашынабудавання, распаўсюдзіла ў горадзе запрашэнне на працу рабочых 17 спецыяльнасцяў у сувязі з павелічэннем аб’ёму вытворчасці. Прадпрыемства гатова нават перанавучаць навічкоў.

Адзін са спецыялістаў «Гомсельмаша» распавёў журналісту «Народнай Волі», што страйкавага настрою ў калектыве зараз не назіраецца. Далёка не ўсе рабочыя нават ведаюць пра заявы некаторых апазіцыйных лідараў застацца дома, не выходзіць на працу, распачаўшы так званы «сядзячы» страйк. А хто ведае, то расцэньвае гэта не як кіраўніцтва да дзеяння, а хутчэй як афёру ці правакацыю. Незадаволеных, канешне, хапае – узроўнем заробкаў, цэн, стаўленнем улад да пандэміі CОVID-19 і асабліва масавымі рэпрэсіямі пасля сфальшаваных выбараў. Але такіх, хто зараз гатовы ахвяраваць працай нават з невысокім заробкам, надзвычай мала. Страціўшы працу, чалавек і яго сям’я, па сутнасці, застаюцца без сродкаў для існавання. Сітуацыя да банальнасці простая: ніякай істотнай «падушкі бяспекі» ў большасці рабочага люду няма.

Анатоль ЛІПСКІ.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»