У Гродне супрацоўнікі інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя пачалі складаць пратаколы на тых, хто не сартуе смецце, і пакуль выносяць ім папярэджанні. Але ў хуткім часе могуць быць і штрафы.

Паасобны збор смецця ў Беларусі рэгулюецца Законам «Аб абыходжанні з адходамі». Дадаткова з 1 верасня 2020 года пачаў дзейнічаць тэхнічны кодэкс «Правілы абыходжання з камунальнымі адходамі». Ён распаўсюджваецца не толькі на жыхароў шматпавярховікаў і прыватных дамоў, але і на кампаніі, якія вывозяць смецце. Яны абавязаны вывозіць розныя віды адходаў асобна.

У Гродне толькі за некалькі гадзін падчас рэйду супрацоўнікі інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя склалі аж шэсць пратаколаў на парушальнікаў. Падобныя рэйды рабіліся і раней, і парушальнікі знаходзіліся заўсёды. Пазалетась камунальныя службы Гродна нават планавалі ўсталяваць камеры назірання, каб лавіць тых, хто не сартуе смецце.

Як правіла, людзі якія не абцяжарваюць сябе сартаваннем адходаў, апраўдваюцца тым, што пластыкавая бутэлька альбо шкляны слоік выпадкова трапілі ў пакет для смецця. Праўда, знаходзяцца і тыя, хто задае канкрэтныя пытанні інспектарам, якія складаюць на іх пратаколы.

У прыватнасці, спадар Раман, які ўжо ў перадпенсіённым веку, хоча даведацца, калі зможа здаць пустыя шкляныя бутэлькі ад піва і гарэлкі, пластыкавыя ад мінеральнай вады і напояў, бляшанкі з-пад піва і г.д., каб атрымаць за іх грошы, а не проста, адсартаваўшы, выкінуць у смецце.

Насамрэч, дзяржава патрабуе сартаваць смецце і выкідваць тару, каб яе перапрацавалі на смеццеперапрацоўчых заводах. Але чаму чалавек не можа вярнуць свае грошы, заплачаныя за тую ж тару пры набыцці тавару ў краме? На гэтыя пытанні пакуль ніхто не дае адказу.

Тым часам штраф за непасартаванае смецце прадугледжваецца ч.3 арт.16.44 КаАП («Парушэнне іншых патрабаванняў аб абыходжанні з адходамі»). Парушальнік можа заплаціць за гэта да 30 базавых велічынь (870 рублёў). Індывідуальны прадпрымальнік ці юрыдычная асоба заплацяць больш: да 100 і да 1000 базавых велічынь адпаведна. Вось такія пакаранні прадугледзела дзяржава.

Дарэчы, гродзенцы добра ведаюць вопыт суседняй Польшчы. Там дзяржава забяспечыла ўсе ўмовы, каб чалавек змог здаць у бліжэйшую краму шкляную і пластыкавую тару, а таксама бляшанкі ад напояў і атрымаць за гэта грошы. І, як правіла, нікога не трэба агітаваць за гэта, бо жывыя грошы ў кішэні нікому яшчэ не пашкодзілі. А вось калі фірма, якая займаецца вывазам смецця, зафіксуе, што яно дрэнна адсартавана, то можа павялічыць плату за паслугі для кааператыва альбо ўласніка дома ў 2−4 разы. Акрамя гэтага, гарадская паліцыя мае права аштрафаваць на 500 злотых дом, якому належаць смеццевыя кантэйнеры.

Чаму ж у нас, каб заахвоціць людзей зрабіць штосьці добрае, ужываюць толькі бізун? Ці не пара прапанаваць людзям пернік?

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»