Калонка Алеся Няўвеся
Калонка Алеся Няўвеся

У Гомельскім раёне дырэктар школы фіктыўна аформіў на працу чатырох чалавек і сем гадоў атрымліваў за іх зарплату. Гэткім чынам ён прысвоіў звыш 67 тысяч рублёў.

Мабыць, аўтар «Мёртвых душ» –
Чарадзей вялікі Гогаль –
Атрымаць харошы куш
Падбухторыў педагога.
Ён не проста педагог,
А яшчэ й дырэктар школы,
І таму хадзіць не мог
На работу «босы-голы»,
Бо ў настаўнікаў у нас
Невялікія зарплаты.
Так што куш яму – якраз,
Будзе ён цяпер багаты.
Багацеем стаў, калі
Сам прыдумаў тыя душы,
Што, вядома, не маглі
Пацягаць дзяцей за вушы
Ці наведаць педсавет.
Ды, прынамсі, на паперы
Працавалі ўсе як след,
Мелі ўрокаў да халеры.
А банкноты іх зарплат,
Так сказаць, ажно кішэлі
(Бо было задужа шмат)
У дырэктарскай кішэні…
Дзень пры дні і з года ў год
Прадаўжалася афёра.
Ні пакут і ні згрызот
(А тым больш бяды ці гора)
Знаць не знаў дырэктар. Ён
Вельмі рады быў халяве
І разлічваў, што мільён
Так «заробіць» неўзабаве.
І нібы халодны душ
Астудзіў імпэт ягоны:
Пра зарплаты мёртвых душ
Нейк празналі пінкертоны
І прыджгалі спадцішка

На так званыя заняткі,
І грашовая рака
Перасохла. Вынік гадкі.
Як пасадзяць у турму,
Шкадаваць ніхто не стане.
Ды задам я не яму
Рытарычнае пытанне:
Ні ў РАНА, дзе шмат чынуш,
Ні калегі з педсавета
Не адчулі мёртвых душ?
Мне паверыць цяжка ў гэта…

***

Кожны ведае, дальбог,
Што шчыруюць педагогі,
Каб ніхто з дзяцей не мог
Збочыць з правільнай дарогі.
Ды вярэдзіць думка клёк:
Больш наплодзіцца крамолы,
Як засвояць вучні ўрок,
Што ім даў дырэктар школы.

Сур’ёзнае пытанне

Муж не стары яшчэ, але ж
Яго за ўчынены грабеж
Заканапацілі ў турму.
І жонка з роспаччу яму
Сказала неяк на спатканні:
– Сур’ёзныя ў дзяцей пытанні…
Я й не заўважыла, калі
Яны, гарэзы, падраслі…
Муж – вочы долу вінавата:
– Распытваюць яны, дзе тата?
– Ды не! Бо ведаюць даўно.
А зрэшты, ім усё адно.
Ім грошы трэба для забаў.
Пытаюць, дзе ты ўсё схаваў…

Разумная і прыгожая

Мая парада дапаможа
Стаць і разумнай, і прыгожай.
Удосталь мецьмеш пекнаты,
Калі людзей напоіш ты.
Разумнай стаць? Праблем няма:
Напіся ўдостатку сама.

«Мала дорым…»

Мужчынамі набіта зала.
Падумала кабета гэтак:
«На жаль, мужчынам дорым мала
Дэзадарантаў і шкарпэтак…»

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»