Аляксандр Казулін

Экс-рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта распавёў «Народнай Волі», чаму ён не быў запрошаны на святкаванне 100-годдзя БДУ.

Напрыканцы мінулага тыдня прайшло ўрачыстае пасяджэнне Савета БДУ з нагоды векавога юбілею ўніверсітэта.

Мерапрыемства адбылося з удзелам намесніка прэм’ер-міністра Ігара Петрышэнкі, намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Вольгі Чупрыс, міністра адукацыі Ігара Карпенкі.

Паведамлялася, што ў рамках афіцыйнай часткі пасяджэння адбылося ўшанаванне прадстаўнікоў ВНУ дзяржаўнымі і ведамаснымі ўзнагародамі.

– Ці прысутнічалі ў зале экс-рэктары БДУ? – пацікавіўся я ў прэс-сакратара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Алены Марцулевіч.

– У краіне, як вядома, пандэмія, таму мерапрыемства праходзіла з улікам антыкавідных правіл, – распавяла суразмоўніца. – Таму на пасяджэнне Савета запрашалі людзей, якія ўзнагароджваліся, але і яны выконвалі пэўныя меры бяспекі. А для сябраў Савета БДУ ўрачыстыя мерапрыемствы праходзілі ў анлайн-фармаце.

– Можа быць, былых рэктараў, якія таксама шмат зрабілі для БДУ, павіншавалі з юбілеем або ўзнагародзілі нейкім іншым чынам?

– У нас жа цэлы год праходзілі розныя юбілейныя мерапрыемствы. Вы пра каго канкрэтна хочаце атрымаць інфармацыю?

– Напрыклад, пра Аляксандра Казуліна, які быў рэктарам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта з 1996-га па 2003 год…

– Мы асобна нікога не вылучалі. Але розным супрацоўнікам у залежнасці ад іх дасягненняў былі накіраваны пэўныя ўзнагароды.

Што датычыцца таго, ці быў Аляксандр Казулін нейкім чынам адзначаны, то гэтую інфармацыю вы можаце даведацца непасрэдна ў яго…

***

Нагадаем, што былы рэктар БДУ Аляксандр Казулін у 2006 годзе вылучаўся кандыдатам у прэзідэнты. Пазней яго затрымалі за арганізацыю акцыі пратэсту і асудзілі на 5,5 года зняволення.

– Мяне ўжо 18 гадоў не запрашаюць у БДУ ні на адно мерапрыемства, – кажа Аляксандр Уладзіслававіч. – Ці не крыўдна з нагоды такога стаўлення? Ведаеце, я прызвычаіўся глядзець на ўсе гэтыя рэчы па-філасофску. Калі разумееш, што адбываецца, то не можа быць крыўды. Толькі радасць.

– Але ж вы былі рэктарам універсітэта 7 гадоў, маглі б вас і ўспомніць…

– Я вам шчыра скажу: БДУ – гэта практычна ўсё маё жыццё. Лепшыя гады жыцця. Але, як ужо казаў, ні на кога не крыўдую. Бог ім суддзя!..

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»