Сяргей Дылеўскі, які раней працаваў на МТЗ, а цяпер знаходзіцца за мяжой, абвясціў, што з 1 лістапада ў Беларусі як быццам можа распачацца агульнанацыянальная забастоўка. Ці магчыма гэта?

– У нас пра гэтую забастоўку многія нават не чулі, – распавёў «Народнай Волі» тэрміст Мінскага трактарнага завода Сяргей П., які папрасіў не называць яго прозвішча (яно маецца ў рэдакцыі). – Ды і не збіраецца ніхто баставаць з тых, каго я ведаю. У лепшым выпадку можна згубіць працу. А куды затым падацца рабочаму? А так хоць ёсць стабільны заробак.

– Якія ў вас зараз заробкі?

– Зараз маю каля 1500 рублёў, а калі і ў выхадныя працуеш, то яшчэ больш атрымаецца. Таксама нам паведамілі, што ў гэтым месяцы заробак паднялі яшчэ на 8 працэнтаў, так што ў лістападзе павінны атрымаць больш на мінімум 100 рублёў.

– У колькі змен працуеце?

– У тры змены, бо заказаў хапае. Калі не памыляюся, то заводскі план на месяц – 3300 трактароў. Тэхніка ідзе не толькі ў Расію, але і на Кубу, у Інданезію. У Пакістан робім спецыяльныя трактары, у кабінах якіх няма шкла, – для працы ў спякотных умовах.

– Ці ёсць на прадпрыемстве кадравыя праблемы?

– Пра гэта дакладна не ведаю, але здараецца, што мы ходзім на дапамогу ў іншыя цэхі.

– З-за пандэміі на заводзе ўведзены нейкія правілы ці абмежаванні?

– Пандэмія ж не сёння пачалася, таму выконваем тыя меры бяспекі, якія былі распрацаваны яшчэ раней. Па заводзе перамяшчацца абавязкова трэба ў масках, нават на прахадной могуць заўвагу зрабіць, калі ідзеш без маскі…

Старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук
таксама лічыць, што сёння ніякай «перадзабастовачнай сітуацыі» ў краіне няма.

– Пра якую забастоўку можна казаць, калі ўсе людзі запалоханы? – кажа прафсаюзны лідар. – У мінулым годзе, дарэчы, была не забастоўка рабочых, а пратэст людзей супраць несправядлівых выбараў і гвалту. У тым ліку пратэставалі і рабочыя. Тут спрацаваў у першую чаргу палітычны чыннік.

Калі казаць пра страйкі рабочых, то там істотную ролю іграе эканамічны чыннік, але сёння мы не бачым у краіне ніякага калапсу эканомікі. Няма абвалу заробкаў, і гэта відавочны факт. Яны на многіх прадпрыемствах калі не павялічваюцца, то дакладна не зніжаюцца. Тым больш на стратэгічных заводах. Беларускі экспарт вырас на 30 працэнтаў, мы ж бачым, якая кан’юнктура цэн на калійныя ўгнаенні.

Таму ніякіх падстаў для сацыяльных хваляванняў няма. Сёння не выпадае казаць, што хтосьці гатовы страйкаваць. Тым больш што прыняты папраўкі ў Працоўны кодэкс, якія прадугледжваюць адказнасць за заклікі да страйку. Магчыма не толькі звальненне, але і ўзбуджэнне крымінальных спраў.

У такой сітуацыі найперш трэба думаць пра тое, каб не падстаўляць людзей нейкімі заклікамі. Асабліва, калі гэтыя заклікі ідуць ад тых, хто знаходзіцца за межамі Беларусі. Гэта больш падобна на нейкую правакацыю. Нельга так рабіць!

Але пакуль не скончыцца ціск уладаў на рабочых і прафсаюзы па палітычных прычынах, усё часцей у той ці іншай форме будуць з’яўляцца заклікі да сацыяльнага пратэсту. Таму што палітыка тэрора – гэта анамалія для любой дзяржавы ў XXI стагоддзі.

P.S. Дарэчы, да ініцыятывы С.Дылеўскага і тых, з кім ён у кантакце, скептычна паставіліся многія іншыя апазіцыйныя структуры, якія знаходзяцца ў Варшаве і Вільнюсе.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»